Сімвалы Кахання

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Напярэдадні 65-годдзя Перамогі над фашызмам Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны распачаў акцыю “Как молоды мы были... Семейный альбом”, прысвечаную каханню людзей, чый лёс непарыўна знітаваны з тымі страшнымі часінамі.

 

/i/content/pi/cult/255/3803/14-4.jpgПаводле меркавання супрацоўнікаў музея, літаральна ў кожнай сям'і ёсць архіў старых фатаграфій, што маюць велізарную каштоўнасць для спазнання айчыннай гісторыі. Менавіта таму, рыхтуючы выстаўку, прэзентацыя якой запланавана на 4 мая, музейшчыкі звярнуліся да грамадскасці з просьбай прынесці фотаздымкі родных і блізкіх, чые жыццё і маладосць былі аддадзены вайне. Маюць каштоўнасць для ўстановы і сямейныя рэліквіі, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне, ад бацькі - сыну, ад дзеда - унуку. Гэта могуць быць самыя разнастайныя прадметы побыту, у тым ліку вопратка ваенных гадоў, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, цацкі і сувеніры. Як падкрэслілі ў музеі, гэтай сціплай акцыяй напярэдадні знамянальнай даты варта сумесна паспрабаваць закрануць душэўныя струны сямейнага быцця. Гэта будзе даніна светлай памяці мільёнам тых, хто загінуў на франтах Вялікай Айчыннай, даніна падзякі і павагі ўдзельнікам і ветэранам вайны, якія сёння побач з намі.

Тым часам, 12 сакавіка ў сценах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў рамках святкавання 65-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне з удзелам ветэранаў адбылася акцыя-прэзентацыя мастацка-дакументальнага выдання "Іх Подзвіг - бессмяротны". Аўтар альбома - заслужаны работнік культуры Расіі Барыс Ізмайлаў - падрабязна распавёў пра значэнне выдання, прысвечанага помнікам савецкім воінам, якія загінулі ў барацьбе супраць фашызму, што ўсталяваны ў розных краінах свету. Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства адбылася літаратурна-мастацкая: "Вершы, абпаленыя вайной". Да таго ж, напрыканцы акцыі ў жывым выкананні прагучалі мелодыі ваенных гадоў.