Каптур “ад куцюр”

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Важным элементам жаночага строю ва ўсе часы з’яўляўся галаўны ўбор. Ён меў не толькі сацыяльны і эстэтычны сэнс, але і этычны. Здаўна лічылася за ганьбу хадзіць жанчыне з непакрытай галавой. Такая традыцыя ідзе з часоў язычніцтва, калі пакрыванне галавы азначала абарону самой жанчыны і яе блізкіх ад Ліха — міфічнай істоты ў выглядзе хударлявай, аднавокай жанчыны, якая нясе бяду і гора. Увогуле, жаночыя валасы лічыліся небяспечнымі для навакольных, і ў першую чаргу — для мужчын, з’яўляючыся сімвалам спакусы. Невыпадкова вядзьмарак і русалак народная традыцыя малюе з доўгімі распушчанымі валасамі.

 

/i/content/pi/cult/255/3805/14-1.jpgУ залежнасці ад узросту і статуса галаўныя ўборы прызначаліся асобна для дзяўчын і замужніх жанчын. Таксама адрозніваліся яны ў вясковых жанчын і гараджанак, простага люду і знаці. У прыватнасці, дзяўчынкі-падлеткі нярэдка насілі валасы распушчанымі або запляталі іх у адну касу. Сярод жаночых галаўных убораў вылучаліся тры асноўныя віды: вяночкі, каптуры, ручніковыя ўборы. Вяночкі лічыліся выключна дзявочымі галаўнымі ўборамі. Яны звычайна рабіліся з бяросты або лубу, абцягваліся тканінай або скурай. У сваю чаргу, каптуры былі з тканіны, скуры і лямцу, а іх аснова- з лубу ці бяросты. Спераду чапцы ўпрыгожваліся дробнымі рознкаляровымі шклянымі пацеркамі, а па баках - скроневымі кольцамі, адным з асноўных паказчыкаў этнічнай прыналежнасці. Скажам, жанчыны племені крывічоў насілі бранзалетападобныя, у дрыгавічоў- дротавыя, з нанізанымі круглымі пацеркамі, у радзімічаў- сяміпрамянёвыя. У гарадскіх жанчын каптуры па баках нярэдка ўпрыгожваліся колтамі. Апошнія, у прыватнасці, выяўлены ў раскопках гарадзішча Вішчын. З надыходам халадоў жанчыны зверху асноўнага галаўнога ўбору насілі ручніковыя галаўныя ўборы. У летапісах яны называліся павоямі, ці абрусамі. Іх даўжыня часам дасягала 2 м, а шырыня - амаль паўметра. Уявіць знешні выгляд павояў можна па фрэсках. Знаходкі ручніковых убораў вядомыя і па раскопках курганоў. У прыватнасці, покрыў з лёгкай тканіны быў знойдзены ў пахаванні дзяўчыны пад час раскопак Мінскага замчышча.

Насілі ў тыя часы і хусткі, якія завязваліся пад падбародкам. Убор накшталт хусткі выяўлены ў кургане каля Віцебска. Мініяцюры Радзівілаўскага летапісу падаюць і турбанападобныя галаўныя аздобы, якія насілі тады ў Заходняй Еўропе. Археалагічны матэрыял дае велізарную інфармацыю і пра ўпрыгожанні тагачасных жанчын, што насіліся ля скроняў, на грудзях і на руках. Да скроневых упрыгожанняў можна аднесці згаданыя вышэй колты і скроневыя кольцы. Але сустракаліся апошнія з нанізанымі на дрот сердалікавымі або шклянымі пацеркамі. Замест скроневых кольцаў маглі выкарыстоўваць лунніцы- упрыгожанні ў выглядзе паўмесяца. Гісторыкамі выяўлены нават тыя з гэтых вырабаў, што створаны з рыбных пазванкоў, нанізаных на дрот. Да ліку нагрудных упрыгожанняў адносяцца падвесці, шыйныя грыўні, фібулы і шпількі. Падвескі насіліся на скураных шнурках або на ланцужках. Апошнія былі характэрны для Поўначы Беларусі, дзе балтыйскі ўплыў адчуваўся ў большай ступені. Даўжыня такога ланцужка магла дасягаць 1 метра. І ўсё ж самымі пашыранымі на тэрыторыі Беларусі ўпрыгожаннямі былі падвескі-амулеты. Спецыялістам вядома больш за 200 іх відаў. Падвескі выраблялі з каляровага металу, косці, бурштыну. Даволі распаўсюджанымі былі варыяцыі ў выглядзе конікаў і лунніцы, а таксама ключыкаў, рыбак, лыжачак, сякерак, якара, крыжыка, жывёліны або яшчэ нейкай істоты. У шырокім ужытку былі ў старажытнасці і падвескі-змеевікі. Яны ўяўлялі з сябе вялікія манетападобныя падвескі. На адным баку іх змяшчалася хрысціянская выява, на другім- змеепадобная кампазіцыя (відарыс чалавечай галавы або паўфігуры ці поўнай фігуры, абкружанай змеямі).

