Свабодны палёт і тэзіс дзённіка

№ 13 (933) 27.03.2010 - 02.04.2010 г

Адной з найбольш яркіх артпадзей сакавіка стала выстаўка жывапісу Наталлі Залознай “Свабодны палёт”, якая працавала ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

 

/i/content/pi/cult/256/3819/12-3-ann.jpgПа волі лёсу, кіраўніком дыплома і настаўнікам Н.Залознай стаў Май Данцыг. Наталля атрымала дыплом "з адзнакай". З моманту сваёй першай выстаўкі "На галерэі" ў 1992 г. стыль яе шмат разоў змяняўся, але "ўнутраны стрыжань" дапамагаў ёй у любой сітуацыі. Моцнае ўражанне на маладую мастачку аказаў польскі жывапіс. Магчыма, таму на пачатку 1990-х у тэматыцы работ Залознай з'явілася містычнасць з характэрнай карычнева-шэрай каларыстычнай гамай і цудоўнай паветранай перспектывай. Паступова творца перайшла да вялікіх фарматаў з ілюзіяй двухвымернасці ў аналагічнай вохрыстай гаме з дробнымі элементамі прасторы, дзе, дарэчы, з'явіліся першыя тэксты. Знакавай работай новай канцэптуалісткі стала "Бібліятэка" з распісанымі камянямі і літарамі, што луналі ў выставачнай прасторы.

Пасля паездкі ў Іерусалім з'явілася серыя "Іерусалімская бібліятэка", дзе прасторавая структура - тры пласты рукапісаў на шкле, накладзеныя адзін на адзін, - стварыла поўную ілюзію прысутнасці, "калодзежа з пластамі мінулага": магілай Давіда, Тайнай вячэрай і мячэццю. "Лісты з Арля" - шэраг палотнаў, што з'явіліся пасля наведання горада Ван-Гога. Усведамленне мастачкай татальнай адзіноты і трагізму існавання вялікага мастака ўзмацнілася дзякуючы выстаўцы Ф.Бэкана, прысвечанай В.Ван-Гогу. На работах - тэксты з дзённіка постімпрэсіяніста. У экспазіцыі прысутнічала таксама серыя "Горад пяску" - папера, наклееная на палатно ў каларыце пустэльняў Поўдня. Але найбольш эфектнымі можна лічыць работы апошніх двух гадоў: "Свабодны палёт", "Люстэрка", "Калі б вечны вандроўнік...". Перспектывы начных вуліц з вышыні птушынага палёту часам нагадваюць знаёмы па галівудскім кіно від з шашы Малкхоланд - Драйв, ёсць і вырашаныя ў падобнай манеры вежы нашай Прывакзальнай плошчы. "Тэма, над якой я працую цягам апошніх гадоў, - кажа Наталля Мікалаеўна, - гэта тэма пабудовы бясконцай прасторы: прасторы без межаў, прасторы бязважкасці, дзе няма зямной цвердзі пад нагамі, дзе няма межаў паміж небам і зямлёй, дзе зямля і неба - непадзельныя. Гэтай тэме больш за ўсё пасуе цытата з твора Хорхе Луіса Борхеса: "Калі прастора бясконцая, то мы знаходзімся ў любой кропцы гэтай прасторы; калі час бясконцы, то мы знаходзімся ў любой кропцы часу..."

Міхась МІРОШНІКАЎ