Вечнае дыханне “Чалавека ў цыліндры”

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Сярод мастакоў, выхадцаў з Беларусі, якія прынеслі славу сусветнаму мастацтву, імя Аскара Мешчанінава — адно з самых яркіх. Сучаснікі адзначалі яго тонкі, высакародны і ўзвышаны густ, вострае пачуццё рытму і надзвычайную пластычнасць, дасканалае веданне свайго рамяства і заўсёднае імкненне да пошукаў у камені ды бронзе новых нязвыклых форм і вобразаў...

 

/i/content/pi/cult/255/3802/15-1.jpgДа Парыжа рукой падаць!

 Аскар Мешчанінаў нарадзіўся 21 красавіка 1886 г. у Віцебску, з юнацкіх гадоў захапляўся рысаваннем і лепкай чалавечых фігур. Пачынаў вучобу, як і ягоны амаль аднагодак Марк Шагал, у прыватнай мастацкай школе Юрыя Пэна. Потым, у 1905 г., Мешчанінаў дзеля працягу навучання адпрасіўся ў Адэсу, дзе паступіў у мясцовае мастацкае вучылішча і правучыўся там каля двух гадоў. Але штось яму там не спадабалася, і Аскар сеў на параход, які і даставіў яго ў Марсэль. А там - да Парыжа рукой падаць! Свае прафесійныя веды працягваў папаўняць у Школе дэкаратыўных мастацтваў і ў Акадэміі прыгожых мастацтваў, а таксама - у майстэрні вядомага скульптара А.Мерс'е, якую, аднак, хутка пакінуў, бо акадэмічная сістэма выкладання яго перастала задавальняць. Вядома! Парыж, гэты транснацыянальны цэнтр мастацтва, да таго часу ўжо зрабіўся "тварам свету" (паводле Р.Канудо), трывала, надзейна ўзяўшы ў рукі пальму першынства, якую страціла знямоглая на той час Італія. І хто толькі з маладых мастакоў не марыў прыняць удзел у гэтым руху! Працуючы памочнікам скульптара Жазэфа Бернара, Аскар пасяліўся ў легендарным інтэрнаце "La Ruche" ("Вулей"), сябраваў з землякамі- выхадцамі з Беларусі: В.Цадкіным, Ж.Ліпшыцам, Х.Суціным, П.Крэменем, М.Кікоіным. Пад кіраўніцтвам Бернара зрабіў свае першыя сур'ёзныя творы: дзве скульптуры з бронзы і адну - з азіяцкага мармуру. Выставіў іх у Салоне Нацыянальнага таварыства прыгожых мастацтваў у 1908-м. Папулярнасць Мешчанінава ў Францыі расла, бы на дражджах.

 З 1912 г. ён рэгулярна выстаўляецца на Асенніх салонах. Спачатку яго творы сведчылі аб уважлівым вывучэнні старажытнаегіпецкай і ранняй антычнай скульптуры. Але потым раманскае і гатычнае мастацтва ўмацавала імкненне Мешчанінава да лаканічнага абагульнення і сінтэзу, здавалася б, неспалучальных форм у пластыцы. Мастацтвазнаўца Якаў Тугендхоль у часопісе "Аполлон" за 1915 год так пісаў пра маладога Мешчанінава, якога ён упершыню сустрэў у майстэрні Жазэфа Бернара: "Вечным дыханнем вее ад скульптур Мешчанінава. У іх ёсць свежасць успрымання і мудрасць ведаў. Многае ў іх - з мінулага, ад Усходу і Грэцыі і часткова - ад готыкі. Але гэта - не адцягненая стылізацыя. Вобразы Мешчанінава поўныя строгай сіметрыі не таму, што архаічная скульптура была падуладная канону франтальнасці, а таму, што гэтая сіметрычная архітэктоніка галавы лепш за ўсё забяспечвае яе манументальнасць як статычную раўнавагу: ні ў той, ні ў другі бок не ссоўваюцца рысы мешчанінаўскіх галоў..."

 Марэўна

Шматгадовае сяброўства звязвала Мешчанінава з мексіканцам Дыега Рывэра, які намаляваў на пачатку 1910-х гг. яго кубістычны партрэт. Вострахарактарны вобраз Аскара ўвасобілі таксама Хаім Суцін і Амадэа Мадзільяні. У адрозненне ад Суціна, Мешчанінаў у Парыжы пачуваў сябе добра: меў грошы, па кавярнях і шынках, як Модзі з Суціным, як Паскін і Утрыло, не бадзяўся. У цяжкія часіны вайны ў сваёй утульнай майстэрні ў Фальг'еры даваў прытулак няшчаснаму і адзінокаму Суціну, які тады быў самым сапраўдным бадзягам без даху над галавой і, каб зарабіць некалькі франкаў, разгружаў таварныя вагоны на вакзале Манпарнас. Некаторы час Мешчанінаў заляцаўся да Марэўны (Марыі Вераб'ёвай-Стэбельскай), марыў узяць шлюб з гэтай экзальтаванай і каларытнай мастачкай, якая вяла даволі свабодны лад жыцця. Яна магла, без усялякіх цырымоній, папросту, быць і з непрыгожым Суціным, і з прывабным Цадкіным, і з іншымі "манмартраўцамі". Шэсць гадоў дзяліла жыццё з жанатым Дыега Рывера, ад яго ж нарадзіла дачку Марыку, будучую вядомую балерыну. Дык вось, Рывера, шалёны дзівак, сапсаваны парыжскім бамондам, "спрактыкаваны" лавелас і вельмі таленавіты мастак, настойваў, каб Марэўна пагадзілася злучыцца з Мешчанінавым: "Ён добры хлопец. Ён будзе табе цудоўным сябрам, і ён, ты ведаеш, у захапленні ад цябе". Але той не падабаўся гэты "невысокі, плячысты, вельмі самазадаволены чалавек з круглым румяным тварам". Не падабаліся ёй і яго скульптуры.

