Сымонавы нашчадкі

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

Даўно прапісаўся ў Стоўбцах фестываль юных музыкантаў, імя якому дала паэма Якуба Коласа “Сымон-музыка”. Сёлета ён прайшоў у васемнаццаты раз і адметны тым, што прысвячаўся 125-ым угодкам з дня нараджэння слыннага Песняра. Фестываль становіцца прэстыжным конкурсам для юных выканаўцаў — сёлета ў ім прынялі ўдзел 170 вучняў з 48 школ мастацтваў Мінскай, Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай абласцей і сталіцы.

 /i/content/pi/cult/117/381/Symonavy.jpg
 Гарэзяць юныя артысты ансамбля “Аношкі” з Нясвіжчыны.
Фестываль папулярызуе музыку і інструментальную творчасць — у трох залах адначасова ішло конкурснае праслухоўванне юных музыкантаў, якія выконвалі на фартэпіяна, скрыпцы, віяланчэлі, баяне, акардэоне, цымбалах, гітары, домры, балалайцы класічныя творы, а таксама — музыку беларускіх аўтараў, апрацоўкі беларускіх народных песень і танцаў. Спаборнічалі паміж сабою не толькі індывідуальныя выканаўцы, але і музычныя дуэты, трыо, інструментальныя ансамблі — усім ім трэба было выканаць дзве рознахарактарныя п’есы.

Гэта было вельмі прыгожае і кранальнае дзейства. Каб пасадзіць самых маленькіх удзельнікаў конкурсу за фартэпіяна — сямігадовых юных музыкантаў з падрыхтоўчых аддзяленняў, — выкладчыкам даводзілася падкладваць ім пад ногі падстаўкі і “нарошчваць” крэслы. Аднак таленавітым навучэнцам пад сілу было выканаць па памяці п’есы Баха і Моцарта. Дэманстрацыя такой сілы волі і вялікай працы пры наяўнасці музычнага дару выклікала захапленне залы.

Майстэрства юных выканаўцаў ацэньвала журы ў складзе выкладчыкаў Мінскага вучылішча мастацтваў і Баранавіцкага музычнага вучылішча. Узначаліў журы член Саюза кампазітараў Беларусі Алег Чыркун. У складзе журы быў і яшчэ адзін кампазітар, выкладчык Баранавіцкага музычнага вучылішча Уладзімір Грушэўскі, які пасля конкурснага праслухоўвання паказаў майстар-клас.

Гран-пры конкурсу прысуджаны ансамблю народных інструментаў Мастоўскай дзіцячай музычнай школы Гродзенскай вобласці і ансамблю скрыпачоў Заслаўскай школы мастацтваў. Лепшыя выканаўцы, якія сталі пераможцамі і прызёрамі, узнагароджаны дыпломамі і падарункамі, аб якіх паклапаціўся аддзел культуры Стаўбцоўскага райвыканкама.

Творчы конкурс закончыўся гала-канцэртам у гарадскім Доме культуры. У ім прынялі ўдзел лаўрэаты і прызёры ХVІІІ Стаўбцоўскага рэгіянальнага фестывалю юных музыкантаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ
Стоўбцы
Фота Васіля ЗЯНЬКО