Фестываль з водарам бэзу

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

Чалавек, якому споўнілася 12 гадоў, — гэта хлапчанё. А вось фестываль з такім стажам можна параўнаць з мужчынам у росквіце сіл, калі, набыўшы сталасць ды ўзважанасць, ён, у той самы час, не губляе жыццёвай жвавасці і прагі да навізны. За 12 гадоў існавання фестываль камернай музыкі “Музы Нясвіжа” набыў уласнае кансерватыўна-рэспектабельнае аблічча, захаваўшы пры гэтым здольнасць штораз выклікаць у публікі прыліў свежых эмоцый, не раўнуючы як знаёмы, але заўсёды такі жаданы, пах бэзу, што сёлета расцвіў на нясвіжскіх вуліцах акурат напярэдадні музычнага свята. Яно прайшло ў мінулыя выхадныя.

 /i/content/pi/cult/117/376/Nyasvizh.jpg
Традыцыя —
не паўтарацца
 

Словатрадыцыяпрадугледжвае і пэўную рэтраспектыўнасць, і схільнасць да паўтораў. Але ж толькі не ў дачыненні да Нясвіжскага фестывалю. Галоўная яго традыцыя — характэрная, дарэчы, і для ўсіх іншых імпрэз Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, — ніколі не паўтарацца. Сёлетні фэст, прысвечаны юбілеям Янкі Купалы і Якуба Коласа, цалкам адпавядаў гэтаму прынцыпу.
Па словах яго ініцыятара, маэстра Міхаіла Фінберга, “Музы Нясвіжа” перараслі ўжо свой адпачатны “камерны” фармат і могуць з поўным правам называцца “фестывалем мастацтваў”. Сёлета, апрача музычных імпрэз і выстаўкі, у экспазіцыі якой малюнкі выхаванцаў студыі Мазырскага нафтапераапрацоўчага завода суседнічалі з партрэтамі Купалы і Коласа з фондаў іх музеяў, фестываль уключаў таксама і спектакль Мінскага абласнога драматычнага тэатра “На другі дзень Сёмухі” паводле знакамітых Купалаўскіх “Прымакоў”.
Бадай, найпрыкметнай інавацыяй фестывальнай праграмы стала правядзенне Асамблеі выканаўцаў на драўляных духавых інструментах. Адкрываючы яе пасяджэнне, прафесар Уладзімір Скараходаў нагадаў прысутным, што слова “асамблея” перакладаецца як “сход”. Але згуртаванне беларускіх “духавікоў” было прадстаўлена як бы ў гістарычнай парадыгме, адлюстроўваючы не толькі цяпершчыну, але і гісторыю ды нават, у пэўнай меры, будучыню і дэманструючы повязь музычных традыцый. Грунтоўны экскурс у гісторыю прафесара Барыса Нічкова “ілюстравалі і развівалі” выступленні адораных музыкантаў, якія, нягледзячы на свой школьны век, ужо паспелі стаць лаўрэатамі міжнародных конкурсаў. Адметна, што ў Нясвіж яны прыехалі не толькі са сталіцы — прыкладам, Круглянская школа мастацтваў здолела выгадаваць цудоўнага саксафаніста Сашу Караваева.Парад малых калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, якія традыцыйна сталі апірышчам фэсту, папоўніўся новымі ўдзельнікамі — струнным квартэтам і ансамблем флейтыстаў пад кіраўніцтвам Барыса Нічкова і Генрыха Гедыльтэра. Абодва яны здолелі прыўнесці ў музычную палітру фэсту новыя адценні. 

