Выйграць бы экскурсію

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Літаральна месяц застаўся да розыгрышу латарэі “Скарбніца”. Журналісты “К” вырашылі пацікавіцца, ці карыстаецца попытам гэтая латарэя ў пунктах продажу. Разам са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, якія па нашай просьбе і са згоды рэктара ўстановы адукацыі Барыса Святлова далучыліся да акцыі газеты, мы наведалі пункты распаўсюджвання РУП “Беларускія латарэі” ў пераходзе станцыі метро “Інстытут культуры” і на верхнім узроўні ГЦ “Сталіца”.

 

Па словах аднаго з прадаўцоў, "Скарбніца", як і іншыя грашова-рэчавыя латарэі, цікавіць збольшага пэўную катэгорыю грамадства - людзей сталага ўзросту. Больш хутка ў пункце разыходзяцца імгненныя ды штотыднёвыя латарэі. Але сустракаюцца аматары "Скарбніцы" і сярод маладзейшай аўдыторыі. Як адзначылі распаўсюджвальнікі "Беларускіх латарэй", звычайна "Скарбніцу" купляюць у падарунак, у тым ліку - моладзь. Нам гэтая ідэя падалася цікавай, і мы вырашылі праверыць яе слушнасць. У выніку актыўнай рэкламнай акцыі "К", праведзенай карэспандэнтамі газеты, і расповеду пра тое, што прыбытак ад латарэі пойдзе на аднаўленне такой знакавай для Беларусі гістарычнай каштоўнасці, як Навагрудскі замак, студэнты адной са сталічных ВНУ адразу ж набылі пару білетаў латарэі на дзень нараджэння сваёй сяброўцы.

Больш за тое: яны выказалі жаданне асабіста наведаць Навагрудак, магчыма, нават паўдзельнічаць у рэстаўрацыі замка ў якасці валанцёраў. Другая акалічнасць, якая выявілася пад час нашых кантактаў з патэнцыйнымі пакупнікамі латарэйных білетаў: многія з іх не вылучаюць "Скарбніцу" з шэрагу іншых грашова-рэчавых латарэй. Магчыма, таму, што выйгрыш у яе - даволі "тыповы". "Вось каб мне прапанавалі ў якасці выйгрышу, прыкладам, экскурсію па самім замку, выхадныя ў аграсядзібе Навагрудчыны або што-небудзь падобнае, але адрознае ад астатніх латарэй, я, пэўна, больш пільна прыгледзеўся б менавіта да "Скарбніцы", - зазначыў адзін з тых, каго наш расповед зацікавіў. Многія ж і проста не ведалі пра той факт, што частка грошай ад "Скарбніцы" пойдзе на справу рэканструкцыі, і пакідалі нас з задуменным: "Цікава, а куды ж ідуць прыбыткі ад іншых латарэй?.."