Сустрэнемся ў ліпені!

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар” будзе праходзіць з 9 па 15 ліпеня. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец.

 

Глядзельная зала, купал Летняга амфітэатра і вуліцы горада, дзе адбудуцца галоўныя падзеі гэтага летняга свята, будуць асветлены па-новаму. Традыцыйна, праграма фестывалю складаецца з канцэртаў адкрыцця і закрыцця, выступленняў майстроў мастацтваў Беларусі, Украіны, Расіі, а таксама - Саюзнай дзяржавы, Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу.

 1. Інструкцыя аб правядзенні адборачных тураў да Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск" (далей - Інструкцыя) вызначае парадак правядзення ў Рэспубліцы Беларусь адборачных тураў дадзеных конкурсаў, што праводзяцца ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

 2. Мэтай адборачных тураў з'яўляецца выяўленне маладых таленавітых выканаўцаў у жанры эстраднай песні для іх далейшай прафесійнай падрыхтоўкі і прадстаўлення ад Рэспублікі Беларусь на Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" і Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск" (далей - конкурсы).

3. У адборачным туры да Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" прымаюць удзел выканаўцы эстраднай песні, якія маюць вопыт канцэртных выступленняў, тыя, хто заявіў пра сябе сваімі поспехамі ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях, ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў уключна. У адборачным туры да Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск" прымаюць удзел дзеці ад 7 да 12 гадоў, якія маюць вопыт канцэртных выступленняў, тыя, хто заявіў пра сябе сваімі поспехамі ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях.

4. Узрост удзельнікаў конкурсаў вызначаецца на 1 ліпеня года, калі праводзяцца конкурсы.

 5. Адборачныя туры праводзяцца ў два этапы. Першы - адборачнае праслухоўванне аўдыёі відэаматэрыялаў экспертнай групай да 10 красавіка года, калі праводзяцца конкурсы. Па выніках першага этапа рашэннем экспертнай групы адбіраецца па 10 чалавек да кожнага з конкурсаў. Другі - адборачнае праслухоўванне прафесійным журы выканаўцаў, што прайшлі першы этап адборачных тураў і выступаюць у суправаджэнні фанаграмы "мінус адзін". Праводзіцца да 20 красавіка. Па выніках другога этапа рашэннем журы адбіраецца па 1 чалавеку да кожнага з конкурсаў.

6. Для ўдзелу ў адборачных турах канкурсанты павінны падрыхтаваць: для першага этапа - відэазапіс 2 песень па выбары конкурсанта працягласцю не больш за 4 хвіліны (TV-фармат: AVI DV, PAL, 720х576, 48 KHz, stereo, альбо DVDфарматы: MPEG-2, PAL, 720х576, 9000 constant, 48KHz, stereo, запіс на дыску ў фармаце DVD-Video, mpg, avi); для другога этапа - 2 песні працягласцю не больш за 4 хвіліны, што выконваюцца ў суправаджэнні фанаграмы "мінус адзін" і адпавядаюць наступным умовам: эстрадная песня беларускага аўтара і на беларускай мове (для ўдзельнікаў Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск" і Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск"); эстрадная песня кампазітара славянскай краіны на адной са славянскіх моў (для ўдзельнікаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск"); эстрадная песня па выбары канкурсанта, што найбольш ярка адлюстроўвае яго выканальніцкае майстэрства і артыстычныя здольнасці (для ўдзельнікаў Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск"). Фанаграма (mini-disk, CD Audio альбо WAV), якая забяспечваецца непасрэдна канкурсантам. Песні на розных этапах могуць паўтарацца.

7. Для ўдзелу ў адборачных турах канкурсанты павінны прадставіць наступныя матэрыялы: заяўку па форме згодна з дадаткам да гэтай Інструкцыі; ксеракопію пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь (старонка, на якой пазначаны нумар і дата выдачы дакумента, і старонка са штампам аб рэгістрацыі па месцы жыхарства, альбо па месцы прабывання); творчую характарыстыку; відэазапісы конкурсных песень ва ўласным выкананні на дыску (TV-фармат: AVI DV, PAL, 720х576, 48 KHz, stereo, альбо DVDфарматы : MPEG-2, PAL, 720х576, 9000 constant, 48KHz, stereo); 2 фатаграфіі памерам 13х18 см; даведку з месца працы (вучобы); копіі дыпломаў музычных конкурсаў і фестываляў (за апошнія два гады, што папярэднічаюць году правядзення конкурсаў).

8. Заяўка накіроўваецца каштоўнай бандэроллю на адрас: 220004, г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 11, Міністэрства культуры, з пазнакай, у залежнасці ад узросту ўдзельнікаў: "Адборачны тур конкурсу "Віцебск" (дарослыя) або "Адборачны тур конкурсу "Віцебск" (дзеці). Апошні дзень прыёму бандэролей - 1 красавіка года, калі праводзіцца конкурс. Матэрыялы, дасланыя на ўдзел у адборачных турах, не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца.

9. Удзельнікі, што прайшлі першы этап адборачнага тура, інфармуюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь (далей- Міністэрства культуры), альбо іншай упаўнаважанай дадзеным міністэрствам арганізацыяй. Міністэрства культуры як арганізатар правядзення адборачных тураў мае права накіраваць афіцыйнае запрашэнне выканаўцам, якія не падалі заяўкі, але раней паспяхова прадстаўлялі Рэспубліку Беларусь на прэстыжных міжнародных фестывалях і конкурсах і па сваёй прафесійнай падрыхтоўцы могуць удзельнічаць на любым з этапаў адборачных тураў.

10. Вынікі першага этапа адборачных тураў падводзяцца экспертнай група; другога этапа - прафесійным журы. Склад экспертнай групы і прафесійнага журы фарміруецца з вядучых спецыялістаў у галіне музычнага эстраднага мастацтва, вядомых дзеячаў культуры і мастацтва і зацвярджаецца загадам Міністэрства культуры. Член журы, што мае адносіны да ўдзельніка (роднасныя сувязі, навучанне, праца і інш.), не прымае ўдзел у галасаванні па дадзеным удзельніку. Рашэнне журы прымаецца адкрытым або тайным галасаваннем. Спосаб галасавання вызначаецца журы перад пачаткам праслухоўвання. У выпадку роўнасці галасоў меркаванне старшыні журы з'яўляецца вызначальным. Рашэнне журы з'яўляецца канчатковым і абскарджанню не падлягае. Рашэнні экспертнай групы і журы афармляюцца пратаколам. Пратакол падпісваецца ўсімі членамі экспертнай групы і журы.

11. Выдаткі, звязаныя з удзелам у першым і другім этапах адборачных тураў, аплачваюцца ўдзельнікамі самастойна.

ІНСТРУКЦЫЯ

 аб правядзенні адборачных тураў да Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск"

 Форма заяўкі ўдзельніка - на сайце www.kultura.by