Душу не схаваеш пад апратку…

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

У Полацку ў новым корпусе Полацкага дзяржаўнага універсітэта 1 чэрвеня адкрываецца пастаянная выстаўка твораў заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Нінель Шчаснай. У экспазіцыі, якая ўпрыгожыць сцены адной з залаў, а таксама калідоры універсітэта, будуць прадстаўлены жывапісныя творы розных гадоў, камерныя і буйнафарматныя палотны. У палачан з’явіцца цудоўная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Нінель Іванаўны, якая заўжды імкнецца ў сваіх работах паказваць стасункі чалавека з навакольным асяроддзем, прыродай, космасам, выявіць духоўную сутнасць герояў сваіх карцін, шчыра датыкнуцца да сучаснасці і шматгадовай даўніны. Невыпадкова ўзяты ёю дэвіз, які адкрывае кнігу “Іскры майго жыцця”, прысвечаную творчасці Нінель Іванаўны: “Твар душы не схаваеш пад вопраткай”. Сёння, напярэдадні важнай для яе падзеі, мы гутарым з мастачкай у яе майстэрні.

 /i/content/pi/cult/117/379/Schasnaya.jpg
Апошнім часам усё часцей адкрываюцца галерэі вядомых беларускіх мастакоў у тых гарадах, што сталі калыскамі іх творчага станаўлення. Гэтую добрую традыцыю працягвае і Полацк. Што будзе ўяўляць сабой ваша пастаянная экспазіцыя ў сценах універсітэта?
— Я нарадзілася ў Полацку. Сеня з’яўляюся Ганаровым грамадзянінам горада. Часта праводзіла там персанальныя выстаўкі, якія праходзілі з вялікім поспехам. Ідэя адкрыць у Полацку галерэю маіх работ абмяркоўвалася ўжо некалькі гадоў. Мэр горада падбіраў памяшканне. Але зусім нядаўна ў Полацк, у адрэстаўраваны і адрамантаваны будынак былога Езуіцкага калегіума, пераехаў з Наваполацка гісторыка-філалагічны факультэт. У гэтым будынку ўсё дыхае старажытнасцю. Дарэчы, калі абмяркоўвалася магчымасць экспанаваць там мае работы, згадвалі, што ў Езуіцкім калегіуме, пазней — Кадэцкім корпусе, працавалі мастацкія галерэі. Таму кіраўніцтва універсітэта з задавальненнем прапанавала мне падтрымаць добрую традыцыю і сфарміраваць пастаянную выстаўку са сваіх твораў. Усе свае работы я перадаю універсітэту на захаванне, але застаюся іх уласніцай. Магу іх узаемазамяняць. Усё гэта робіцца для таго, каб выстаўка была жывой і шматпланавай. Работы будуць падзелены па жанрах — тэматычныя карціны, нацюрморты, партрэты дзеячаў культуры і ганаровых людзей, пейзажы — і выстаўлены асобнымі блокамі. Жывапісныя работы ўпрыгожаць вялікую залу. Наяўнасць мультымедыйнай апаратуры дазволіць не толькі паказваць наведвальнікам творы, але і дэманстраваць фільмы на замежных мовах аб маім творчым і жыццёвым шляху.За гады творчай дзейнасці я правяла больш за пяцьдзесят персанальных выставак у розных гарадах і гарадках. Я ўдзячна ўладам і жыхарам Мар’інай Горкі, Старых Дарог, Лепеля, Капыля, Дзяржынска, Лагойска, Баранавічаў. На мае выстаўкі прыходзілі тысячы наведвальнікаў. І гэта сведчыць, што ў любым месцы нашай краіны людзей прыцягвае духоўнасць і прыгажосць.
— У Полацку вы маеце магчымасць выйсці за межы адной залы?
 /i/content/pi/cult/117/379/Schasnaya1.jpg

 Н.Шчасная. ТрыпціхЕўфрасіння Полацкая і
Спаса-Еўфрасіннеўская царква”.


— Тое, што не змесціцца ў зале, я магу павесіць у калідорах. Высокія столі дазваляюць дэманстраваць буйныя работы манументальнага гучання. А для сцэны залы я спецыяльна напісала новы твор, прысвечаны Еўфрасінні Полацкай. На карціне яна лунае над Спаса-Еўфрасіннеўскай царквой, нібы ахінае яе сваімі празрыстымі адзеннямі. Некалі я задумвала падобную серыю: над кожным гістарычным месцам лётае дух таго чалавека, які тут жыў і шчыраваў на ніве культуры і мастацтва. Над Веймарам, напрыклад, я бачыла вобраз Гётэ, над Нясвіжам — Радзівілаў, а над Полацкам — Еўфрасінню. Я малявала яе неаднойчы ў самых розных творах. Але заўжды мне вельмі важна было знайсці ў яе вобразе адухоўленасць, глыбіню без пазіравання. Калі мяне назвалі Ганаровым грамадзянінам Полацка, я ў адказ падарыла гораду карціну “Наша жамчужына”: Еўфрасіння ўзносіцца над царквой і трымае ў руках жамчужыну. Сёння гэты твор захоўваецца ў фондах Полацкай карціннай галерэі.
— Ведаю, што вы вынайшлі для сябе цікавы спосаб афармляць карціны не цяжкімі рамамі, а вяроўкамі...
— Гэты спосаб я прыдумала ўжо шмат гадоў таму. І выкарыстоўваю яго пры аздабленні твораў для сваёй экспазіцыі ў Полацку. Прывезці з Мінска шматметровыя работы ў драўляных рамах вельмі складана і цяжка. Афармляць работы я буду тоўстымі вяроўкамі са штучных матэрыялаў, якія, дарэчы, перагукаюцца па фактуры са шкловалакном. Ва універсітэце сцены пафарбаваны ў светла-ружовы колер, і аздабляць работы трэба тактоўна, каб не парушыць гармонію інтэр’ераў будынка.
— Якія магчымасці развіцця вашай полацкай галерэі ў будучым?
— Плануецца адкрыць пакой маёй станковай і кніжнай графікі, дзе будуць дэманстравацца таксама стэнды з праілюстраванымі кнігамі. Мяркуецца размясціць асобна падсвечаныя метровыя слайды з фотаздымкамі маіх вітражоў. А таксама стварыць архіўную частку з кнігамі, дыскамі.

Гутарыла Наталля ЖОГЛА