“Скарбы…” — землякам

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Правядзенне грамадска-культурнай акцыі “Беларусь — гэта мы!” набывае ўсё большы разгорт.

Сёння ў яе межах пройдуць два канцэрты: у Лельчыцах - Ірыны Дарафеевай, у Брэсце - тамтэйшага ансамбля танца "Радасць". Заўтра ў Пінск прыязджае Руслан Аляхно. У сераду ансамбль "Песняры", які нядаўна наведаў Оршу, завітае ў Шчучын. А ў чацвер чакаюцца адразу чатыры канцэрты: Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча выступіць у Міёрах і Глыбокім, арт-група "Беларусы" - у Навагрудку, Іскуі Абалян - у Дзяржынску... - Акцыя складаецца з двух этапаў, - паведаміў "К" начальнік упраўлення культуры Міністэрства культуры краіны Міхаіл Казловіч. - Першы, "Майстры мастацтваў - землякам", ахоплівае выступленні асобных калектываў і салістаў. Ён скіраваны, найперш, на выступленні ў рэгіёнах, каб найлепшыя ўзоры беларускага мастацтва ўбачылі і пачулі жыхары ўсіх абласцей нашай рэспублікі. Другі этап, "Скарбы беларускай зямлі", распачнецца ўвосень і будзе праводзіцца ў форме гала-канцэртаў і аглядаў культуры саміх рэгіёнаў. Дарэчы, удзельнікі такіх аглядаў будуць вызначаны пад час адборачных этапаў конкурсаў прафесійнага і аматарскага мастацтва, што пройдуць пад час першага этапа. Другі этап адкрыецца Рэспубліканскай выстаўкай сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі ў Нацыянальным мастацкім музеі краіны. Завершыцца ж акцыя толькі ў лютым будучага года, яе фінальны гала-канцэрт пройдзе ў Культурна-спартыўным комплексе "Мінск-Арэна". Кульмінацыяй акцыі сёлета стане яркае святочнае відовішча ля абеліска "Мінск - горад-герой" у Дзень Незалежнасці нашай краіны.