Затое сярод яе лепшых сяброў з "Вулея" былі В.Цадкін, А.Мадзільяні, П.Пікаса, М.Кікоін, П.Крэмень, тагачасныя парыжскія літаратары І.Эрэнбург, М.Валошын, легендарны Б.Савінкаў і, канешне ж, Х.Суцін. Аднойчы, пасля чарговага начлегу, у Суціна ў майстэрні яна знайшла на кніжнай паліцы выданне "L'Homme du monde" ("Свецкі чалавек") - своеасаблівы падручнік пра тое, як правільна культурна паводзіць сябе дома і ў свецкім коле, як навучыцца добрым манерам. Напрыклад, "пасля ежы патрэбна чысціць зубы, пасля ж абеду прыкрыць рот сурвэткай і зубачысткай ліквідаваць з зубоў кавалачкі ежы, а за сталом не калупаць у зубах відэльцам або шпількай". І гэтак далей. У гэты перыяд Суцін ужо быў сапраўдным буржуа- вельмі багатым чалавекам: меў вілу, некалькі кватэр з ваннамі, аўтамабіль з асабістым шафёрам і нават шаўковы смокінг для выхаду ў свет. Марэўна здзівілася і рассмяялася: навошта Суціну гэтая кніжка? Хаім растлумачыў: "Ведаеш, Марэўна, мне гэтую кнігу даў Аскар Мешчанінаў, мой сябра, калі яна стала яму не патрэбна. Яго бацька быў кравец і хацеў, каб яго сын стаў краўцом, - таксама, як мой, - але Аскар стаў цудоўным скульптарам. Калі я прыехаў у Парыж у 1913 годзе, Аскар вучыў мяне, што можна рабіць і чаго нельга, і ён часта казаў мне тады: "Хаім, не калупай відэльцам у зубах". "Гэта таксама мяне развесяліла, - піша Марэўна, - таму што, калі я пазнаёмілася з Аскарам, у яго самога была такая ж прывычка, але я не стала казаць пра гэта Суціну..."

/i/content/pi/cult/255/3802/15-2.jpg"Залаты" перыяд у бронзе і камені

У 1914 годзе, як і Шагал, Мешчанінаў з'язджае з Парыжа. Некаторы час жыве ў Петраградзе і Віцебску. Аднак ужо ў 1916 г. вяртаецца ў Парыж, дзе адразу з уласцівымі яму энергіяй і ўпартасцю прыступае да некалькіх, задуманых яшчэ на радзіме, вялікіх і складаных твораў. Менавіта гэты перыяд (канец 1910-х - пачатак 1920-х гг.) стаў для Мешчанінава "залатым". Яго бронзавы "Чалавек у цыліндры" (1922 г.) выклікаў сапраўдны фурор у мастацкім свеце. Не меншым поспехам карысталіся і "Чалавек у саламяным капелюшы" (бронза), і "Дзяўчына з букетам" (камень), пра якую крытыка пісала: "Дзяўчына з букетам" Мешчанінава- мастацтва, ад якога вее сапраўднай высакароднасцю". А што да "Чалавека ў цыліндры" - дык гэта наогул шэдэўр. Перш за ўсё ўражвае фармальная задума: дзіўнае, на першы погляд, спалучэнне голага цела з... цыліндрам. І вось гэты, ідэальна вытрыманы па архітэктоніцы, кантраст паміж формай цыліндра і формай цела і арганізаваная ім незвычайная, дзівосная гармонія - і ёсць галоўная ідэя скульптуры. Мастака часта залічваюць да племені неакласікаў, да якіх належалі, скажам, Маёль, Дэспіо або той жа Бернар. Відаць, гэта справядліва. Яго творы не з'яўляюцца "сколамі жыцця", ён ніколі не капіраваў натуру, аднак у ёй бачыў для сябе нейкі трамплін у невядомае мора, дзе сродкі вобразнага выражэння звязаны не столькі з характарам і формай канкрэтнай мадэлі, колькі з характарам і формай самога скульптурнага матэрыялу. І яго работы трэба разглядаць, апроч усяго іншага, як цудоўна і эстэтычна апрацаваныя масы каменю або бронзы. У сусветнай скульптурнай спадчыне Мешчанінава больш за ўсё прыцягвалі творы архаічнага характару. У 1919 г. ён здзейсніў першае падарожжа ў Камбоджу для азнаямлення з храмавымі ансамблямі. У 1927-м - у Індыю, дзе пакланіўся унікальным храмам Элоры ля Аурангабада.

