Лесвіца ў неба для патэнцыйнага турыста

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

Ляхавіччына мае, прынамсі, адну унікальную рысу. Бяром карту раёна і ўмоўна “наносім” на яе тамтэйшыя помнікі гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод іх адназначна пераважаюць старыя шляхецкія сядзібы: Вошкаўцы, Фларыянава, Грушаўка, Нача, Нача Свянціцкая, Савейкі… Злучыўшы гэтыя пункты паміж сабою, атрымаем своеасаблівае сузор’е, якое месціцца на ўсходзе раёна. Адлегласць паміж яго “зоркамі” — лічаныя кіламетры. Такой канцэнтрацыі ацалелых старадаўніх сядзіб у нашай краіне, мусіць, нідзе больш не знойдзеш. Здавалася б, вось ён, рэгіянальны брэнд — яго нават і вынаходзіць не трэба. Браслаўшчына — край азёраў, а Ляхавіччына, скажам, — зямля палацаў і паркаў. Але... Сёння гэтыя сядзібы — прычына не столькі гонару, колькі клопату. Адказ на пытанне, як адрадзіць або, прынамсі, захаваць найбольшую адметнасць краю, у раёне пакуль што не ведаюць. У былыя часы гісторыя гэтых мясцін была багатай на дзівосныя піруэты. Сучасная ж гісторыя сядзіб — аднатыпная і банальная. Да той пары, пакуль будынак палаца выконваў пэўную функцыю (клуб, крама, бальніца...), ён захоўваўся. Пасля таго, як установа з той ці іншай прычыны яго пакідала, пачынаўся працэс павольнага руйнавання. Такі лёс спасцігнуў амаль усе з пералічаных вышэй сядзіб.

 

/i/content/pi/cult/254/3750/5-1.jpgУ Спісе не значацца...

Адзін з этапных твораў вядомага філосафа-мараліста ХІХ стагоддзя Фларыяна Бохвіца называецца "Думкі пра выхаванне чалавека". І яны прыходзілі пад час шпацыру па старым парку "родавога гнязда" - вёскі Вошкаўцы, якая ў савецкі час атрымала "мілагучнае" імя Ураджайная. Сядзібны дом, дзе пісаў свае творы мысляр, захаваўся да нашага часу - што праўда, у моцна змененым выглядзе. У сваёй грунтоўнай энцыклапедыі замкаў і сядзіб Брэстчыны галоўны спецыяліст упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Леанід Несцярчук піша: "Палац быў узведзены яшчэ да Бохвіцаў, у XVII стагоддзі, з хвойнага дрэва. У будаўніцтве палаца выкарыстоўваліся выключна драўляныя цвікі". Някідкі будыначак, які сваім цяперашнім выглядам мала адрозніваецца ад звычайнай хаціны, - адзін з найстарэйшых помнікаў драўлянай жыллёвай архітэктуры на Беларусі... Яшчэ пазалетась палац выконваў пачэсную ролю ў вясковым жыцці: там месцілася амбулаторыя. Сёння яго дзверы адкрыты для ўсіх ахвотных. Дакладней, іх папросту скралі. Аконныя рамы таксама камусьці прыдаліся. Унутры будынка - такі гармідар, нібы гэтая ціхуткая вёска спазнала татара-мангольскае нашэсце. Парупіцца аб тым, каб яго "прадухіліць", энтузіястаў, мусіць, не знайшлося. Праехаўшы некалькі кіламетраў ад Вошкаўцаў, бачыш абрысы дзівоснай камяніцы з неатынкаванай цэглы, якая замыкае перспектыву вясковай вуліцы. Сын філосафа Ян Отан Бохвіц збудаваў тут новую сядзібу і назваў яе ў гонар бацькі - Фларыянава.

