Калі раніца ў мастака?

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

“Вясна” і “раніца” — ключавыя словы ў карцінах вядомага жывапісца Аляксея Кокцева, работы якога прадстаўлены ў адной з выставачных залаў Палаца мастацтва. Аляксей Аляксеевіч толькі што адсвяткаваў 65годдзе. Мастак дэманструе гледачам абуджэнне прыроды, вёскі і горада, людзей, пераход ад зімы да лета. У “вечна маладых” тэмах ён паказаў сябе сталым майстрам рэалізму і імпрэсіянізму.

/i/content/pi/cult/255/3794/9-3.jpgУ многіх, нават невялікіх па фармаце, палотнах прасторы настолькі шмат, што хапіла б не на адну, а на дзве карціны. А.Кокцеў выбудоўвае кампазіцыю такім чынам, каб межы пейзажа пашыраліся: перад намі - не проста невялікая сітуацыя, адрэзак, кавалачак рэальнасці, а нешта агульнае, непарыўнае ("Этнаграфічны музей у Заслаўі", "Голас Радзімы", "Ліпень на Палессі"). Ці чалавек у адзінстве з прыродай, ці прырода, апрацаваная чалавекам і - побач - некранутая яе частка, - усе выявы падаюцца надзвычай натуральнымі. Мастак неаднаразова дэманструе горад ("Раніца новага раёна", "Восеньскі дзень"), але паказвае яго нам здалёк. Маладая клейкая ярка-зялёная лістота і трава, белыя пялёсткі квітнеючых садовых дрэў, рух вясновага ветру, яшчэ халаднаватага, але ўжо напоўненага водарам квецені, - палітра мастака змяшчае не толькі прыемныя чыстыя колеры, але і ўсе дробязі адценняў краявідаў. Буйныя мазкі вельмі дэталёва засяроджваюць на кожным імгненні таго, што для творцы мае значэнне: хвалі на рацэ, праталіны на дарозе да вёскі, саломкі ў стозе сена. Сучасных "гарадскіх" людзей мы тут не бачым: захапляецца Аляксей Анатольевіч простымі вясковымі жанчынамі ("Свята ў Вязынцы", "Вёска Запліссе. Памяць", "Першы сноп новага ўраджаю").