Ёсць на што падзівіцца дый на што здзівіцца

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

З камандзіроўкі нашага карэспандэнта на Кобрыншчыну

“Няздольных людзей не бывае”

У дзень свайго прыезду на Кобрыншчыну мне пашчасціла правесці вечар разам з удзельнікамі народнага хору “Колас” пад кіраўніцтвам заслужанага работніка культуры Беларусі Ігара Чэрніка з Гарадзецкага сельскага дома культуры. Чаму пашчасціла? Адна справа — слухаць такі калектыў, седзячы ў зале, і зусім іншая — знаходзіцца ў кампаніі выканаўцаў. Я сказала б, што гэта хор савецкага тыпу — у добрым разуменні гэтага слова. Хор выконвае песні дастаткова розныя, шмат з іх — на словы і музыку самога Ігара Чэрніка: песні пра жыццё, стасункі паміж людзьмі, адносіны да сваіх родных. Творы гэтыя могуць падацца крыху наіўнымі. Але трэба бачыць, з якім імпэтам спяваюць іх удзельнікі хору. І значыць, гэта тое, што кранае душу. Хор жа ўвогуле, як расказваюць харысты, — не проста мастацкі калектыў, усе яны яшчэ і сябры па жыцці. Рэпетыцыі свайго калектыву Ігар Паўлавіч часцей праводзіць не ў ДК, а ва ўласным доме. У свой час Ігар Паўлавіч быў дырэктарам Кобрынскага раённага дома культуры, абласнога Дома народнай творчасці. І хоць ён даўно ўжо на пенсіі, а працягвае займацца любімай справай.
Пэўна, галоўная адметнасць Ігара Паўлавіча як спецыяліста-харавіка ў тым, што ён умее вельмі добра ставіць галасы выканаўцам, развіваць іх здольнасці.
— Няздольных людзей, — упэўнены ён, — увогуле не бывае. Бывала, што чалавек, які напачатку мог праспяваць не больш за тры ноты, потым выходзіў у салісты. Для мяне вызначальным з’яўляецца тое, ці любіць чалавек спяваць, ці хацеў бы ён удзельнічаць у хоры. Калі гэта так, дык астатняе — ужо мая справа.
— Але як навучыць таго, у каго няма голасу ці музычнага слыху?
— Калі вучыць музыцы з ранняга дзяцінства, здольнасці разаўюцца. Тое ж— і з дарослымі. Проста з такім чалавекам трэба займацца не два разы на тыдзень, а 4— 5.
За сваё жыццё Ігар Чэрнік стварыў пяць хораў — апроч “Коласа”, яшчэ хор хлопчыкаў у Анопалі, хор настаўнікаў у Камянцы, хор “Чарнічанка” ў Брэсцкім раёне і харавы калектыў “Галасы Палесся” ў самім Брэсце. 

Гарадскія замалёўкі

Хоць тэмай маёй камандзіроўкі была, найперш, культура сяла, пазнаёмілася я крыху і з аб’ектамі культуры ў самім Кобрыне. Канешне ж, пабывала ў Ваенна-гістарычным музеі імя А.Суворава, які шмат гадоў лічыўся ці не галоўнай знакамітасцю Кобрына.
Як расказала дырэктар музея Алена Бабенка, гэтая музейная ўстанова — адна са старэйшых на Брэстчыне, не так даўно яна адзначала 60-годдзе. Музей складаецца як бы з дзвюх частак: уласна мемарыяльны музей Суворава ў будынку-помніку архітэктуры XVIII стагоддзя і ваенна-гістарычная музейная экспазіцыя ў спецыяльна ўзведзеным музейным будынку. Адкрылася яна ў 1995 годзе. Экспазіцыйная плошча — каля 2 тысяч квадратных метраў.
 /i/content/pi/cult/117/380/Kultasvet1.jpg

 Алена Бабенка — на ўваходзе ў Дом-музей Суворава.


