Бліскучы сезон

№ 13 (933) 27.03.2010 - 02.04.2010 г

Найярчэйшыя тэатральныя падзеі 2010-га будуць адзначаны напрыканцы года ў час нацыянальнага агляду тэатральнага мастацтва, а самыя прафесійныя рэжысёры, драматургі, акцёры атрымаюць Нацыянальную тэатральную прэмію. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Міжнароднаму дню тэатра.

"У Міжнародны дзень тэатра хочацца адзначыць, што сёння Беларусь са сваімі традыцыямі тэатральнай школы запатрабаваная і кампліментарна ўспрынята на міжнароднай арэне. Нам падавалася, што мінулы год быў найбольш актыўны ў плане міжнароднай дзейнасці, - адзначыў Уладзімір Рылатка, але 2010-ы распачаўся проста бліскуча: мы даказалі за мяжой самастойнасць беларускай тэатральнай школы. Сёлета тэатры рэспублікі зробяць амаль 150 выездаў у іншыя краіны. Прыкладна 65-70 гастрольных паездак прыпадуць на Расійскую Федэрацыю. Увогуле ж, геаграфія налічвае каля 20 краін". Што да рэпертуарнай палітыкі гэтага года, то, па словах У.Рылаткі, усе нашы тэатры звернуцца да тэмы Вялікай Перамогі. "З задавальненнем падтрымаем пастановачныя праекты маладых рэжысёраў", - падкрэсліў першы намеснік міністра культуры. На прэс-канферэнцыі адзначана таксама, што ў другой палове гэтага года ўступіць у сілу новы эканамічны механізм фінансавання тэатраў.
З аднаго боку, ён гарантуе ўстановам устойлівую фінансавую падтрымку, а з іншага - не будзе абмяжоўваць іх у сваёй дзейнасці, дасць магчымасць зарабляць грошы, якія можна выкарыстаць на свае патрэбы. Па словах генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Паўла Палякова, сваё 90-годдзе ў верасні тэатр сустрэне яшчэ ў старым будынку. А пасля, чакаючы завяршэння рэканструкцыі, будзе ставіць спектаклі на іншых мінскіх пляцоўках. Працу з Кшыштафам Занусі чакае Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага. Яго кіраўнік Эдуард Герасімовіч з гонарам адзначыў, што і ўласныя праекты тэатра - вельмі паспяховыя. Білеты ж на прэм'еру спектакля "Пане Каханку" на ўвесь наступны месяц распрададзены.