Ю.Хілько (13 лютага яму споўнілася 50 гадоў) засвоіў асновы майстэрства на кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ва У.Савіча, В.Шаранговіча, У.Басалыгі, якую ён скончыў у 1991 годзе. З таго часу работы мастака атрымалі шырокае прызнанне, знаходзяцца ў айчынных і замежных зборах. Сёння творца ўзначальвае кафедру графікі нашай Акадэміі. Сучасная беларуская графіка схільная да творчага эксперыменту і засваення прагрэсіўных тэндэнцый і ўплываў. Яна развіваецца ў кантэксце тэндэнцый, якія ахопліваюць усю шырокую еўрапейскую культурную прастору. Ёй уласціва сціранне відавых і жанравых межаў, імкненне да сінтэзу з іншымі відамі мастацкай практыкі, абапіранне на актуальны філасофскі дыскурс. Усё гэта мае непасрэднае дачыненне да асобы Юрыя Іванавіча. Ён сваёй творчай і педагагічнай працай уносіць важкі ўклад у развіццё беларускай графікі і яе міжнароднага прызнання.
Знешне ўраўнаважаная постаць самога творцы нібыта знайшла адлюстраванне ў яго графічных лістах, адметных сімфанічным танальна-колеравым гучаннем. Псіхалагічная атмасфера работ ствараецца мастаком у непасрэднай узаемасувязі з гісторыяй, філасофіяй, культурнай спадчынай. Майстра бачыць сучаснае праз прызму традыцыйных архетыпаў, а мінулае Беларусі, наадварот, успрымае з пункта гледжання дня сённяшняга. Яго работам уласціва дасканалае танальнае вырашэнне і філігранная фактурнасць, яны ўражваюць сваімі эфектамі і вабяць недагаворанасцю. Мастак найчасцей выконвае камерныя лірычныя матывы беларускай прыроды, якія падаюцца яму невычэрпнымі, сімвалічна шматасацыятыўнымі, а таксама вялікую ўвагу надае жывапісным характарыстыкам і шырока карыстаецца сумяшчэннем некалькіх тэхнік у межах аднаго аркуша. Яму цікавая прапрацоўка сілуэта і дэталей у прасторы.
Міхаіл БАРАЗНА, кандыдат мастацтвазнаўства, ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў