Прадвяшчэнне сюрпрызаў і прэм’ер

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Дзяржаўны камерны хор пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай апошнім часам робіць сапраўдныя дзівосы: рыхтуе праграму за праграмай беларускай музыкі, замаўляе кампазітару Алене Атрашкевіч буйны цыкл “Дзень вызвалення” і стварае з яго вакальна-інструментальна-літаратурную кампазіцыю (гл. “К” №№ 27 і 30 за 2009 г.), ставіць оперу С.Манюшкі “Латарэя” (гл. “К” № 42 за 2009 г.). Нарэшце, нядаўна разам з Камерным аркестрам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі “Gradus ad Parnassum” прэзентуе шэраг духоўных твораў беларускіх і польскіх кампазітараў, назваўшы канцэрт — “Зорка-прадвесніца”.

 

Гэтая праграма можа папраўдзе стаць прадвяшчэннем хуткай зорнасці калектыву. Бо і складзена, і выканана яна была вельмі прафесійна, з добрым густам і, галоўнае, любоўю. А да таго ж, утрымлівала некалькі адмысловых сюрпрызаў. Квінтэсенцыяй зачаравана-ўзнёслых настрояў стаў Пралог, напісаны спецыяльна для гэтай праграмы кампазітарам Ларысай Сімаковіч, якая адначасова выступіла вядучай. Думаецца, праз некаторы час аўтарка магла б вярнуцца да гэтага "ўступу" і стварыць на яго аснове буйную канцэпцыйную партытуру, бо яе музычныя ідэі, замяшаныя на натуральным спалучэнні сучасных еўрапейскіх і старадаўніх беларускіх традыцый, таго вартыя.

Яшчэ адной прэм'ерай вечарыны сталіся часткі з цыкла "На нараджэнне Хрыстовае" Яўгена Паплаўскага, якія сведчылі пра відавочны зварот у гэтым творы нашага знанага кампазітара-авангардыста да "новай прастаты" і рэдкаснай прыгажосці, не параўнальнай не толькі з яго электроннымі і інструментальнымі кампазіцыямі, але і ранейшымі харавымі партытурамі, у тым ліку духоўнымі. Поруч з творамі агульнай беларускапольскай спадчыны ў праграму ўвайшлі і сучасныя хоры нашых суседзяў, пазначаныя асаблівай тэатральнасцю, нават "відовішчнасцю" музычнага зместу. Вельмі густоўным, выкананым у традыцыях самога С.Манюшкі, аказалася аркестравае пералажэнне яго Месы, якому, праўда, не хапала "жывога" аргана замест "сінтэзаванага". Але самым, бадай, нечаканым адкрыццём сталася сюіта "Беларускія канты", напісаная дырыжорам Пятром Вандзілоўскім паводле старадаўніх песняспеваў. І хаця аўтар сціпла заўважыў, што, не крануўшы ніводнай ноты харавога шматгалосся, усяго толькі "апрануў" канты ў аркестравае адзенне, вынік аказаўся варты маштабнага музыказнаўчага даследавання. Бо ўпершыню не толькі ў айчынным, але і, відаць, у сусветным мастацтве нашы канты былі з'яднаны з пазнавальнымі бахаўскімі і гендэлеўскімі аркестравымі прыёмамі, а таксама драматургіяй класічнага 4-часткавага сімфанічнага цыкла. Спалучыўшы ўзоры інструментальнага і вакальнага, "высокага" і "нізкага" барока, сюіта не толькі падкрэсліла гістарычныя рэаліі развіцця нашага нацыянальнага мастацтва ў непарыўных сувязях з еўрапейскім, але і працягнула нітачкі з ХVII у ХХІ стагоддзе.