Сучасная гісторыя абодвух палацаў - аднолькавая. З той толькі розніцай, што ў Фларыянаве пэўны клопат мясцовых улад пра сваю адметнасць усё ж заўважны: вокны будынка заклеены поліэтыленам, лазы ў лёхі накрыты дошкамі... Але такія дэталі зусім не змяняюць агульнага ўражання ад гэтых мясцін. Роўны, некрануты слой снегу перад ганкам хіба яго ўзмацняе. Сёння гэтаму прыгожаму будынку не могуць знайсці новае прызначэнне. У старых гаспадароў такога пытання не паўставала. На пачатку ХХ стагоддзя яны адкрылі тут невялічкі пансіянат. Зацішны куток стаў прыцягваць творчую багему. Над Фларыянавам луналі гукі піяніна і дыскусіі пра сутнасць прыгажосці. Дуб, які пасадзіла ўжо знакамітая на той час Эліза Ажэшка, можа стаць дадатковым "магнітам" для турыстаў. Побач з разгалістым дрэвам - ахоўная шыльда, ладна ўжо пашарпаная ад даўніны. Але ўзяўшы ў рукі апошняе выданне Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, фларыянаўскай сядзібы я там не знайшоў. Як, дарэчы, і вошкаўскай. Хаця, здавалася б, і архітэктурная, і мемарыяльная значнасць гэтых мясцін сумневу не выклікае. Не значацца ў Спісе і іншыя сядзібы раёна: даўно закінутыя палацы ў Лабузах і Начы Свянціцкай, шыкоўны парк у Рэпіхаве... Няма там і некаторых храмаў, помнікаў археалогіі. - Калі аб'ект не мае статуса помніка гісторыка-культурнай каштоўнасці, уплываць на яго лёс бадай немагчыма, - кажа начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі. - Таму мясцовым уладам варта звярнуць увагу на гэтую праблему... Спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама Валерый Івашка запэўніў, што праблема гэтая не абмінаецца ўвагай, і праца па яе вырашэнні актыўна вядзецца. Замаруджванне выклікана толькі тым, што падрыхтоўка дакументаў, якія патрэбны для надання помніку спадчыны адпаведнага яму статуса, вымагае нямала часу.

Рынкавы кошт старой вадакачкі

Паводле звестак аддзела культуры, гістарычных сядзіб у раёне - 14. Леанід Несцярчук у сваёй кнізе апісвае 23 аб'екты. Праўда, сярод іх ёсць і тыя, ад якіх засталася ледзь прыкметная алейка або і наогул адны ўспаміны старажылаў. Лёс сядзібы ў Савейках склаўся іначай: яна стала ваенным санаторыем. Палац, моцна пашкоджаны пад час вайны, быў адрэстаўраваны, парк і гаспадарчыя пабудовы таксама падтрымліваліся ў добрым стане. Сёння ў памяць аб тых часінах засталіся хіба помнік Леніну ды іншыя ўзоры манументальнага мастацтва савецкай пары - досыць цікавыя, але не зусім адпаведныя месцу. Санаторыя даўно ўжо няма, услед за ім сядзібу пакінуў і іншы "гаспадар" - бальніца. ...На дзвярах палаца вісеў замок. Амбулаторыя, якая сёння ў ім размешчана, працуе нават не кожны дзень, а для яе дзейнасці патрэбны хіба некалькі пакойчыкаў. Таму зразумела, што дамоклаў меч занядбання вісіць і над гэтай сядзібай. Вось, у зграбнай вінакурні з "разынкавай" кладкай - часткі сядзібнага комплексу - ужо вывалілася вонкі ваконная рама... - Яшчэ летам яна была на месцы, - адзначыў Валерый Івашка. - Але паколькі гэты будынак пустуе... Лёс Савейкаў пакуль няпэўны. Аднак яшчэ зусім нядаўна ён мог зрабіць круты піруэт: на сядзібу "паклаў вока" сталічны бізнесмен Андрэй. - Дзяржпраграма па развіцці агратурызму спарадзіла ў мяне свайго кшталту "ідэю фікс": стварыць аб'ект, які адлюстроўваў бы не сялянскі, а шляхецкі "зрэз" вясковага побыту,- распавядае ён. - Пагадзіцеся, на туркарце Беларусі такой прапановы пакуль што надта бракуе. Прадпрымальнік планаваў "перасяліць" амбулаторыю ў больш прыдатнае для яе памяшканне, а на яе месцы стварыць гатэль-пансіянат, разлічаны на кліентаў з дастаткам "вышэй за сярэдні", выкарыстаўшы частку плошчы пад музейныя экспазіцыі. - У рэалізацыі гэтага праекта было запланавана некалькі этапаў,- распавядае бізнесмен. - Ажыццявіць грунтоўныя гістарычныя даследаванні- у тым ліку і ў замежных архівах, па магчымасці, стварыць інтэр'еры сугучна той эпосе, прывесці да ладу парк, вылечыць шматлікія хворыя дрэвы...

