Плыні Бярэзіны

№ 13 (933) 27.03.2010 - 02.04.2010 г

У Бабруйскай выставачнай зале дэманструюцца творы ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, вядомага мастака Уладзіміра Дамарада (1919 — 2005 гг.) і яго сына, мастака-манументаліста і жывапісца-станкавіста, вучня Г.Вашчанкі і У.Стальмашонка, Сямёна Дамарада. Экспазіцыя прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Аляксандравіча і 40-годдзя творчай дзейнасці яго сына.

 

/i/content/pi/cult/256/3820/13-6.jpgУладзімір Дамарад - выхаванец Віцебскага мастацкага вучылішча. З першых дзён вайны быў на фронце снайперам, кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны. Але і там, на перадавой, не расставаўся з алоўкам і блакнотам. Частка франтавых замалёвак захавалася да сённяшняга дня. Калісьці я бачыў іх у бабруйскай майстэрні Уладзіміра Аляксандравіча. Многія з іх былі пакладзены ў аснову жывапісных і графічных кампазіцый "Хлеб партызанам", "Партызанскія весткі", "Думы салдата", "Не вярнуліся". Але на выстаўцы прадстаўлены толькі некалькі партрэтаў, акварэльныя лірычныя і індустрыяльныя пейзажы, прысвечаныя прыродзе роднай Бабруйшчыны: творца вельмі любіў маляваць знаёмыя з дзяцінства лясныя сцежкі і жывапісныя плыні Бярэзіны, старыя завулкі і ўтульныя домікі ў зеляніне дрэў Бабруйска, баржы і прычалы, сілуэты катэраў і рыбацкіх лодак, магутныя краны на фоне бязмежнай прасторы неба.

 Падкрэслю, што ў жанры індустрыяльнага пейзажа У.Дамарад быў у свой час адным з лепшых акварэлістаў. Сямён Дамарад, манументаліст па прафесіі, аўтар многіх вітражоў, мазаік і роспісаў, апошнія 15 гадоў аддае пераважна станковаму жывапісу. У яго творчасці ёсць фігуратыўныя палотны "Камяні", "Бераг", "Зачараванне", "На роднай зямлі", "Адвечнае" (у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі), але ўсё ж яго галоўная любоў - лірычны пейзаж радзімы, Бабруйшчыны: відаць, выяўляюцца бацькоўскія гены. Лепшыя яго творы ў гэтым жанры - жывапісныя песні-роздумы пра родную зямлю ў розныя часы года і дня, пра тое, што нават у простым матыве прыроды можна ўбачыць цудоўнае, дзівоснае, што заўсёды сагравае душу чалавека. Аб гэтым- пейзажы "Летнія травы", "Водар дзяцінства", "Майскі дождж", "Дарога дадому", "Вялікая вада", "Зімовае змярканне".

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"