Што да дома Суворава, дык атрымаў яго расійскі генералісімус разам з вялікім маёнткам Кобрынскі Ключ пасля падзей, звязаных з паўстаннем Тадэвуша Касцюшкі. Але кобрынскі перыяд жыцця Аляксандра Суворава аказаўся нядоўгім — ён пражыў тут каля 4 месяцаў. Потым, у выніку непаразумення з імператарам Паўлам І, Сувораў вымушаны быў пераехаць у свой маёнтак у Наўгародскай губерні. Затым былі яшчэ ваенныя дзеянні ў Еўропе, легендарны пераход цераз Альпы. Пасля смерці Суворава маёнтак Кобрынскі Ключ быў распрададзены па частках.“Культура” ўжо расказвала пра тое, што па выніках 2006 года Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.Суворава стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта краіны ў галіне культуры і мастацтва. Музей вядзе даволі актыўную выставачную дзейнасць. За год тут бывае да 12-ці выставак, не лічачы пастаянна дзеючай выстаўкі-продажу жывапісу.
Гарадскі парк з бюстам Суворава, з возерам, адметнай сучаснай паркавай скульптурай, нават з лебедзямі і паўлінамі, з’яўляецца і пляцоўкай для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, і любімым месцам адпачынку кобрынцаў. Прайшоўшы праз яго, трапляеш у раённую школу мастацтваў, пра якую хочацца сказаць, што гэта ў сваім родзе з’ява.
Размяшчаецца школа, ізноў жа, у спецыяльна спраектаваным для школы мастацтваў будынку, які быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1998 годзе. Школа мае вялікую актавую залу на першым паверсе і больш камерную — на другім ды яшчэ і летнюю канцэртную пляцоўку.
На двух аддзяленнях — музычным, па розных накірунках, і харэаграфічным — займаюцца 616 дзяцей. Працуе яшчэ група падрыхтоўчага навучання. Выхаванцы школы актыўна ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх фестывалях і конкурсах. Творчасць 8-мі з іх была адзначана і падтрымана спецыяльным фондам Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі. Аж 22 мастацкія калектывы дзейнічаюць у гэтай школе — 15 навучэнцкіх і 7— у складзе педагогаў.
Аб усім гэтым распавёў дырэктар Кобрынскай школы мастацтваў Сяргей Рэбкавец. У дзень жа майго наведвання школы тут рыхтаваліся да маючага адбыцца занальнага фальклорнага свята і праходзіла выстаўка твораў самадзейнага мастака Валянціна Калеснікава. 

У старажытным Грушаве

У былую сядзібу пісьменніцы Марыі Радзевіч у вёсцы Грушава, з рэшткамі палаца і рамантычным паркам, мы прыехалі са старшынёй Гарадзецкага сельсавета Марыяй Здановіч.
Сядзіба — аскепак усё таго ж маёнтка Кобрынскі Ключ. У 1812 годзе яе набыў дзед Марыі Радзевіч Антоній. Бацькі Марыі, якія жылі ў Ваўкавыскім павеце, падтрымалі паўстанне Каліноўскага — захоўвалі ў сваім доме зброю, за што былі сасланы ў Сібір. Свае творы, што атрымалі еўрапейскую вядомасць, Марыя пісала па-польску, але прататыпамі іх герояў нярэдка былі жыхары Грушава і яго ваколіц.
А ўвогуле пісьменніца была асобай для свайго часу досыць экстравагантнай — прыняла рашэнне не выходзіць замуж, магла насіць мужчынскае адзенне. Пісала ў Грушаве свае раманы, ганарары ад якіх часта траціла на развіццё гаспадаркі, па гістарычных звестках і ўспамінах мясцовых жыхароў — шмат займалася дабрачыннасцю.
У сядзібным парку так і хочацца затрымацца, паблукаць па алеях, пасядзець каля сажалкі, дакрануцца да старажытнага дуба — яму, як лічыцца, можа быць каля 600 гадоў.
За паркам замацаванае мясцовае ААТ “Грушаўскі рамонтна-механічны завод”, які тут падтрымлівае добраўпарадкаванне. У сельсавеце задумваюцца і пра тое, каб адрадзіць гэтую сядзібу, ператварыўшы яе ў цэнтр турызму і адпачынку.
— Мы ўжо прыкідвалі, — гаворыць Марыя Здановіч. — Ва ўцалелых гістарычных будынках можна зрабіць невялікую гасцініцу, размясціць кавярню. Цікавасць да сядзібы ёсць — сюды прыязджаюць адпачыць кобрынцы, нярэдка турысты з Польшчы заязджаюць цэлымі аўтобусамі. Мы гатовы зрабіць аўтастаянку, вырашым і пытанне з запраўкай аўтамабіляў. Знайшоўся б толькі інвестар.
Як расказалі ва ўпраўленні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры, Грушаўская сядзіба вядома з пачатку XV стагоддзя. А Грушава ўвогуле было адным з цэнтраў старажытнага Кобрынскага княства. І гэта — яшчэ адзін довад на карысць таго, каб зрабіць тут турыстычную зону. 