 Адным словам, аднавіць колішні дух сядзібы, бо менавіта ён павінен стаць найважнейшым складнікам тураб'екта. Сёння таго духу там няма... На Савейках выбар бізнесмена быў спынены па дзвюх прычынах. Па-першае, сядзіба захавалася ў адносна добрым стане. І захавалася менавіта як сядзіба - цэласны і адасоблены арганізм з усімі складнікамі: палацам, паркам, каскадам сажалак, гаспадарчымі пабудовамі. А па-другое... - Я сам родам прыкладна з тых мясцін, і таму ведаю іх даволі добра, - прызнаўся Андрэй. - Я не столькі ставіў перад сабой бізнес-задачы, колькі меў жаданне стварыць культурны аб'ект. На прыбытак разлічваў толькі ў перспектыве. Па словах бізнесмена, для ажыццяўлення сваіх намераў ён быў гатовы выкупіць сядзібу па нізкім кошце і інвесціраваць у яе амаль 5 мільярдаў рублёў. Такіх сродкаў і сапраўды дастаткова, каб ператварыць праблемны аб'ект у рэспектабельны. - У Ляхавіцкім райвыканкаме мяне сустрэлі вельмі прыязна, і мы хутка прыйшлі да поўнага паразумення,- распавядае прадпрымальнік.- Але ж потым пачалі паўставаць праблемы. Справа ў тым, што аб'ект не быў гатовы да адчужэння. Каб распачаць гэты працэс, трэба было зрабіць тэхпашпарты на кожны будынак, аформіць дакументацыю на зямельныя ўчасткі. Гэтая працэдура заняла каля двух гадоў. Пасля вырашэння ўсіх фармальнасцей па ініцыятыве райвыканкама адбылася ацэнка сядзібы, і тая была выстаўлена на аўкцыён. Пачатковая цана - 2 мільярды 100 мільёнаў рублёў. Аўкцыён не адбыўся.

- У мяне запыталі: дык чаго ж ты нават заяўкі не падаў? Я патлумачыў: ведаеце, але за такія грошы можна купіць падобны аб'ект на поўдні Францыі. Не, я зусім не супраць папоўніць раённы бюджэт, але... Прабачце, два мільярды гэтая сядзіба не каштуе - зважаючы хаця б на аб'ём інвестыцый, якія яна патрабуе. На думку бізнесмена, завышаны кошт стаў прычынай недасканалай метадалогіі ацэнкі, якая не ўлічвае рэальнага стану аб'екта і рынкавы попыт на яго: - Колькі можна заплаціць за старую воданапорную вежу, што месціцца перад фасадам сядзібы? Нуль рублёў. Нам яна не патрэбна, давядзецца яшчэ выдаткаваць уласныя грошы, каб яе дэманціраваць. Але ж той металалом таксама быў ацэнены! Па словах Ігара Чарняўскага, вынік ацэнкі, якую праводзіла Міністэрства культуры краіны, меў аб'ектыўны характар: - Яе рабілі прафесійныя спецялісты, яна была зацверджана Навукова-метадычнай радай па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей. Але зразумейце: ацэнка была патрэбна дзеля вызначэння стартавай цаны - пэўнай кропкі адліку. А стартавая цана - не канчатковая. Яна можа змяніцца не толькі ў бок павышэння, але і ў супрацьлеглы бок. Дынаміку тут вызначае рынак - і толькі ён. А л е ж запрашэння падаць заяўку на новы аўкцыён бізнесмен пакуль не атрымаў. Цяпер ён плануе новую вандроўку па беларускіх сядзібах, каб знайсці іншую пляцоўку для ажыццяўлення сваёй задумы.

 А дзе сабакарня?

