Перамога. Жыццё. Каханне

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам адначасова ладзіць два буйныя канцэртныя цыклы. Тыдзень таму калектыў распачаў святочны гастрольны тур па Магілёўшчыне, прымеркаваны да 65-годдзя Вялікай Перамогі. А 23 — 26 красавіка фінбергаўцы праводзяць у сталіцы ІІІ Музычны праект “Шлягеры на ўсе часы”.

 

Гастрольны тур, стартавым пунктам якога стаў Глуск, прадоўжыцца да лета. Аркестр і салісты выступяць у Бялынічах, Круглым, Быхаве, Краснаполлі, Касцюковічах, іншых гарадах вобласці і, вядома, у самім Магілёве. Усяго будзе дадзена 12 - 15 канцэртаў. - Гэты тур, - адзначыў М.Фінберг,- арганізаваны сумесна з Магілёўскім аблвыканкамам. Нашы канцэрты - толькі маленькая частка той даніны павагі, нашай сардэчнай цеплыні і вялікай удзячнасці ветэранам і ўдзельнікам вайны, партызанам, падпольшчыкам і ўсім, хто набліжаў Дзень Перамогі. Яны жывуць ва ўсіх кутках нашай краіны, і мы імкнёмся данесці сваё мастацтва да жыхароў не толькі абласных цэнтраў, але і малых гарадоў Беларусі. Акрамя ўласна песень у канцэртах гучаць гісторыі іх стварэння, лісты з фронту... Тэма Вялікай Айчыннай пройдзе чырвонай ніткай і праз сёлетні музычны праект "Шлягеры на ўсе часы", што адбудзецца ў клубе імя Дзяржынскага.

Першая канцэртная праграма "Леанід Уцёсаў. З песняй па жыцці" прымеркавана да 115-годдзя з дня нараджэння знакамітага музыканта, дырыжора, кіраўніка джаз-аркестра, які ўсю вайну выступаў перад байцамі. Праз шматлікія выступленні на франтах вайны прайшоў і творчы лёс Эдзі Рознера (100 гадоў з дня яго нараджэння спаўняецца сёлета). Паміж гэтымі праграмамі змесціцца канцэрт "Мая Крысталінская. Мелодыі кахання", а завершаць праект "Шлягеры любімага кіно", што прадставяць таксама нямала песень, прысвечаных вайне і Перамозе. Прэм'ера яшчэ адной новай праграмы аркестра - да 200-годдзя з дня нараджэння Ф.Шапэна - адбудзецца ў красавіку ў Гомелі. А напрыканцы года калектыў рыхтуецца правесці Першы Фестываль беларускай песні ў Мінску, адзін з канцэртаў якога будзе прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.