Раскоша і эксперымент

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Ну калі такое было, каб опера нашага кампазітара атрымала адразу тры розныя пастаноўкі? Ды не проста ў розных гарадах (так было з “Матухнай Кураж”, увасобленай у Каўнасе, Кішынёве і Якуціі), а выключна ў сталічных: адна сцэнічная версія — у Маскве, а яшчэ дзве (адразу дзве прынцыпова адрозныя!)— у Мінску. Справакавала такую сітуацыю 200-годдзе з дня нараджэння А.Чэхава, і мы павінны быць удзячны рускаму класіку ўжо за саму сітуацыю мастацкага плюралізму, што склалася вакол яго па-музычнаму прачытанага “Юбілею”.

 

/i/content/pi/cult/255/3793/8-1.jpgЗамовіў гэтую оперу фестываль у Швейцарыі, дзе ў 2001 г. адбылася яе сусветная прэм'ера - у пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Цяпер спектакль быў адноўлены - усё з тым жа зорным складам салістаў. А некалькімі днямі раней Ганна Маторная, якая сёлета заканчвае навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе рэжысуры, падрыхтавала для праекта "Чеhow ХХІ" на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі сваю маладзёжную версію.

 

Оперы ўсе ўзросты падуладныя

 "Юбілей" у Вялікім пацвердзіў: тэатр і музыка - мастацтва жывое, двух аднолькавых выкананняў не бывае. Гэтым разам дырыжор Вячаслаў Воліч, здавалася, пераўзышоў сябе самога. Яго спакойнае, "разважлівае" вядзенне спектакля дазваляла "ўзважыць" кожную фразу, каб пераканацца: любая з іх - папраўдзе на вагу золата. Упершыню ў пастаноўцы аказаўся падкрэслены прыём паралельнага дзеяння, "расшыфраваны" кампазітарам С.Картэсам і лібрэтыстам У.Халіпам у псіхалагічна тонкай драматургіі А.Чэхава. Спачатку старшыня Праўлення Шыпучын (Алег Мельнікаў) і бухгалтар Хірын (Эдуард Пелагейчанка) нібыта вядуць нябачную "дуэль", па чарзе, літаральна "ў стык" ці з дапамогай кіношнага прыёму "наплыву" выказваючы абсалютна супрацьлеглыя меркаванні, але на аднолькавыя тэмы: пра святкаванні, пра жанчын. З'яднаць такіх "праціўнікаў" можа хіба іх агульны вораг.

/i/content/pi/cult/255/3793/8-2.jpg Спачатку гэтую ролю быццам "прымервае" на сябе гаваркая жонка Шыпучына (Таццяна Траццяк). Але на змену "ўнутранаму ворагу" з'яўляецца бяспройгрышны варыянт- "вораг знешні": прасіцелька Мярчуткіна (Наталля Руднева), якая яднае супраць сябе ўжо ўсю тройцу. Усе выканаўцы былі настолькі на сваім месцы, што, здавалася, не толькі кампазітар, але і сам Чэхаў разлічваў свой твор акурат на іх. А для Эдуарда Пелагейчанкі, пры ўсёй безлічы праспяваных ім тэнаравых партый, гэткі "мілы мой бухгалтар", які працуе над справаздачай, стаўся ледзь не бенефіснай роляй. Бо на ўдалы вобраз працаголіка ўплывала кожная дробязь - і ў самім абліччы артыста, які валодае талентам пераўвасаблення, і, вядома, у ягоным голасе. Дарэчы, многія салісты выйшлі на сцэну ў той вечар пасля доўгага перапынку, але, пагадзіўшыся "паюбілеіць", яны выклікалі не настальгію, а толькі шчыры гонар і нават крыху зайздрасць, бо спявала "старая гвардыя" так, што дала б фору многім маладым. Ды і моладзь, падкрэслім, не была пакрыўджана, выступіўшы ў тэатралізаваным юбілейным канцэрце кампазітара. Гучалі там і фрагменты з яго іншых опер. Лепшыя канцэртмайстры тэатра рабілі ўсё магчымае і нават немагчымае, каб "ператварыць" свой раяль у аркестр, як гэта цудоўна ўдаецца ім у іншых творах. Але гэтым разам "замена" аказалася зусім нераўнацэннай, даказаўшы непераўзыдзенае майстэрства тэмбрава-драматургічнага мыслення аўтара.

