Альпійскае паветра... ў музеі

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Нацыянальны мастацкі музей першым у краіне набудзе спецыяльнае абсталяванне для больш зручнага і якаснага захоўвання экспанатаў. Нямецкі прыбор, які каштуе каля 20 мільёнаў рублёў, установа закупіць у другім квартале бягучага года. Пра гэта паведаміла карэспандэнту “К” вядучы інжынер па вентыляцыі музея Тамара Расцішэўская.

Каб на каштоўныя іконы, карціны, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мінулага час не ўплываў разбуральна, у галоўным музеі краіны і сёння праводзіцца складаная работа. "Аператару даводзіцца па 5-6 разоў на дзень уручную настройваць існуючае абсталяванне, каб падтрымліваць аптымальныя ўмовы для экспанатаў,- тлумачыць Тамара Расцішэўская. - Мы можам сачыць толькі за некаторымі паказчыкамі: тэмпературай і вільготнасцю ў памяшканні. Новы прыбор не толькі "дапаможа" нам кантраляваць іншыя, такія, як колькасць кіслароду, асвятленне, запыленасць паветра ў экспазіцыйных залах і фондах, але будзе і сам аўтаматычна настройвацца на патрэбны рэжым". Вынік працы тэхнікі дадасць прыемных адчуванняў і наведвальнікам музея. Як адзначылі ва ўстанове, наступным крокам па ўдасканаленні ўмоў у залах можа стаць... прыемны водар альпійскай свежасці, як, напрыклад, у Японіі. Раней дэзадарацыя паветра ў Нацыянальным мастацкім не прымянялася, бо склад гэтага рэчыва таксама можа паўплываць на захаванне карцін. З дапамогай прыбора дадзеная працэдура можа стаць бясшкоднай.