Напрыклад, пры дзіцячым аддзеле цэнтральнай раённай бібліятэкі надзвычай актыўна дзейнічае ўзорны тэатр лялек "Вясёлка". Аддзелам цягам амаль трыццаці гадоў кіруе Валянціна Куруленка. Яна ж з'яўляецца заснавальнікам і рэжысёрам тэатра, які цудоўна ведае ўся раённая дзятва. Справа ў тым, што "Вясёлка" нястомна гастралюе па дзіцячых садках і школах Чэрыкаўшчыны і няблага пры гэтым зарабляе. Прынамсі, план па аказанні платных паслуг насельніцтву дзіцячы аддзел райбібліятэкі пастаянна выконвае. Неаспрэчная заслуга ў гэтым - Валянціны Куруленка... Дарэчы, у маі "Вясёлцы" - 20 гадоў. Галоўным у яе рабоце Валянціна Куруленка лічыць выяўленне творчага пачатку і развіццё таленту ў кожным з "вясёлкаўцаў". А гэтая справа - таксама прыбытковая: многія з былых тэатралаў, як сцвярджае начальнік аддзела культуры Чэрыкаўскага райвыканкама Кацярына Каркозава, абралі для сябе творчую прафесію і працуюць ва ўстановах культуры раёна.
На здымку: кіраўнік дзіцячага аддзела Чэрыкаўскай цэнтральнай райбібліятэкі Валянціна Куруленка. Фота аўтара