Берагінцы

Узгадваю сваё знаёмства з кіраўніцай народнага фальклорнага клуба “Магдаліна” Аленай Букач. Было гэта каля года таму, падчас навукова-практычнай канферэнцыі напярэдадні IV Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Алена Паўлаўна тады сказала, што надзвычай захапілася самой ідэяй гэтага фестывалю і прывязе на яго дзіцячую групу свайго клуба. Другое яе выказванне — пра спадзеў заваяваць Гран-пры — берагінцы ўспрынялі добразычліва, але хутчэй як жарт.
Прычына таму — досыць складаныя ўмовы фестывалю, удзельнікі якога павінны вусным шляхам ад носьбітаў пераймаць народныя спевы, абрады, народную манеру вуснага расповеду. Ды гэта яшчэ не ўсё.
Простым і натуральным такое перайманне бывае, калі дзеці вучацца ў вясковых сям’ях, ад уласных бацькоў. Аўтэнтычная народная культура — увогуле культура вясковая. У прынцыпе, лепшым выкладчыкам удаецца навучыць перайманню аўтэнтыкі і гарадскіх дзяцей. Але на тое ідуць гады і гады.
Для чаго ўсё гэта патрэбна? Каб, па магчымасці, захаваць народнае мастацтва ў першароднай чысціні, такім, якім стварыў яго сам народ. Яшчэ — каб зберагчы гэтае мастацтва ў жывых формах, з усімі адценнямі інтанацый і адчування Яго выканаўцамі.
Дык вось, калектыў “Магдалінка”, нягледзячы на тое, што ён удзельнічаў у фестывалі ўпершыню, настолькі ўразіў літаральна ўсіх — і канкурсантаў-берагінцаў СА стажам, і гледачоў, і журы, — што сапраўды і абсалютна заслужана атрымаў Гран-пры.
Народны клуб аматараў фальклору ў вёсцы Магдалін, у склад якога ўваходзіць “Магдалінка”, каля 20 гадоў таму стварыла Алена Букач. Цяпер “Магдаліну” вядзе яе дачка Святлана Самулевіч. Але і Алену Паўлаўну ў клубе дагэтуль лічаць адным са сваіх кіраўнікоў. Чароўная “Магдалінка” створана на базе дзіцячайгрупы секцыі рэгіянальнага танца ў складзе “Магдаліны”.
 /i/content/pi/cult/117/380/Kultasvet3.jpg
 Удзельнікі малодшай групы “Магдалінкі”.
Школа ў Магдаліне— да 4-га класа.
Далей дзеці гэтай вёскі вучацца ў Кобрыне. Сярод удзельнікаў “Магдалінкі” ёсць і гарадскія дзеці — аднакласнікі і сябры вясковых, магдалінскіх. Частка юных выканаўцаў вучыцца ў раённай школе мастацтваў. Там яны займаюцца яшчэ ў народнасцэнічным калектыве “Таўкачыкі”, якім кіруе другая дачка Алены Букач — Наталя Буневіч.