Падручнік у канцэртным фармаце 

Водар бэзу адчуваўся не толькі на вуліцах, але і ў зале Нясвіжскага цэнтра культуры і адпачынку, цудоўна дапаўняючы часам імпульсіўную, а часам глыбока-задуменную музыку беларускіх творцаў, якія стаялі ля вытокаў нацыянальнай кампазітарскайшколы.
Ствараючы з года ў год унікальны мультымедыйны падручнік па гісторыі беларускай музыкі ў канцэртным фармаце, завадатары фестывалю гэтым разам адгарнулі зусім нядаўнюю яе старонку. З твораў такіх кампазітараў, як Мікалай Чуркін, Леў Абеліёвіч або Мікалай Аладаў, пыл вякоў здзьмухваць не выпадае, аднак іх імёны, на жаль, нячаста можна сустрэць на канцэртных афішах. Ды і пра творчасць Анатоля Багатырова, Яўгена Глебава і Дзмітрыя Смольскага падчас канцэрта таксама можна было даведацца нямала новага.
Варта агаварыцца, што “чытанне” канцэртнага падручніка зусім не робіць публіку ахвярай панылага дыдактызму. Выкшталцонасць канферансу Вольгі Дадзіёмавай — доктара мастацтвазнаўства, прафесара і проста абаяльнай жанчыны — заключаецца менавіта ў яе ўменні спалучаць інфарматыўнасць з лёгкасцю падачы матэрыялу. Таму слухачы пачуваюць сябе не студэнтамі на занудлівай лекцыі, а ўдзельнікамі захапляльнай экскурсіі па нязведаных музычных абшарах.
Нязведаных — бо майстэрству музыкантаў малых калектываў аркестра спадарожнічае імкненне іх кіраўнікоў надаваць творам новае гучанне праз іх творчае пераасэнсаванне і “пераклад” на мовы іншых музычных інструментаў, якое таксама можна назваць адной з традыцый фэсту. Падчас канцэрта “Музычны гадзіннік Нясвіжскай ратушы: ХVI — ХІХ стагоддзі” ансамбль кларнетыстаў пад кіраўніцтвам Генадзя Забары выканаў ладны блок твораў яшчэ аднаго сёлетняга юбіляра — Напалеона Орды, прызначаных спачатку… для фартэпіяна. Яшчэ адным удалым эксперыментам стала “Полька” М.Чуркіна, выкананая трубачамі з “Інтрады” пад акампанемент не ўласцівых для класічных канцэртаў рытмічных воплескаў публікі. 

 /i/content/pi/cult/117/376/Nyasvizh1.jpg
Не толькі музам лунаць…
 

У ролігаспадарафестывалю старшыня Нясвіжскага райвыканкама Ігар Макар выступаў упершыню, бо цяперашнюю пасаду заняў нядаўна. Але ж чарам муз ён быў падвержаны ці не ад пачатку іх з’яўлення ў Нясвіжы — рэгулярна наведваючы імпрэзы фэсту ў якасці гледача. У кагосьці думкі пра сувязь паміж класічнай музыкай і сельскай гаспадаркай, на якой спецыялізуецца Нясвіжскі раён, выклікаюць прыліў іроніі. Але толькі не ў кіраўніка адміністрацыі, які заяўляе, што фестываль акурат і натхняе жыхароў краю працаваць эфектыўней. Бо толькі духоўны, гарманічна развіты чалавек можа дасягнуць поспехаў у вырошчванні хлеба штодзённага.
Дарэчы, па эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці раён з’яўляецца адным з лідэраў, і па карысны досвед сюды прыязджаюць з усёй Беларусі. Атрыманыя ў выніку плённай працы эканомікі сродкі адміністрацыя Нясвіжчыны актыўна інвестуе ў сацыяльную сферу. Каля мільярда рублёў абыдзецца раёну будаўніцтва бібліятэкі, а Дом культуры будзе каштаваць разоў у дванаццаць болей. Ігар Макар паабяцаў, што, калі планы здзейсняцца, юбілейны — 15-ты фестываль пройдзе ў новай вялікай зале.А вось паглядзець на знакамітыя краявіды з вышыні госці фэсту здолеюць яшчэ раней: турыстычная інфраструктура Нясвіжа неўзабаве папоўніцца аэраклубам. Не толькі ж музам лунаць...
Адкрываючы фестываль, першы намеснік міністра культуры РБ Уладзімір Рылатка правёў паралелі паміж гэтай падзеяй і буйнамаштабнай акцыяй “За незалежную Беларусь”, адзначыўшы, што адраджэнне гістарычнай памяці — якому гэтак плённа спрыяюць “Музы Нясвіжа” — з’яўляецца падмуркам умацавання суверэнітэту Беларусі.

наш спецкар.
Мінск — Нясвіж — Мінск
                                     
Фота аўтара