Стары сад адпачывае

№ 13 (933) 27.03.2010 - 02.04.2010 г

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь на выстаўцы новых паступленняў “Экспануецца ўпершыню”, пра якую “К” пісала ўжо, знаходзяцца работы выдатнага мастака Міхаіла Горшмана: 13 з 47, якія ў мінулым годзе музей атрымаў у дар. У зале з мноствам экспанатаў яны сабраны ў асобны блок. Гэтыя акварэлі, аўталітаграфіі, малюнкі і некалькі работ, выкананых алеем, можна ўспрымаць правобразам аўтарскай выстаўкі мастака — першай у Беларусі.

 

/i/content/pi/cult/256/3817/12-2.jpgМіхаіл Яфімавіч (Мэндэль Хаімавіч) Горшман (1902 - 1972 гг.) - у шэрагу найбуйнейшых мастакоўграфікаў савецкага часу. У развіццё гэтага віду мастацтва ён унёс свой важкі ўклад. Дасканала засвоіўшы размаітыя выяўленчыя сродкі графікі, Міхаіл Горшман стаў выбітным майстрам кніжнай ілюстрацыі, аб чым сведчаць работы да твораў Шалом-Алейхема, І.Бабеля, А.Пушкіна, Л.Талстога, Янкі Купалы, Якуба Коласа... Ілюстрацыі М.Горшмана зачароўваюць вытанчанасцю і артыстызмам, яны пазнавальныя і па тэхніцы, і па свабодным валоданні кампазіцыяй. Талент мастака не менш яскрава выявіўся ў акварэльным жывапісе. Яго пейзажы прасякнуты трапяткім лірызмам. Чуйнасць і ўважлівае вока партрэтыста дакладна фіксавалі характар і стан душы мадэлі, што віртуозна выяўляліся на аркушы паперы. У Беларусі імя мастака амаль не вядомае. А, між тым, ён нарадзіўся ў Барысаве, жыў там да юначых гадоў. Перш чым выправіцца ў Расію, год пражыў у Мінску, выконваючы даручэнні ўласніка адной крамы.

На пачатку 1930-х, калі за плячыма быў ВХУТЕМАС, з яго настаўнікамі- Фаворскім, Мітурычам, Купрыянавым, і напрыканцы 1950-х, калі адбылося сталенне майстра, ён прыязджаў на радзіму да родных і стварыў серыі партрэтных і пейзажных работ... Творы менавіта з гэтых серый, напісаныя ў Беларусі - Барысаве, Мінску, Смаргоні, - музей летась атрымаў у дар. Тое, што ў экспазіцыі выстаўлена невялікая колькасць работ з яго багатай творчай спадчыны, мае свой станоўчы бок: не спяшаючыся, уважліва можна разгледзець кожную з іх. Ад пейзажных акварэлей сыходзяць святло, спакой. "Старыя яблыні" (1958 г., Смаргонь): край - у палоне цыклону; скрозь галіны бачная шэрая прастора неба, трава ўспыхвае зялёным пад пробліскам сонца. Шэры, зялёны, блакітны - вызначальныя тоны ў каларыце акварэлі. Прыхаваны смутак: лета заканчваецца... Стары сад адпачывае... Партрэты. Чым больш углядаешся ў іх, тым больш узмацняецца адчуванне жывога сумоўя з асобамі людзей. У іх - інтэлект, напружанне духоўнай работы.

Перад гледачом - узоры найвышэйшага майстэрства: "Смаргонскі хлопчык", "Партрэт Ігара Куцэнкі"... Асобна ў партрэтным шэрагу стаяць работы, напісаныя алеем, створаныя ў Барысаве ў 1932 г.: партрэт маці і партрэты людзей, якія былі мастаку цікавымі, - лясніка Кацярыныча, паштаркі Броні. Творы Горшмана дэманструюцца ўпершыню не толькі ў гэтай экспазіцыі, але наогул першы раз выстаўляюцца на публіцы. Варта сказаць пра асобу таго, хто перадаў у дар музею гэтыя работы: сына мастака- Аляксандра Горшмана. Больш за 40 гадоў ён займаецца вывучэннем рускай вайсковай і цывільнай уніфармалогіі, фалерыстыкі і ўзбраення канца XVIII- першай паловы XIX ст. Шэраг персанажаў на "партрэтах невядомых" у Нацыянальным гістарычным і Нацыянальным мастацкім музеях Рэспублікі Беларусь знайшлі сваё імя, дзякуючы дапамозе даследчыка.

 Ірына ЗВАРЫКА, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь