У балгарскім Перніку

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

Ансамбль народнай музыкі і песні “Крынічанька” быў створаны пры Палацы культуры горада Барань у 1988 годзе. У складзе калектыву — 15 чалавек, рабочых і служачых, улюбёных у мясцовы беларускі мелас. Менавіта народныя песні Аршаншчыны, вышуканыя намі пад час фальклорных экспедыцый і старанна адроджаныя, і склалі канцэртны рэпертуар ансамбля. Нашы аўтэнтычныя калядныя, купальскія і жніўныя цыклы заўжды запатрабаваны слухачом.

 

/i/content/pi/cult/254/3772/12-2-ann.jpgУ 1996 годзе калектыў стаў народным. "Крынічанька" займела прызнанне не толькі ў Беларусі: мы бралі ўдзел у прэстыжных міжнародных фальклорных фэстах у Літве і Латвіі. А грошы на замежныя канцэртныя ваяжы імкнёмся зарабляць самі - за кошт платных канцэртаў, што ладзім пастаянна ў Барані, Оршы, па ўсёй Віцебскай вобласці. Пра адну з такіх гастролей і хачу распавесці. Ёсць у Оршы пабрацім - балгарскі горад Пернік. Там пастаянна ладзіцца фестываль маскарадных гульняў "Сурва", што мае вельмі старадаўнія карані, а ўдзельнікаў такіх маскарадных шэсцяў называюць сурвакары. Нам пашчасціла сёлета ўвайсці ў іх лік: "Крынічанька" стала ўдзельніцай XIX Міжнароднага маскараднага фестывалю ў Перніку. Паказалі балгарам адзін з калядных абрадаў Аршаншчыны. Мелі поспех, што нас, натуральна, акрыліла, бо гэты фестываль - вельмі прэстыжны: у ім бралі ўдзел больш за шэсць тысяч самадзейных артыстаў з Кітая, Францыі, Італіі, Сербіі, Харватыі, Македоніі, Румыніі, Славеніі, Грэцыі... Дахаты "Крынічанька" прывезла прызнанне, прыемныя ўражанні і сувеніры, а таксама запрашэнні прыняць удзел у фальклорных фэстах, што ладзяцца ў Македоніі і Грэцыі.

Вячаслаў ШПАКОЎСКІ, кіраўнік народнага ансамбля народнай музыкі і песні "Крынічанька" Палаца культуры г. Барань

 На здымку: "Крынічанька" на балгарскім маскарадным фэсце.