Расказалі пераможцы “Берагіні” і пра тое, што рыхтавацца да фестывалю дапамаглі і раён, і вобласць. У Магдалінскім доме культуры — маленькая сцэна, з карагодамі 12-ці парам дзяцей там было не разгарнуцца. Але напярэдадні фестывалю “Магдалінцы” была прадастаўлена для рэпетыцый сцэна раённай школы мастацтваў.
Я ўяўляла сабе, што ўся Кобрыншчына будзе ў захапленні ад таго, што менавіта іх землякі перамаглі на “Берагіні”. Калі ж сабралася ехаць у Кобрын, каб расказаць чытачам пра досвед “Магдалінкі” — гэтай неспадзяванай, але надзвычай яркай зорачкі ў народным мастацтве, дык аказалася, што з калектывам нейкія праблемы. Ішла нават размова пра тое, каб не прадаўжаць працоўную дамову з кіраўнікамі.
Даводзілася чуць, напрыклад: “Магдалінкі” як такой няма, ёсць фальклорны клуб “Магдаліна” і ёсць калектыў “Таўкачыкі” ў школе мастацтваў”. Але як гэта “Магдалінкі” няма, калі ў такой якасці яе ўжо ведае ўся краіна? І потым: дзіцячыя калектывы-спадарожнікі ёсць у многіх калектывах. Калі ў “Церніцы” ёсць “Цернічка”, дык чаму ў “Магдаліны” не можа быць “Магдалінкі”?
Мне казалі: “Гэта дзеці не Магдалінскага дома культуры, а 7-ай гарадской школы і школы мастацтваў”. Чаму? Таму што не ўсе ўдзельнікі “Магдалінкі” з гэтай вёскі? Але хіба прымаць у калектыў жадаючых гарадскіх дзяцей (Магдалін — прыгарад Кобрына) забаронена?Паўтара месяца таму ў суседнім з Кобрынскім Драгічынскім раёне праводзілася свята “Вялікдзень”. Калектыў “Магдалінка” пры вясковым ДК пасылалі для ўдзелу ў гэтым свяце нібыта ўжо не ад культуры, а ад адукацыі. І зноў-такі, чаму? Нічога, апроч “Мы гэтак вырашылі”, я на гэты конт у райвыканкаме не пачула. Але відавочна, што, калі ёсць магчымасць выбіраць, дзе займацца мастацкай самадзейнасцю, — у сельскім клубе, ва ўстанове адукацыі ці ў школе мастацтваў, дык рабіць гэты выбар павінны не столькі ўлады, колькі самі дзеці і іх бацькі. Зрэшты, калі ў дзіцяці хапае сіл і жадання займацца ў двух калектывах, дык і гэта не забараняецца.
Як зразумела і тое, што, хоць і стваралася “Магдалінка” ў такой якасці недзе за паўгода да фестывалю “Берагіня”, калектыў мае куды большую па часе падрыхтоўку і менавіта вясковыя карані. Інакш ён не выклікаў бы фурору на “Берагіні”, не атрымаў бы такіх высокіх адзнак ад карыфеяў навукі, якія ўваходзілі ў склад фестывальнага журы. Падмурак гэтага поспеху — творчы досвед фальклорнага клуба “Магдаліна”. 

