Вакол каманды "Беларусьфільма", якая прыехала здымаць "Эпізод у супермаркеце", сабралася шмат гледачоў. Гукарэжысёр Уладзімір Сухадолаў, не заўважыўшы побач журналіста, неабачліва падумаў услых: "Мінск - горад кінематаграфічны. Кожны мінчанін хаця б раз у жыцці бачыў здымачную пляцоўку". Вось і цяпер кінематаграфічна адукаваныя жыхары сталіцы сабраліся паглядзець на ігру акцёраў, задзейнічаных у фільме: Ігара Забары, Станіслава Дружнікава, Паліны Сыркінай, Ганны Палупанавай. Забара (адмыслова прыехаў у Беларусь на адзін дзень) у касцюме зайца з велізарнымі вушамі распалохвае мясцовую дзятву, Дружнікаў у касцюме бухматага дыназаўра млява абмахваецца "лапай". Пытаюся: "Станіслаў, чаму ваш герой у такім дзіўным касцюме?" "О! Доўга распавядаць. Там такі заблытаны сюжэт! Мой герой - адзінокі чалавек, які страціў надзею на ўсё. Ён перажыў страту дачкі, развёўся з жонкай і перастаў верыць у тое, што калі-небудзь пакахае зноў і створыць сям'ю. Каб прыглушыць тугу, ён пастаянна займаецца рамонтам,. І аднойчы выпадкова разбурае сцяну, за якой жыве галоўная гераіня...
Сканчваецца ж усё хэпі-эндам. Я лічу, што трэба рабіць больш фільмаў з добрым фіналам. Усім патрэбны надзея, любоў, цеплыня, якія будзе выпраменьваць экран тэлевізара. Людзі стаміліся ад шэрасці - хочацца вясёлкі. Яе я і стараюся ствараць сваёй працай". Рэжысёры бываюць розныя. Дзмітрый Лось, выпускнік майстэрні Міхаіла Пташука, - рэжысёр актыўны. Ён мітусіцца, бегае па пляцоўцы, ледзь не плача разам з галоўнай гераіняй, рыхтуючы яе для буйнога плана з чуллівым маналогам і морам слёз. Дзмітрый ніколькі не камплексуе з-за "нізкага" фармату тэлесерыяла і лічыць, што цалкам рэалізоўвае сябе як рэжысёр. "Я стаўлюся да гэтага як да паўнавартаснага мастацкага фільма, у яго ёсць пачатак, сярэдзіна і канец, - дзеліцца са мной дэбютант пад час перапынку. - Гэтым, уласна кажучы, наш фільм і адрозніваецца ад "мыльнай оперы". У звычайных тэлесерыялах няма перспектывы развіцця дзеяння, ніхто не ведае, калі і чым усё скончыцца. А ў нас усё зразумела, ясна размеркаваны перспектывы кожнай ролі. Па сутнасці, гэта і ёсць класічная поўнаметражная стужка, проста, падзеленая на дзве серыі - так званы серыял выхаднога дня". Калі і на якім канале мы зможам пабачыць "Трамвай у Парыж", яшчэ не вядома.
Для беларускага тэлегледача, зразумела, было б цудоўным сюрпрызам нарэшце пазнаёміцца і з айчынным жанравым тэлефільмам. Як бы там ні было, р э ж ы с ё р "Трамвая ў Парыж" збіраецца здымаць і надалей. "У мяне і гісторый шмат, і с ц э н а р ы я ў, - запэўнівае Дзмітрый Лось.
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА