Са школы юнгаў

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Днямі Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Труса падрыхтавала і правяла тэматычны вечар “Роднай краіны надзейная абарона”.

 

Удзельнікамі свята сталі члены клуба "Залаты ўзрост", які дзейнічае пры бібліятэцы з 1996га. А з мінулага года пасяджэнні клуба праходзяць сумесна з раённым Саветам ветэранаў вайны і працы. На чарговую сустрэчу былі запрошаны ўдзельнікі баёў Вялікай Айчыннай вайны з Уздзеншчыны: Уладзімір Парабковіч, Іван Нікалаевіч, Міхаіл Безвадзіцкі, Вера Браслаўская. Так, напрыклад, Уладзімір Парабковіч шаснаццацігадовым юнаком трапіў у школу юнгаў Паўночнага флоту на Салавецкіх астравах. Гэтым разам ён прынёс у падарунак бібліятэцы кнігу Валерыя Мазуркевіча "Дорогами войны на море и на суше" - зборнік успамінаў маракоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, які выйшаў у свет у 2008 годзе. Не адна старонка гэтай кнігі прысвечана Парабковічу. Уладзімір Яфімавіч з цеплынёй дзяліўся з гасцямі клуба ўспамінамі аб незабыўных гадах маладосці, абпаленых вайной. Аднымі з самых актыўных удзельнікаў шматлікіх мерапрыемстваў, што ладзяцца ў бібліятэцы, з'яўляецца сям'я Махначоў - Аляксандр і Яўгенія. Цягам 12-гадовай дзейнасці клуба радуюць яны прысутных песнямі, вершамі, якія прысвячаюць розным падзеям і тэмам пасяджэнняў. Так было і гэтым разам.

Аксана ДРАЧАН, дырэктар Уздзенскай ЦБС