Але без Віцебска...

У 1920-я гг. Мешчанінаў адыгрываў заўважную ролю ў парыжскім Таварыстве рускіх мастакоў, а ў 1928-м садзейнічаў арганізацыі унікальнай выстаўкі "Сучаснае французскае мастацтва" ў маскоўскім Музеі новага заходняга мастацтва, якая была зладжана Міністэрствам народнай асветы Францыі і Народным камісарыятам асветы Савецкай Расіі. Сабраць экспазіцыю з дзвюх частак - "французскай" і "рускай" - было вельмі цяжка, але Мешчанінаў з сябрамі М.Ларыёнавым і С.Фацінскім зрабілі ўсё, што ад іх залежала ў той няпростай сітуацыі, калі да Краіны Саветаў многія французскія маршаны, адпраўшчыкі твораў выдатных мастакоў, ставіліся, мякка кажучы, даволі негатыўна. Таму работы, напрыклад, Пікаса, Маціса, Бусенго, Фрыеза, Суціна, Сеганзака ў экспазіцыю так і не трапілі. Праўда, амаль усе астатнія - колішнія эмігранты з Беларусі, Расіі, Украіны - на выстаўцы былі прадстаўлены. Так адбылася першая сустрэча савецкага гледача з найноўшым мастацтвам Заходняй Еўропы. Сам Мешчанінаў прадэманстраваў "Дзяўчыну з букетам", "Мужчынскую галаву", "Чалавека ў цыліндры", "Чалавека ў саламяным капелюшы". Адну скульптуру падарыў Трацякоўскай галерэі. І так здарылася, што менавіта гэтая выстаўка дала мастаку магчымасць апошні раз пабываць у краіне яго юнацтва, наведаць Піцер і Маскву і нават выступіць з лекцыямі пра мастацкае жыццё пасляваеннага Парыжа. Але Віцебск, радзіму, наведаць так і не атрымалася, хаця мог бы сустрэцца там са сваім першым настаўнікам - Пэнам...

Пра будучыню як пра сучаснае

А тым часам Мешчанінаў ужо быў залічаны крытыкай да плеяды найбуйнейшых майстроў Францыі. Разбагацеўшы, ён пабудаваў сабе паблізу Булонскага лесу двухпавярховы асабняк паводле праекта маладога Ле Карбюз'е. А яшчэ Мешчанінаў славіўся сваім беспамылковым густам і нязгасным запалам тонкага калекцыянера, які сабраў выдатную калекцыю авангарднага жывапісу, індускай скульптуры і ўсходняй маёлікі. Але на першым месцы (пасля скульптуры) у ягоным жыцці была руская музыка. Ён мог гадзінамі размаўляць пра Чайкоўскага і Мусаргскага, Стравінскага і Пракоф'ева. У яго доме захоўвалася вялізная калекцыя пласцінак рускіх опер, песень і рамансаў. Кожны дзень ён заводзіў патэфон і пад гукі музыкі ляпіў свае творы. Дарэчы, яго жонкай - пасля няўдалай жаніцьбы на Марэўне - была таленавітая піяністка, дачка вядомага дырыжора Купера. Адзін з ягоных сяброў, мастак Аляксей Нюрэнберг пісаў пра Мешчанінава: "Ён не так доўга жыў, але ўсё створанае ім сведчыла пра вялікі, магутна "заваяваны", творчы вопыт. Часта я пытаўся ў сябе: адкуль у гэтым віцябчаніне такая высокая культура мастацтва? Ягоны розум, тонка адшліфаваны парыжскім жыццём, мяне скараў і саграваў. Ён адчуваў не толькі цяперашні час, але і будучыню, пра якую гаварыў як пра сучаснае. Яго дабрыня абапіралася на два прынцыпы: на пачуцці сэрца і пачуцці розуму. Ён любіў людзей усіх відаў і ўмеў іх заваёўваць на доўгія гады". Другая сусветная вайна прымусіла Мешчанінава пакінуць акупіраваную Францыю і выехаць у Злучаныя Штаты, дзе яго, вядомага ў свеце скульптара, цёпла сустрэлі. Апошнія гады жыцця былі адданы пераважна стварэнню партрэтаў, сярод якіх вылучаюцца партрэты П'ера Вертхеймера, Жазэфа Бернара, маці мастака. Яго творы знаходзяцца ў розных галерэях і музеях свету, у тым ліку ў Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу. Але імя Аскара Мешчанінава ў Беларусі, як і ў Расіі, апроч вузкага кола мастацтвазнаўцаў, практычна не вядомае. Думаю, прыйшоў час "збіраць камяні" і вяртаць нашых славутых землякоў у тую краіну, адкуль яны выправіліся па волі лёсу ў чужыя землі, каб скараць вяршыні Алімпа сусветнага мастацтва.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"