Магдалін

Вось чаму юбілейны вечар, дзе падчас святочнага канцэрта была магчымасць пазнаёміцца з досведам усёй “Магдаліны”, уяўляў для мяне вялікую цікавасць. Але спачатку — крыху інфармацыі з афіцыйных дакументаў, што ў розныя часы пісаліся пра гэты калектыў і яго кіраўнікоў у аддзеле культуры.
“Мне здаецца, што калі нарадзілася, дык ужо тады не плакала, а спявала”,— так гаварыла пра сябе Алена Паўлаўна Букач. У народзе кажуць, што голас даецца ад Бога, а яшчэ дадаюць, што ад зямлі і народа. У сям’і Алены Паўлаўны ўсе спявалі, але самы цудоўны голас быў у маці. У вясковага жыхара мала вольнага часу, але, калі ён выпадаў, маці заўсёды спявала цудоўныя песні, а я падпявала, — успамінае Алена Букач”.
“На сённяшні дзень клуб аматараў фальклору займаецца не толькі творчасцю, але і адраджэннем і засваеннем, прапагандай мясцовай этнаграфіі і фальклору. У клубе — чатыры секцыі, кожная з якіх мае свой напрамак. Удзельнікі секцыі “Спадчына” вядуць актыўную пошукавую дзейнасць. У секцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сабраліся народныя ўмельцы. Вялікае значэнне як у творчай, так і ў выхаваўчай працы аб’яднання мае секцыя сямейнай творчасці. Кіраўнік секцыі — Аляксей Кірыеўскі, самадзейны кампазітар-песеннік. У секцыі спяваюць: сямейныя дуэты — Алег Сацук і Вольга Сацук (бацька і дачка), Алена і Дзмітрый Новікі (маці і сын), Аляксей Кірыеўскі і Алена Букач (брат і сястра), сямейнае трыо Мякішавых. Аматары народнага танца з’ядналіся ў секцыі рэгіянальнага танца. Пры ёй працуюць тры групы — малодшыя школьнікі, падлеткі, удзельнікі секцыі “Спадчына”.“Клуб аматараў фальклору “Магдаліна” рэканструяваў і вынес на суд гледачоў народныя абрады “Вяселле”, “Хрысціны”, “Шчодры вечар”, “Дажынкі”, “Піліпаўскія вячоркі”. Усе абрады падрыхтаваны выключна на мясцовым фальклорным матэрыяле. “Вяселле” і “Дажынкі” здымала рэспубліканскае тэлебачанне.
Абрады “Хрысціны” і “Вяселле” ў натуральным асяроддзі — абласное тэлебачанне. Абрад “Хрысціны” здымаўся і Беларускім дзяржаўным інстытутам праблем культуры ў якасці вучэбнага матэрыялу.Калектыў — лаўрэат Фестывалю нацыянальных культур у Гродне, абласнога фестывалю “Талакуха на Бярэсці”, “Палескага карагода”, Міжнароднага фестывалю ў Бабруйску “Вянок дружбы”, фестываляў у Польшчы і Украіне”.
Я прыехала ў Магдалін незадоўга
да пачатку юбілейных урачыстасцей. Абстаноўка падчас апошняй рэпетыцыі была крыху нярвовая. За дзень да таго аддзел культуры праводзіў у ДК, менавіта ў клубе “Магдаліна”, ці то рэвізію, ці то інвентарызацыю. Давялося траціць час на разбор ужо падрыхтаванай да юбілейнага паказу выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а потым — на размяшчэнне гэтых вырабаў зноў у экспазіцыі. Хваляваліся і за тое, каб паспелі прыехаць да пачатку канцэрта ўдзельнікі “Магдалінкі”, якія ў той дзень здавалі экзамен у школе мастацтваў.
Начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук папярэдзіла, што сам вясковы Дом культуры вымагае рамонту, і бягучы рамонт сёлета мяркуецца зрабіць. Ды ўсё ж, за выключэннем пакоя клуба “Магдаліна”, ДК на першы погляд падаўся нібы зацёртым, “згубленым у часе”.
