За аднаўленнем — аптымізацыя

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Сёння ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь — прэм’ера “Набука” Дж.Вердзі, якая можа лічыцца сумесным беларуска-расійскім праектам. Наперадзе ў тэатра — не менш перспектыўныя планы. Імі падзяліўся з журналістамі генеральны дырэктар установы Уладзімір Грыдзюшка.

/i/content/pi/cult/255/3783/2-3.jpgВялікі за год наведалі 202 тысячы гледачоў. Запаўняльнасць залы склала 98 працэнтаў. Прыбытак ад продажу білетаў - 3,2 мільярда рублёў, што складае 20 працэнтаў ад бюджэтнага фінансавання. Гэта таксама даволі вялікая лічба, бо ва ўсім свеце падобныя тэатры не могуць існаваць на самаакупнасці і атрымліваюць дзяржаўную пад- трымку, а таксама дапамогу спонсараў. Пошук дадатковага фінансавання распрацоўваецца і ў нашым тэатры: вядзецца праца па стварэнні Апякунскага савета - па ўзоры Вялікага тэатра Расіі. Гэтыя грошы спатрэбяцца не толькі для новых пастановак, якіх у тэатра будзе багата, але і для правядзення запланаваных оперных фестываляў, а таксама для таго, каб запрашаць для выступленняў зорак сусветнай опернай сцэны. У прыватнасці, пачаліся перамовы з Марыяй Гулегінай: калі будуць вырашаны фінансавыя пытанні, яна магла б даць у нас сольны канцэрт ужо ў сярэдзіне верасня.

Падпісаны дамовы з Варшаўскім, Літоўскім тэатрамі, у планах супрацоўніцтва з Кіевам, Львовам, Узбекістанам, Малдовай. У тэатра шырокія гастрольныя планы: опера "Багема" будзе па- казана ў Галандыі, балет "Баядэрка" - у Егіпце. Разглядаюцца маг- чымасці паездак у Бельгію, Італію, Кітай, Іспанію, Эстонію, Узбекістан. Многія вядучыя салісты выязджаюць па запрашэннях знаных замежных тэатраў для ўдзелу ў іхніх спектаклях. Дарэчы, колькасць салістаў у Вялікім тэатры з цягам часу можа зменшыцца: плануецца правесці атэстацыю і аптымізаваць творчы склад, пакінуўшы з 67 артыстаў каля 40. Іх партрэты, мяркуецца, з'явяцца ў фае тэатра. Музычная ж гасцёўня Вялікага ўпрыгожыцца музейнымі экспанатамі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"