Дакрануцца да мастацтва

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

Фестываль жывапісу, літаратуры, музыкі, відэаарту “ART.INTOUCH”, арганізаваны Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва, пройдзе ва ўстанове ў красавіку. “10 гадоў у XXI стагоддзі” — такімі часавымі межамі аб’яднаны ўсе работы і праекты фестывалю, а назва яго раскрываецца як “Мастацтва праз дотык”.

 

Стартуе фестываль 14 красавіка ў Вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Старшы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела ўстановы Вольга Рыбчынская распавяла нашаму карэспандэнту пра канцэпцыю праекта: "Штогадовы "ART.INTOUCH", мы спадзяёмся, адлюструе беларускі кантэкст сучаснага культурнага працэсу. Будзем адсочваць працэсы змен, развіцця, руху, што адбываюцца ў мастацтве нашай краіны. Арганізатары прэтэндуюць на тое, каб стаць энцыклапедыяй, даведнікам па ім. Мерапрыемствы павінны стаць добрым полем для разваг мастакоў і мастацтвазнаўцаў, крытыкаў і журналістаў, мецэнатаў і пакупнікоў. Гэта выстаўкі, лекцыі, майстар-класы, "круглыя сталы", канцэрты". Папярэдняя праграма фестывалю заяўляе пра абмеркаванні інсталяцый, арт-аб'ектаў, ацэнку іх рэалізацыі. Будуць закрануты і такія пытанні, як мастацтва рэгіёнаў, эксперыментальная музыка ў Еўропе і Беларусі, сучасны дызайн. Па словах арганізатараў, на форуме павінна адчувацца ўзаемасувязь пакаленняў, новых і традыцыйных форм мастацтва.