Усё змянілася, калі пачаўся юбілейны канцэрт. Пачаўся ён, дарэчы, даволі незвычайна — з віншаванняў і блаславення святара — клірыка кобрынскай Спаса-Ражджэсцвенскай царквы Андрэя Шаўчука. Ён гаварыў пра тое, як гэта добра, што прыхаджане маюць вялікі творчы патэнцыял, пра мастацкія і маральныя каштоўнасці народнай культуры. Згадаў, што і ў яго ўласнай сям’і старэйшае пакаленне спявае тутэйшыя песні, якія так кранаюць душу.
А дзея на сцэне разлівалася, як бурлівае мора. Час ад часу самадзейныя артысты ў нацыянальных строях запаўнялі не толькі яе ўсю, але і пляцоўку паміж сцэнай і крэсламі гледачоў. Удзельнікі “Магдаліны” і “Зараніцы”, кіраўніком якой працуе Алена Букач, спявалі, танчылі, ігралі на народных інструментах. Ігралі на сцэне саміх сябе, паказваючы, як ходзяць у фальклорныя экспедыцыі. Перад выкананнем народных песень называліся імёны носьбітаў аўтэнтыкі, ад якіх гэтыя творы былі запісаны. Час ад часу да ўсёй гэтай, і без таго яркай, імпрэзы дадаваліся зусім ужо незвычайныя хады: то Алена Паўлаўна ў традыцыйнай ільняной кашулі, андараку і квяцістай хустцы ўрывалася ў глядзельную залу на веласіпедзе, то Наталля Буневіч падчас чарговага “разліву” дзеі ў глядзельную залу танчыла, трымаючы на руках гадавалае немаўля — усё ў карунках, — якое, здавалася, таксама рухалася ў такт музыцы. І ўсё гэта было зроблена вельмі таленавіта, а па ўзроўні арганічнасці творчасці магдалінскіх самадзейных артыстаў іх хацелася параўноўваць з “Крупіцкімі музыкамі”.
І “Магдалінка” на гэтым канцэрце натхнёна танчыла, спявала, вадзіла карагоды. Кіраўніца аддзела культуры сядзела ў зале недалёка ад мяне, і я ў думках працягвала нашу з ёй размову: “Надзея Віктараўна, вы ж бачыце, якія гэтыя дзеці шчаслівыя ад таго, што тут выступаюць! Як ім хочацца працаваць разам з фальклорным клубам!”Да канца камандзіроўкі заставаўся дзень. Заўтра субота. Асобна сустрэцца з дзецьмі і настаўнікамі я, мусіць, яшчэ паспею. А вось ці ўдасца даведацца, што думаюць аб усім гэтым бацькі? Нечакана адказы на свае пытанні я пачула раней, чым спадзявалася.
З выступлення на вечарыне дырэктара кобрынскай сярэдняй школы №7 Ніны Ігнацюк:
— Мы вельмі ўдзячны кіраўнікам калектыву “Магдалінка” за тое, што яны далучылі нашых вучняў да крынічнай глыбіні фальклорнага мастацтва. Хачу вас запэўніць: мы, школа, ва ўсім падтрымаем нашых дзяцей, незалежна ад таго, у сферы адукацыі ці культуры будзе лічыцца гэты калектыў. Мы прадаставім свае плошчы для заняткаў і вясковым дзецям, і дзецям з другіх кобрынскіх школ, калі яны будуць удзельнікамі “Магдалінкі”. Скажу больш — сёння ўжо напісана вучнёўская навуковая работа па адным з народных абрадаў, якія вывучала “Магдалінка”. На чарзе — яшчэ адна такая работа. А настаўнікі, беручы прыклад з вучняў, стварылі свой фальклорны калектыў.
З выступлення старшыні бацькоўскага камітэта Віктара Нічыпарука:
— Нацыя, якая не мае мінулага, не будзе мець будучыні. Аб тым, што мінулае мы маем, нагадалі нашы дзеці. Гэта сведчанне таго, што ў нас ёсць і будучыня. Мы, бацькі, вучымся ў сваіх дзяцей. І мы зробім усё, каб падтрымаць “Магдалінку”. 