 На партале Брэсцкага аблвыканкама можна знайсці інвестыцыйны праект, які датычыцца галоўнай адметнасці Ляхавіччыны - сядзібна-паркавага ансамбля ў Грушаўцы. Яго ідэя ўражвае сваёй прапрацаванасцю. Кожнаму з элементаў вялікага комплексу знайшлася новая функцыя. У флігелі-"мураванцы" прапанавана стварыць музей, прысвечаны знакамітаму Тадэвушу Рэйтану, чый трагічны лёс скончыўся менавіта ў гэтых сценах. У палацы - гатэль і яшчэ адзін музей, этнаграфічны. У стайні- конную школу для мясцовай дзятвы. У былым спіртапрымальніку - кавярню. А ў сабакарні- пітомнік для паляўнічых парод. - Няма больш той сабакарні!- агаломшыў ляхавіцкі мастак і краязнаўца Сяргей Чарановіч, калі я папрасіў яго паказаць гэты дзіўны аб'ект. - Яна была зруйнавана ўжо ў апошнія гады. Кім- невядома. Як сведчаць мясцовыя жыхары, палац быў закінуты яшчэ ў 1975 годзе. Але ж адкрыты ўсім стыхіям будынак з пустымі аканіцамі і сёння мужна змагаецца з часам. На сценах нават захаваліся аўтэнтычныя фрэскі! Праўда, яны суседнічаюць з тымі надпісамі, культурная каштоўнасць якіх вельмі сумнеўная... Апошні прадстаўнік знанага роду Юзэф Рэйтан быў чалавекам пераборлівым. Трохі больш як стагоддзе таму ён зруйнаваў стары грушаўскі палац і збудаваў новы, драўляны. Уладальнік сядзібы дбаў не толькі пра экалагічнасць свайго жытла, але і пра яго трываласць: будаўнічыя матэрыялы звозіліся ў Грушаўку, не раўнуючы, з усёй Еўропы. - Прайдзіцеся па гэтым паркеце, і вы не пачуеце ані рыпу,- звяртае маю ўвагу Сяргей Чарановіч. - Хаця ў завею тут цэлыя сумёты былі. І гэтак - ужо колькі гадоў!

 Таму і не дзіва, што некаторыя мясцовыя жыхары здавён выкарыстоўваюць палац як бясплатную крыніцу якасных будаўнічых матэрыялаў (або проста дроў для топкі печы, хто ведае?). Здавалася б, за трыццаць з гакам гадоў адтуль ужо можна было скрасці ўсё, што толькі можна. Але краязнаўца, які ведае ў палацы літаральна кожны цвік, ці не штомесяц са скрухай адзначае новыя "сляды чалавечай дзейнасці": - Адсюль дошкі былі скрадзены з паўгода таму, адсюль - ужо сёлета,- праводзіць ён сумную экскурсію. - Дарэчы, і ганак абрынуўся толькі летась... Незайздросны стан мае і найстарэйшы ды найкаштоўнейшы (з гістарычнага пункта гледжання) будынак палаца- той самы мураваны флігель. Дах у ім відавочна працякае. - Штогод мы ладзім у Грушаўцы суботнікі: прыбіраем смецце, косім,- распавядае начальнік аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама Ніна Прыхач. - Задзейнічана і моладзь, навучэнцы Ляхавіцкага аграрнага каледжа. І гэтыя захады знаходзяць у раёне падтрымку: скажам, знайсці машыну, каб вывесці лісце, - не праблема. Але не магу сказаць, каб такая работа вялася пастаянна. Вось калі б з'явілася магчымасць зрабіць адну-дзве стаўкі для тых, хто сачыў бы там за парадкам... Каб пераканацца ў слушнасці такой прапановы, варта завітаць у іншую сядзібу Брэстчыны - Дубаі, што на Піншчыне. Яе ўласнік- мясцовая гаспадарка- увяла адмысловую стаўку для наглядчыка за гістарычным помнікам (хай сабе афіцыйна пасада гучыць як "дворнік") і заангажыравала на гэтую працу сапраўднага энтузіяста, які можа не толькі скасіць траву, але і правесці цікавую экскурсію для турыстаў. Здавалася б, сродкаў такая інавацыя запатрабуе небагата, але яе плён абяцае быць істотным. Пабачыўшы, што помнік спадчыны пад наглядам, мясцовыя прайдзісветы ўжо не будуць абдзіраць з яго дошкі.

