Замак не паказвалі…

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Мы вырашылі даведацца, ці звярталі ўвагу айчынныя тэлеканалы на стан Навагрудскага замка і новыя крокі на шляху да яго рэканструкцыі.

Супрацоўніца архіва Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі знайшла адзін сюжэт, прысвечаны Рыцарскаму турніру ля сцен помніка, але датаваны ён 2004-м годам... На жаль, новых матэрыялаў не знайшлі. Галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала "ЛАД" Сяргей Кухто адзначыў, што ніхто з супрацоўнікаў не займаўся дадзенай тэмай, аднак заўважыў: "Пра латарэю чую ўпершыню, але гэтая акцыя падаецца мне добрай ідэяй. Выдатна, што арганізавала яе Міністэрства культуры краіны, і рэканструкцыя замка нарэшце зрушыцца з мёртвай кропкі. Мы з задавальненнем распавядзём пра такую карысную справу ў адной з праграм нашага тэлеканала, каб надаць акцыі рэзананс". У прэс-службе АНТ карэспандэнту "К" паведамілі, што пра замак апошнім часам сюжэтаў і праграм не рабілі. У аддзеле навін СТБ таксама ніхто не ўспомніў пра інфармацыю на гэты конт.