“Акунуцца ў глыбіню пачуццяў...”

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

Уладзімір УРОДНІЧ — вядомы мастак, дэкан мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — адзначае сваё 65-годдзе. Пяць гадоў таму ў Мінску, у Палацы мастацтва, адбылася Яго творчая справаздача. Мінула з таго часу, здавалася б, не так шмат, але за гэты перыяд, лічыць жывапісец, зроблена таксама нямала...

 /i/content/pi/cult/117/378/Urodnich.jpg
- Маю творчасць, - прызнаецца Уладзімір Уродніч, - можна параўнаць у чымсьці з кампазітарскай. Я шмат працую над пейзажам, аднак карціна - гэта асноўная форма майго, як кажуць, вызначэння. Апошнім часам мяне даймае настальгія па малой радзіме. Сплю і сню тыя сцежкі, па якіх хадзіў у дзяцінстве. Гэта як хвароба. Як доўга яна будзе цягнуцца - не ведаю. Яна проста "загадвае" мне пісаць творы, прысвечаныя дзяцінству.

— А дзе вы нарадзіліся?

— У Столінскім раёне — у вёсцы Вялікія Арлы, а яшчэ больш канкрэтна на хутары Лучкі. Прыгадваюцца размовы з маім дзедам, з маімі бабулямі, прабабуляй. Мяне мама гадавала адна, бацька загінуў у 1943 г. Ён ваяваў у партызанскім атрадзе імя Чкалава, які дыслакаваўся ў былым Давыд-Гарадоцкім раёне. Успаміны дзяцінства для мяне зараз самыя значныя. Насамрэч, дзе яшчэ можна акунуцца ў глыбіню пачуццяў, як ні ў дзіцячыя гады? У бліжэйшы час хацеў бы наведаць сваю малую радзіму. Дзесяць гадоў таму я рабіў там творчую справаздачу. Туды не толькі ў думках вяртаюся — я хацеў бы зрабіць там нейкую акцыю. Мяркую наладзіць там экспазіцыю сваіх твораў. Я ўваходжу ў той узрост, калі трэба думаць аб тым, як распланаваць рэшту часу.

— І што вы напісалі апошнім часам? — Тры гады таму да групы мастакоў, у тым ліку і да мяне, звярнулася
 /i/content/pi/cult/117/378/Urodnich1.jpg

 У.Уродніч. “Чуецца гоман лесу высокага”.

Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь з прапановай аб стварэнні Студыі ваенных мастакоў. Паколькі ў мяне ваенная тэма праходзіла як адзін з галоўных накірункаў творчасці, я, вядома, прапанову прыняў. Я і яшчэ чатыры мае аднадумцы — мастакі Апіок, Дударанка, Гардзеенка, Лойка, усе, як і я, дзеці вайны, пачалі супрацоўнічаць з Міністэрствам абароны. Мы, што называецца, спавядаемся ў паказе жыцця сучаснага беларускага войска. Я, як дэкан мастацкага факультэта акадэміі, уцягваю ў гэтую працу моладзь. Маладыя мастакі праходзяць практыку ў войску, і там нараджаюцца іх творы.

Асабіста я па дамове з Міністэрствам абароны выканаў дзве працы. Першая з іх — “Наперадзе — Беразіна”: падказана яна агульнавайсковымі вучэннямі пад кодавай назвай “Беразіна”, у якіх я калісьці браў удзел. Другая “Слова Радзіме”, прысвечаная прыняццю прысягі. Сёння Беларусь — незалежная, суверэнная дзяржава, і ў нас ёсць свае дзяржаўныя інтарэсы. Сваю грамадзянскую пазіцыю мы, мастакі, павінны дэманстраваць не на словах, а на справе...

— Які мастацкі стыль вы спавядаеце?

— Я прыхільнік рэалістычнага накірунку. І студэнтам навязваю, даруйце за такое слова, такі погляд. Найперш трэба думаць пра змест твора. Важныя акурат думка, сэнс. Існуюць розныя формы, розныя стылі. І ўсё-ткі акадэмічная форма — платформа, грунт, на якім фармуеццапогляд, фармуецца само рамяство. Акадэмізм— не закасцянелая, кансерватыўная форма. Але ж форма гэтая самая дыктуецца зместам, сэнсам, а не наадварот. Запомнілася сказанае ў 60-ыя гады нам, студэнтам, прафесарам Іванам Ахрэмчыкам: “Як напісаць і як намаляваць — гэта не праблема, гэта тэхнічны бок, яму навучаць. Важна — аб чым пісаць, пра што”.

— Што на мальберце ў вас сёння, зараз?

— У майстэрні зараз некалькі распачатых палотнаў. Адно я назваў “Салют пераможны ў Давыд-Гарадку”, яго прысвячаю мясцінам, дзе загінуў і пахаваны мой бацька. Другое палатно мае такую вось незвычайную назву — “Дарога да Вялікай Мядзведзіцы”. На ім — выява маладога хлопца на беразе ракі, у зорным небе ён бачыць човен з партызанамі, які плыве ў Вечнасць...

Мы жывём у вельмі цікавы час. Беларуская творчая моладзь скажа сваё новае і важкае слова. У нашай акадэміі ёсць музейная зала, дзе мы праводзім свае выстаўкі. Восенню яна напоўніцца творамі, прысвечанымі Купалу і Коласу. Сёлетняя студэнцкая практыка прысвечана тэме 125-годдзя з дня нараджэння Песняроў. Мы накіроўваем маладых мастакоў на Стаўбцоўшчыну, Маладзечаншчыну, Лагойшчыну, Вязынку, каб яны прайшліся шляхамі Песняроў. Задача практыкантаў — не абавязкова адлюстроўваць выявы Купалы і Коласа, а паказаць, што адбываецца сёння ў жыцці краіны і народа нашага. Калі мы паразумнелі, сталі больш добразычлівыя, больш духоўныя, значыць, укладзенае нашымі выбітнымі творцамі пачатку ХХ стагоддзя ў станаўленне і развіццё сучасных беларускай мовы, літаратуры, нацыянальнай культуры і мастацтва, — прынесла добры плён.

 Гутарыла Наталля
КІРПІЧЭНКАВА