Мінімум укладанняў — максімум аддачы

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Пра рэкламнае забеспячэнне 19-га тыражу латарэі “Скарбніца” распавядае чытачам “К” намеснік начальніка аддзела маркетынгу РУП “Беларускія латарэі” Святлана КАРЖАМАНАВА:

/i/content/pi/cult/255/3780/5-1.jpg- Нагадаю, што наша арганізацыя пры актыўным удзеле прадстаўнікоў Міністэрства культуры распрацавала праграму рэкламных мерапрыемстваў, скіраваных на выніковую рэалізацыю культурнай акцыі па рэканструкцыі Навагрудскага замка. Для гэтага, натуральна, зацверджаны пэўны бюджэт. Не магу не падкрэсліць выключна важную акалічнасць: чым менш гэтая рэклама будзе каштаваць, тым больш грошай мы займеем на ўзнаўленне замка ў Навагрудку. Робім справу, не забываючыся на гэтую "прапорцыю". Ужо выпушчана і выкарыстоўваецца ў пунктах латарэйных рэалізацый "агітацыйна-выхаваўчая" афіша, што тлумачыць пакупніку сэнс акцыі, зыніцыяванай Міністэрствам культуры. Наклад гэтай лістоўкі - каля трох тысяч асобнікаў.
На пачатку красавіка (а, як паказвае практыка, менавіта за паўмесяца да розыгрышу і павялічваецца пакупніцкая актыўнасць) адпаведная рэклама з'явіцца ў метро. Па тэлебачанні будзе дэманстравацца рэкламны ролік: застаўка з адлюстраваннем білета, на гэтым фоне - дыктарскі расповед пра высакародныя мэты, на якія выкарыстоўваюцца грошы пакупнікоў "Скарбніцы", і пра характар выйгрышу. Розыгрыш - працэдура рэгламентаваная і нязменная, даўно адпрацаваная і ўзаконеная нарматыўнымі дакументамі. Словам, шоу тут не атрымаецца. А вось на папярэднім этапе выдатна спрацуе любая рэкламная ініцыятыва ўсіх творчых структур, падпарадкаваных Міністэрству культуры. Уяўляеце, якой маштабнай і яркай можа стаць гэтая акцыя?! Мы гатовы да вельмі цеснага супрацоўніцтва з раёнамі Беларусі па піары высакароднага праекта. Урэшце, гэта беларуская нацыянальная традыцыя - рабіць важную для краіны справу талакой.