Зрабі сам

 Пошукі інвестара для Грушаўскай сядзібы пачаліся далёка не сёння. Гучалі ўжо і зацікаўленыя прапановы. Але ж на гэтым шляху раптам з'явілася сур'ёзная перашкода: як выявілася, дакументацыя на палац і іншыя будынкі была страчана. Яе аднаўленне - справа карпатлівая і нятанная. Замарудзілася праца і па рэстаўрацыі сапраўднай візітоўкі ляхавіцкага краю - капліцы-спачывальні Рэйтанаў. Праектна-каштарысная дакументацыя была зроблена яшчэ некалькі гадоў таму, але ж заказчык - аддзел культуры - не меў сродкаў, каб поўнасцю за яе разлічыцца. Доўг будзе пакрыты сёлета дзякуючы тым 30 мільёнам, якія выдзелены на ахову спадчыны раёна абласным упраўленнем культуры. - Застанецца якіх 15 мільёнаў. І ў мяне ўзнікае пытанне: як іх належыць асвоіць? - шчыра прызналася Ніна Прыхач. - Бо сума надта мізэрная для такога праекта... - Можа, набыць на гэтыя грошы дошак, фанеры, шыферу ды зрабіць хаця б элементарныя захады па кансервацыі закінутых сядзіб? - падаў я ідэю. - Ведаеце, калі распачынаць работу, то ўжо - усур'ёз, - лічыць Ніна Барысаўна. Ігар Чарняўскі з ёю не згодны: - Сёння галоўная задача - захаваць помнікі спадчыны да з'яўлення зацікаўленых інвестараў. Для таго, каб закрыць вокны неабразной "дваццацьпяткай", вялікіх рэсурсаў не трэба. Таму разводзіць рукамі ў дадзеным выпадку не выпадае. Як адзначыў Ігар Чарняўскі, на пачатку года ўпраўленне па ахове спадчыны падрыхтавала свае рэкамендацыі па захаванні гістарычных сядзіб. Дакумент утрымлівае падрабязны пералік канкрэтных дзеянняў - з шэрагу "зрабі сам". - Але, мусіць, прасцей мне самому пагрузіць у свой багажнік тыя прымітыўныя будматэрыялы, расстарацца на кілаграм цвікоў і правесці работу па кансервацыі тых помнікаў, чым чакаць ініцыятывы "на месцах", - адзначыў начальнік упраўлення. - Тут я маю на ўвазе не толькі Ляхавіцкі раён. На вялікі жаль, сітуацыя ўвогуле характэрная. Хіба вялікая гэта праблема - зачыніць вокны і дзверы, а калі хтосьці выдзярэ дошку - прыбіць яе зноў?

 * * *

 Не так даўно па ініцыятыве райвыканкама быў выдадзены буклет з красамоўнай назвай: "Ляхавіцкі раён вачамі патэнцыйнага турыста". Чаму турыст- "патэнцыйны", думаецца, ужо зразумела. Як і тое, што можа яго "ўрэчаісніць". І Чарановіч, і Івашка могуць гадзінамі распавядаць неверагодныя факты і гіпотэзы з мінуўшчыны ляхавіцкіх сядзіб. Скажам, пра колішняга ўладальніка Савеек - Канстанціна Рдултоўскага, які сябраваў з Міцкевічам і Пушкіным. Або пра тое, што лістоўніцы алеі, якая вядзе да спачывальні Рэйтанаў, павялічваюцца ў даўжыні па меры набліжэння да капліцы. Я б не паверыў, але... Плаўная лінія і сапраўды выразна праглядаецца здалёк. - Як удалося дасягнуць такога выніку - невядома, - кажа Сяргей Чарановіч. - Навошта? Задумаўшыся над гэтым пытаннем, я прыйшоў да высновы: гэта своеасаблівая лесвіца ў неба. Не думаю, што алея мае толькі дэкаратыўнае значэнне - у ёй праглядаецца і містычная сімволіка. Знамёства з такімі дзівосамі прымушае змяніць уражанне аб Ляхавіцкім краі. І гэта важна не толькі для турыстаў, але, у першую чаргу, для саміх жыхароў. Асабліва- моладзі. І гэта надае веры ў тое, што ў гісторыі старых сядзіб будуць новыя піруэты - угару. Вядома, калі яны "дажывуць" да лепшых часін

 Мінск - Ляхавіцкі раён - Мінск