Легендарны 8 “Б”

І ўсё сказанае так адпавядае задачам берагінскага руху! Бо менавіта творчасць, удзел у даследаваннях — таксама адна з яго задач. А яшчэ адна — цясней з’яднаць на глебе любові да роднай спадчыны, адраджэння традыцыйнай культуры бацькоў і дзяцей.
 /i/content/pi/cult/117/380/Kultasvet2.jpg
 Пераможцы ІV Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва "Берагіня". Першая злева - Святлана Самулевіч, першая справа - Алена Букач. Другая справа - завуч СШ № 7 Наталля Шапіцюк.
Аб тым, як рыхтаваліся да фестывалю “Берагіня”, назаўтра расказалі кіраўнікі “Магдалінкі” Святлана Самулевіч
(яна, да таго ж, вучыць рэгіянальным танцам дзяцей 7-ай школы) і Алена Букач.
— Здаецца, — гаварыла Алена Паўлаўна, — я ўсё жыццё тут, у бацькоўскім камітэце. У гэтай школе вучыліся чацвёра маіх дзяцей, а зараз вучацца 6 унукаў.
— Калі наша смелая матуля ўзялася падрыхтаваць калектыў да “Берагіні”,— узгадвала Святлана Самулевіч, — дык напачатку падалося немагчымым выканаць усе ўмовы фестывалю. Але спецыялісты з Брэста Марыя Аласюк, Галіна Лямачка, Людміла Бярней падбадзёрвалі, казалі: “Вы многае з таго, што патрабуецца, умееце. Трэба толькі як след папрацаваць напярэдадні фестывалю”. Людміла Рыгораўна і на рэпетыцыі нашы прыязджала. Давала парады, дапамагала зразумець, дзе праходзіць мяжа паміж аўтэнтыкай і апрацаваным фальклорам. Мы рыхтавалі калектыў разам — я, мама і сястра Наталля. Мой дзядзька Аляксей Кірыеўскі паказаў некалькі музычных народных твораў у аўтэнтычным выкананні, якое калісьці пераняў ад дзядулі. За падрыхтоўку касцюмаў “адказвала” маці, прытым многае мы зрабілі сваімі рукамі. Паясы, дарэчы, выткаў удзельнік “Магдалінкі” Расціслаў Васюта, якога вучылі гэтаму ўласная бабуля і кіраўніца гуртка.
— Безумоўна, — працягвала Святлана Самулевіч, — адна з прычын поспеху на “Берагіні” ў тым, што нам пашчасціла працаваць з вельмі таленавітымі дзецьмі. Гэты клас так і называюць — “Легендарны 8 “Б”. Яны паспяваюць займацца ў школе мастацтваў,у “Магдалінцы”, “Таўкачыках”, іншых калектывах. Маюць выдатныя вынікі і ў вучобе. Да прыкладу, Кацярына Камарчук заняла першае месца на раённай алімпіядзе па геаграфіі, другія месцы — па беларускай і англійскай мовах і трэцяе месца — па рускай мове. Антон Нічыпаровіч заняў трэцяе месца па матэматыцы. Удзельніца “Магдалінкі” Валерыя Самасюк — і танцорка, і скрыпачка, і ўмее плесці паясы.Вядома, што на свяце “Вялікдзень” у Драгічынскім раёне, пра якое ўжо ўзгадвалася, прыезджыя калектывы мелі магчымасць выступіць, забяспечваліся харчаваннем.
Я папыталася ва ўдзельнікаў
“Магдалінкі”, ці спадабалася ім свята.
— Безумоўна, — адказалі тыя.
Яшчэ адно пытанне хацелася задаць, але я не ведала, як гэта зрабіць.
— Дзеці, а пакармілі вас там абедам? — зразумеўшы, пра што я хачу спытацца, проста сказала Алена Паўлаўна.
— Не.
— Справа не толькі ў гэтым, — гаварылі мне. — Калектыў узнагародзілі на свяце граматай. Але толькі — як дзіцячы мастацкі калектыў сярэдняй школы № 7. “Магдалінка” як бы не існуе.
Я не ведала, што на гэта сказаць, бо і сама першы раз чую, каб раптам камусьці стаў не патрэбны унікальны калектыў. Увогуле, наколькі гэта этычна: напачатку стварыць калектыў, дапамагчы з касцюмамі, адправіць на рэспубліканскі фестываль, а потым, калі дзеці вярнуліся адтуль з перамогай, не займацца гэтым калектывам?
Перад ад’ездам я папрысутнічала яшчэ на рэпетыцыі “Таўкачыкаў” у школе мастацтваў. І не пашкадавала. Калектыў вельмі цікавы. Мне думаецца, з цягам часу ён можа стаць прэтэндэнтам на Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”.
— Глядзіш, “Таўкачыкі” яшчэ абгоняць “Магдалінку”, — сказала я Алене Букач.— Я не стала б іх параўноўваць. “Таўкачыкі” — сцэнічны калектыў, а “Магдалінка” працуе з аўтэнтыкай. Гэта не толькі мастацкі калектыў, але і своеасаблівае светаўспрыманне. Я абодвум жадаю поспехаў. Дый аўтэнтычныя строі, што ўсё жыццё збірала, падзяліла паміж дочкамі — няхай апранаюць свае калектывы. Які ж з усяго гэтага вывад? Я ўсё-ткі спадзяюся на лепшае, на тое, што возьме верх цвярозая развага.

Наталля РУСАК,
наш спецкар.
Мінск — Кобрынскі раён — Мінск
Фота аўтара