Пульс “Любімай мелодыі”

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

Гледзячы на палотны сучасных творцаў, рэдкі мастацтвазнаўца, нават вельмі высокай кваліфікацыі, адразу адназначна вызначыць стыль майстра. Напрамкаў і тэндэнцый у постмадэрнісцкім жывапісе стала столькі, што і прыгадаць усе складана. Да таго ж, амаль ніводны аўтар не кіруецца канонамі выключна аднаго напрамку, стылю, нават тэхнікі, трансфармуючы іх, далучаючы элементы аднаго да другога. Таму часта побач з рэалізмам у палатне заўважаем прыкметы імпрэсіянізму, прымітывізм нярэдка складана адрозніць ад поп-арту, а ў творах асобных мастакоў амаль немагчыма правесці мяжу паміж “прадметным” і— асабліва— дэкаратыўным жывапісам.

 

/i/content/pi/cult/254/3758/9-5.jpgАдразу паўстае пытанне: ці не прывядзе такое імкненне творцаў выяўляць сябе як мага больш незвычайна, неардынарна да страты традыцый, у першую чаргу - рэалістычных? Таму ў той час як большасці нашых сучаснікаў блізкі эксперымент - ці то ў форме, ці то ў змесце, - мастацкае аб'яднанне "Традыцыя" ў якасці творчых прынцыпаў называе імкненне да мастацкай праўды, рэалістычнага метаду адлюстравання, сцвярджэння дабра над злом, выяўлення лепшых чалавечых якасцей беларусаў. Выяўленне гэтых прынцыпаў на палотнах мастакі "Традыцыі" прадставілі на сваёй другой выстаўцы - "Любімая мелодыя". Яна нядаўна прайшла ў сталічнай галерэі "Мастацтва". Удзел у экспазіцыі прынялі не толькі заснавальнікі аб'яднання - жывапісцы М.Апіёк, У.Уродніч, В.Барабанцаў, але і іншыя яго члены: В.Асядоўская, Э.Бубашкіна, Н.Голышава К.Шастоўскі ды іншыя. Традыцыйнасць мастакоў аб'яднання выражаецца не толькі фармальна, але і змястоўна, што робіць творы жывапісцаў вельмі блізкімі да асноў духоўнасці беларуса.

/i/content/pi/cult/254/3758/9-6.jpgПобач з эцюдамі, вясковымі і урбаністычнымі пейзажамі, нацюрмортамі на выстаўцы прадстаўлены і фігуратыўныя кампазіцыі, якія вельмі трапна, з асаблівай увагай да дэталей, адзначаюць уласцівыя нашаму народу якасці. У той жа час, знаходзіць месца ў работах мастакоў-традыцыяналістаў і своеасаблівая жывапісная метафара. Дзякуючы ёй звычайныя і паўсядзённыя для гледача сюжэты і тэмы на палотнах набываюць тонкую паэтычнасць і ўзвышанасць. Выстаўка гэтая - яшчэ і своеасаблівае адмаўленне стэрэатыпаў у адносінах да рэалізму: маўляў, у строгім адлюстраванні рэчаіснасці губляецца індывідуальнасць мастака, нівеліруюцца асаблівасці яго стылю, тэхнікі. "Любімая мелодыя" - яркі доказ памылковасці такіх думак, бо ў творах кожнага аўтара бачны асаблівы каларыт, свая пачуццёвая танальнасць, а галоўнае - адчуваецца пульс жыцця чалавека ў сучасным свеце.

Алена ШАХНОВІЧ