 

Чытанне "пра выспяванне"

 Маладзёжна-эксперыментальны варыянт пастаноўкі "Юбілею" атрымаў, найперш, новае жанравае азначэнне: "трагікамічнае праЧЫТАННЕ або камітрагічнае праСПЯВАННЕ" оперы. На спектакль былі затрачаны мінімальныя грашовыя сродкі - і максімум фантазіі. Уся сцэнаграфія - пара "школьных" сталоў ды крэслаў. Замест задніка- "кіно", але ўключаецца відэапраекцыя (падрыхтаваная, дарэчы, рэжысёрам усёй пастаноўкі Г.Маторнай) толькі ў неабходныя моманты, падзяляючы відовішча на "рэальнае" (на сцэне) і "ўяўнае" (на экране). Замест хору - сямёрка будучых акцёраў і фрагменты аўдыёзапісу "Юбілею" ў нашым Вялікім тэатры. Замест вялікага сімфанічнага аркестра на чале з дырыжорам - "дуэт" піяніста Сяргея Мікуліка і ўдарніка Валерыя Кардаільскага (як ні дзіўна, але дадзеная "падмена" ўявілася куды больш адэкватнай аркестраваму першавытоку, чым проста фартэпіянная). А як змянілася сама трактоўка! Замест звыклай камедыі - лёгкі фарс з элементамі пародыі. Кожны з удзельнікаў падарыў пастаноўцы часцінку сваёй творчай індывідуальнасці - і Шыпучын (артыст опернай студыі БДАМ Яўген Глебаў) з самаўлюбёнага лайдака, усю працу за якога робяць падначаленыя, ператварыўся ў папраўдзе трагічную фігуру прадпрымальніка, які ўвесь час жыве з прывідам краху ў душы. Хірын жа (студэнт БДАМ Сяргей Клачкоў) стаўся яго "двайніком наадварот" - камічнай фігурай бухгалтара, які жыве ўжо не прывідам, а рэальным страхам самога жыцця.

Гэткую ж "парнасць вобразаў" утварылі і жаночыя персанажы. Жонка Шыпучына (лаўрэат конкурсаў, артыстка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Ганна Бяляева) сталася не залішне рамантычнай какеткай-матыльком, а дастаткова мэтанакіраванай асобай, якая прывыкла дасягаць свайго ўжо самім адчуваннем уласнай прывабнасці. Прасіцелька ж Мярчуткіна (студэнтка БДАМ Вольга Гаўрыленка) і ўвогуле "змяніла тактыку паводзін": замест нягеглай, недалёкай, але скандальна ўпартай жанчыны мы ўбачылі спрактыкаваную махінатаршу, якая дасягае свайго жаночым шармам, хітрасцю, уменнем хутка арыентавацца ў сітуацыі і кіраваць абставінамі. Дык якая ж пастаноўка перамагла ў такім спаборніцтве? Абедзве! Іх спалучэнне пацвердзіла: двух "Юбілеяў" у сталічнай культурнай прасторы - зусім не замнога. А "збег назваў" здольны хіба зацікавіць гледача да параўнанняў і купляць білеты на розныя версіі (як гэта было, да прыкладу, з "Кармэн", калі ў нашым Вялікім тэатры ішлі опера Ж.Бізе і балет Ж.Бізе - Р.Шчадрына, а яшчэ гэты балет, толькі ў іншай харэаграфіі, карыстаўся не меншым попытам у Музычным тэатры). Вось толькі - дзе паглядзець той маладзёжны "Юбілей" яшчэ раз? Можа, зноў "прытуліць" яго сцэна РТБД?

 Ці Беларуская дзяржаўная філармонія? Гэты спектакль - яшчэ адно яскравае сведчанне таго, як неабходна нам сёння эксперыментальная камерная оперная сцэна. Музычная гасцёўня ў тэатры, дзе ладзяцца прэс-канферэнцыі і камерныя канцэрты, не мае адпаведнага абсталявання. Рэпетыцыйная ж зала Вялікага тэатра на 96 месцаў, якую з цягам часу збіраюцца выкарыстоўваць не толькі для "ўнутрытэатральных", але і для публічных праглядаў, таксама, відаць, не лепшы "эксперыментальны" варыянт, бо яе сцэна па сваіх памерах - копія вялікай. А мець творчую лабараторыю - неабходна. Менавіта на ўласных пошуках узрастае крэатыўная творчая моладзь: кампазітары, рэжысёры, артысты. І рухаецца наперад жанр.

На здымках: сцэны з маладзёжнага спектакля.