“Багажны” паўстанак

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

На сцэне Слонімскага драматычнага тэатра адбылася прэм’ера спектакля “Паўстанак” паводле п’есы Аляксея Шчэрбака — драматурга, які жыве ў Рызе, з’яўляецца дырэктарам буйнога выдавецкага дома і піша п’есы. Яго драматургічная спроба атрымала шмат узнагарод на міжнародных конкурсах і фестывалях, у тым ліку ў Расіі і Беларусі. Спектакль паставіў малады рэжысёр Дзяніс Фёдараў. Пасля заканчэння ў мінулым годзе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ён не застаўся ў сталіцы, а прыехаў у Слонім. Першай самастойнай работай творцы стаўся спектакль па п’есе Аляксея Дударава “Не пакідай мяне”, цяпер жа ён прадставіў на суд гледачоў сваю другую пастаноўку на слонімскай сцэне.

 

/i/content/pi/cult/254/3757/8-3-ann.jpgУ аснове сцэнічнай дзеі - простая, але надзіва кранальная гісторыя: адзінокая жанчына, што працуе пуцявой абходчыцай на чыгунцы і выхоўвае малога сына, раптам сустракае на сваім жыццёвым шляху пісьменніка, які выпадкова трапляе на іх паўстанак і праводзіць там некалькі дзён. І ў нейкі момант здаецца, што птушка шчасця завітала ў гэты закінуты куточак. Але калі праз год выпадковы госць вяртаецца на той маленькі паўстанак, каб зноў сустрэцца з жанчынай і хлопчыкам, якія запалі яму ў душу, малы Ваня расказвае, што мама трапіла пад таварняк... Слонімскія акцёры Вікторыя Міхальчык, Сяргей Яўменаў і Сяргей Фурса дакладна знайшлі ключ для расшыфроўкі асаблівасцей паэтыкі "Паўстанка", паказалі сапраўдны ўзор акцёрскага натхнення і поўнай творчай і псіхафізічнай самааддачы, што і прынесла станоўчы вынік. Яны здолелі спасцігнуць і раскрыць на сцэне адметнасць характараў ва ўсёй іх псіхалагічнай ды сацыяльнай абумоўленасці і заслугоўваюць самых яркіх эпітэтаў. Іх ролі вылучаюцца багаццем акцёрскай палітры, сакавітасцю і яркасцю фарбаў. А поруч з прафесійнымі акцёрамі ў ролі Сына на сцэну выйшаў слонімскі школьнік Уладзіслаў Клюкас, які, варта зазначыць, справіўся са сваёй роляй належным чынам і не выпаў з акцёрскага ансамбля. Нягледзячы на сумны фінал гэтай гісторыі, што падштурхоўвае задумацца аб нашым жыцці, аб чалавечых узаемаадносінах, каханні і тым духоўным і душэўным "багажы", з якім мы крочым па жыцці, гледачы выходзілі з залы з засяроджанымі тварамі: яны неслі свае думкі і развагі з сабой...

Сяргей ЧЫГРЫН Слонім

 На здымку: рэжысёр Дзяніс Фёдараў пад час рэпетыцыі спектакля.