“Завяршае” карціну... глядач

№ 13 (933) 27.03.2010 - 02.04.2010 г

Кажуць, творца пачынаецца з любові да роднага краю, які зачароўваў яго шчабятаннем птушак, шапаценнем ветру, шолахам дажджу, водарам кветак. Я дапоўню: мастак стварае, пакуль любіць зямлю, што нарадзіла яго. Валяр’яна Жолтак, памятная выстаўка работ якой пад назвай “Кола часу”, прымеркаваная да 90-годдзя з дня яе нараджэння, сёння экспануецца ў Нацыянальным мастацкім музеі, і ёсць такі творца. Родная Беларусь заўсёды была ў ейным сэрцы. 10 гадоў прайшло, як няма з намі Валяр’яны Канстанцінаўны, але яе шчыры голас і сёння нагадвае нам аб чымсьці важным і дарагім, што трэба вельмі цаніць у нашым няпростым жыцці.

 

/i/content/pi/cult/256/3818/12-1.jpgУваходзіш у залу - і адразу трапляеш у стыхію фарбаў. Колер тут - і тонкая лірыка, і ціхая напеўнасць, і пяшчотныя акорды пачуццяў. Ён- сэнс формы твораў, іх мова ў гутарцы з гледачом. Мастацтва жывапісу ў нечым блізкае паэтычным радкам - мабыць, дзякуючы лаканічнасці і выразнасці думкі, магчымасці выказацца сцісла і вобразна. Нацюрморты і пейзажы В.Жолтак, напрыклад, аб вясне, нагадалі цудоўныя, здзіўленарадасныя купалаўскія вершы: "...Чуецца музыка дзіўная ў повесцях сонных імшараў... Цешыцца явар з калінаю, скінуўшы зімнія чары..." Творчасць мастачкі - гэта, перш за ўсё, гуманізм з яго высокім натхненнем і чысцінёй душы. Канешне, з часу заканчэння знакамітага Віцебскага мастацкага вучылішча (гэта было ў 1939 годзе), яе творчасць змянялася і тэматычна, і стылістычна: яна пісала фігуратыўныя карціны пра вайну і жыццё дзяцей, пейзажы, нацюрморты, займалася сцэнаграфіяй, але мастакоўская душа па сваёй дабрыні, шчырасці, чалавечнасці заставалася нязменнай цягам усяго жыцця.

 Старыя горцы вучылі Расула Гамзатава: "Аб усім могуць расказаць толькі ўсе. А ты раскажы аб сваім, тады і атрымаецца ўсё..." Вось Валяр'яна Жолтак і расказала "ўсё" ў сваіх бліскучых натюрмортах і "ціхіх" пейзажах пра прыгажосць радзімы, пра вясну і восень, пра зіму і лета. Калісьці я спытаў Валяр'яну Канстанцінаўну, чаму менавіта нацюрморт і пейзаж займае ў ейным мастацтве галоўнае месца. Яна адказала (запіс захаваўся ў маім блакноце): "Я лічу, што ў гэтых жанрах, у гэтых кавалачках жыцця можна перадаць амаль усё: настрой чалавека, свет ягоных пачуццяў, каханне, радасць, журбу. Ім уласціва асаблівая эмацыянальнасць, гнуткасць пластычных сродкаў, інтымная размова аб прыгажосці ўсяго таго, што нас акружае. Асэнсаванне простых рэчаў як часцінак рэчаіснасці робіць для мяне гэтыя жанры абвостранай гаворкі з жывой натурай надзвычай змястоўнымі". I сапраўды, нават у нацюрмортах В.Жолтак прысутнічае чалавек - з ягонымі думкамі, з яго буднямі і святамі. Яна ўмела "ўпісаць" у кампазіцыю, свайго лірычнага героя. А герой гэты - сама мастачка, і глядач - таксама, які самастойна актыўна "завяршае" карціну сваёй фантазіяй. А як жа інакш?

 Падкрэслю, што спакойны, стрыманы настрой нацюрмортаў В.Жолтак ідэальна адпавядаў яе характару, схільнаму да роздуму. Для яе ў мастацтве галоўным было - убачыць незвычайнае ў звычайным. Насычаныя гучныя фарбы, дэкаратыўнасць, прыўзнятасць, святочнасць - адметныя рысы яе выяўленчай палітры. Цікава паспрабаваць па творах уявіць сабе асобу мастака. Бо таленавітыя палотны ўмеюць расказваць аб свеце творцы, аб тым, чаму ён узяўся за пэндзаль. Возьмем, да прыкладу, раннюю восень з палаючымі гронкамі рабіны на фоне беларускай посцілкі. Так і бачыш: мастачка імкнулася імгненна схапіць і на вякі захаваць увесь гэты мажор фарбаў. Маленькі кавалачак вялізнага прыгожага свету, кароткі лірычны верш у жывапісе! Сказана ўсяго некалькі "слоў", але як: з вельмі цёплым пачуццём, мяккай задушэўнасцю. У творах В.Жолтак - непасрэднасць і чысціня светаўспрымання, складаны сплаў настрою. I выкананы яны з вялікім жывапісным майстэрствам, з тонкім адчуваннем каларыту. Лічу, менавіта ў жанры нацюрморта Валяр'яна Канстанцінаўна і да сённяшняга дня застаецца ў беларускім жывапісе адным з найлепшых паэтаў Любові і Радасці...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"