Для інтарэсаў дзяржавы ў свеце

№ 13 (933) 27.03.2010 - 02.04.2010 г

Удзел Беларусі ў Сусветнай выстаўцы “ЭКСПА-2010” у Шанхаі пашырыць супрацоўніцтва з КНР, умацуе імідж нашай краіны на міжнароднай арэне, будзе садзейнічаць рэалізацыі навуковых, эканамічных, культурных інтарэсаў дзяржавы ў свеце. Пра гэта заявіў Прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе разглядаўся ход падрыхтоўкі Нацыянальнай экспазіцыі Беларусі да “ЭКСПА-2010”. Таксама, па словах Прэм’ера, чакаецца, што выстаўку наведае Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.

Намеснік Прэм'ер-міністра Віктар Бура, які ўзначальвае аргкамітэт па падрыхтоўцы Беларусі да значнай падзеі, адзначыў у час пасяджэння, што ўжо заключаны дагаворы на пастаўку неабходных тавараў і паслуг, якія будуць прадэманстраваны наведвальнікам, іх цяпер адпраўляюць у Кітай. Плошча Нацыянальнага павільёна Беларусі складае каля тысячы квадратных метраў, і знаходзіцца ён у вельмі прэстыжным месцы экспазіцыі. Але прэзентацыя нашай краіны была б няпоўнай без выступленняў творчых калектываў. На адкрыцці Нацыянальнага павільёна на Сусветнай выстаўцы брэсцкі Заслужаны аматарскі калектыў "Радасць" пакажа праграму "Каляндарна-абрадавы цыкл года".

Пра гэта паведаміў карэспандэнту "К" кіраўнік ансамбля, народны артыст Беларусі Анатоль Вараб'ёў, які працуе з "Радасцю" ўжо амаль паўстагоддзя, пачынаючы з 1962-га. Начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Бысюк упэўнены, што выбар гэтага ансамбля для такой падзеі не выпадковы: "Радасць" - адзін з самых вядомых у вобласці і ў краіне калектываў, ён знакавы, яго канцэртаў чакаюць, а ўдзельнікаў паважаюць". Выступленні на міжнароднай арэне для калектыву - не ў навіну: Кітай стане 35-й краінай у геаграфіі "Радасці". "Адкрыццё Нацыянальнага павільёна, - кажа А.Вараб'ёў,- ганаровая, адказная і прыемная падзея. Паедзе ў кітайскі горад 21 чалавек. Яны выканаюць фальклорна-абрадавыя замалёўкі, у якіх адлюстраваны традыцыі Беларусі".