Такія экземпляры знойдзены пад час раскопак у Ваўкавыску, Брэсце і Чачэрску. Распаўсюджанымі ў тыя часы былі і падвескі-бразготкі. Яны вырабляліся з бронзы або білону. Бразготкі ўваходзілі ў склад караляў разам з пацеркамі, прымацоўваліся да паясоў, галаўных убораў, нашываліся на адзенне, абутак, выкарыстоўваліся замест гузікаў. Такія падвескі лічыліся сімвалам Перуна. Невыпадкова іх насілі для аховы ад злых духаў. Вырабляліся падвескі і з іклаў драпежных звяроў: мядзведзя, ваўка. Яны вядомы па раскопках у Полацку і Слуцку. Сярод падвесак нямала крыжыкаў з каляровага металу (срэбра, бронзы, волава), сланца, бурштыну. Вельмі шырока на нашых землях былі распаўсюджаны і пацеркі. Археолагам сустракаліся шкляныя, бурштынавыя, а таксама вырабленыя з горнага крышталю і сердаліку. Сустракаюцца пацеркі з костачак слівы і рыбных пазванкоў, але яны маглі належаць ці то надта беднай жанчыне, ці то падлетку. У ХІІ стагоддзі фібулы былі не толькі зашпількай на вопратцы, але яшчэ і элементам дэкору. Іх выраблялі з бронзы, білону, срэбра, радзей - з жалеза. Найбольш распаўсюджаная іх форма - падковападобныя. Для зашпільвання вопраткі і дэкору ўжываліся і булаўкі. Яны мелі форму канічнага стрыжня з кольцападобнай галоўкай, з выявай птушкі або жывёліны. Для ўпрыгожання рук выкарыстоўваліся пярсцёнкі і бранзалеты. І тыя, і другія выраблялі з каляровага металу, шкла, бурштыну, косці. Іх разнастайныя формы налічваюць дзесяткі відаў. Адзначым, што сярод іх сустракаюцца і залатыя. Так, падобныя пярсцёнкі знойдзены ў Брэсце, Віцебску, Полацку, Гродне. А залаты бранзалет вагой 75,5 г быў знойдзены ў Мінску. Самую ж вялікую катэгорыю ўпрыгожанняў для рук складаюць шкляныя бранзалеты. Знаходкі гэтых артэфактаў лічацца на сотні. Толькі ў Слуцку іх сабрана больш за 500, а ў Мінску дык увогуле - 1100.

Па каларыстычнай гаме яны прадстаўлены ўсім спектрам вясёлкі, а па фактуры - гладкімі, кручанымі і рабрыстымі вырабамі. З летапісных часоў жанчыны багата часу надавалі дагляду за сваім знешнім выглядам. І ў ХІІ ст. на абшарах нашай краіны яны карысталіся расчоскамі і грабянямі. Расчоскі былі касцяныя, а грабяні - касцяныя і самшытавыя. Знаходзяць і маленькія нажніцы - магчыма, для стрыжкі пазногцяў, капавушкі, вырабленыя з косці, пінцэты. Была вядомая і касметыка. Сведчаннем таму - знаходкі круглых накрывачак пад драўляныя пушачкі для захоўвання румян і бялілаў. Бытавая касметыка таго часу засноўвалася на выкарыстанні прадуктаў жывёльнага паходжання: (малака, сыроваткі, смятаны, мёду, расліннага масла з ільну і канапель, жывёльнага тлушчу), а таксама раслін (гуркоў, капусты, морквы, буракоў). Добра ведалі лекавыя і касметычныя якасці зёлак: рамонку, мяты, валошкі, крапівы. Да прыкладу, карані лопуху ўжывалі для ўмацавання валасоў, а бураком наводзілі румянец на шчоках. Цікава, што першыя рукапісныя звесткі медыцынскага зместу былі вядомыя на Русі ўжо ў ХІ ст. А ў 30-я гады ХІІ ст. унучка Уладзіміра Манамаха - Еўпраксія напісала твор пад назвай "Мазі", дзе былі прыведзены парады па даглядзе за целам.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, кандыдат гістарычных навук, археолаг