Шоў-тэатру “Хвілінка” хутка споўніцца 15 гадоў. У ім пакуль пераважна дзяўчаты, але, па словах кіраўніка Таццяны Пановай, тут з радасцю чакаюць і адораных хлопчыкаў. У падрыхтоўчыя групы — вакальную і харэаграфічную — прымаюць усіх, хто жадае, а праз год-два заняткаў лепшыя з іх уваходзяць у канцэртны склад. Праўда, тых, хто жыць без “Хвілінкі” не можа, пакідаюць у калектыве ўсё роўна. І, здараецца, той, хто спачатку не выказваў асаблівых здольнасцей, праз нейкі час выступае нароўні з астатнімі. Бо сярод негалосных “лозунгаў” тэатра ёсць і такі: “Зазірнеш у “Хвілінку” на хвілінку — застанешся на гады”. Старэйшыя выхаванцы тэатра ўжо водзяць сюды сваіх дзяцей. Дый цяперашні “бацькоўскі камітэт” клапоціцца пра тое, каб дзеці не толькі добра вучыліся ды выступалі, але і гэтак жа дружна, усім калектывам, адпачывалі. Клапоціцца пра сваіх апякунцаў і Мінскі аўтамабільны завод: ледзь не кожны нумар калектыву забяспечаны асобным наборам сцэнічных строяў. Бо гэта ж не проста вакальна-танцавальны гурт, а сапраўдны шоу-тэатр. І “спеўная” дзятва рухаецца ды скача ў ім не горш за ўласна танцавальную.
Але галоўнае — “Хвілінка” сябруе з прафесіяналамі. Кампазітары і паэты дораць ёй сваю творчасць, эстрадныя спевакі лічаць за гонар пасля кожнага сумеснага выступлення пакінуць юным артыстам фанаграмы-мінусоўкі, каб тыя маглі папоўніць свой рэпертуар.
Сярод зорных сяброў калектыву — кампазітар Алег Елісеенкаў, спевакі Іна Афанасьева, Паліна Смолава, Жанет, Тарыел Майсурадзэ (дзяцей ён добра разумее, бо ў самога — двое сыноў і дачка), Галіна Шышкова, парадыст Уладзімір Радзівілаў. Дзеці выхоўваюцца на добрых мастацкіх прыкладах, а не на безгустоўных падробках. І хай потым яны не ўзыйдуць на прафесійную сцэну, затое прыйдуць у канцэртную залу, тым самым “прагаласаваўшы” за мастацтва.
Падтрымаць дзіцячую музычную творчасць, вылучыць адораных дзяцей — такую мэту меў конкурс “Гукі школ”, што на працягу двух месяцаў ладзіўся на Першым музычным канале. Сяргей Ждановіч і прадзюсерскі цэнтр “NonStopRecords” не шкадавалі сіл і грошай, каб кожны яго ўдзельнік змог раскрыцца. З больш як 1000 заявак, што дасылаліся з усёй Беларусі, да ўдзелу былі адабраны 60 чалавек, з якіх, нарэшце,вылучылі 24-х юных канкурсантаў, для кожнага бясплатна рабілі “відэавізітоўку”, кліп, здымалі тэлерэпартажы са школ, дзе вучацца юныя спевакі.
Далей “журылі” самі тэлегледачы: пасля кожнай праграмы, што выходзілі тройчы на тыдзень, званілі, дасылалі sms-кі. А вось на фінальным канцэрце ў Палацы Рэспублікі пераможцу вызначыць журы, складзенае з выкладчыкаў: кожная школа, чые навучэнцы сталі канкурсантамі, дашле двух сваіх прадстаўнікоў. Галоўнай узнагародай стане вялізны тэлевізар і турыстычная паездка для ўсёй сям’і. Усе астатнія канкурсанты, паводле прапановы турыстычнага прадпрыемства “Солвекс”, змогуць атрымаць добрыя зніжкі. Будзе і прыз глядацкіх сімпатый, і падарункі кожнаму ўдзельніку (найперш, DVD з конкурснымі выступленнямі). А мега-прызам стане далейшая прафесійная праца з юнымі талентамі. Да таго ж, і надалей будзе аказвацца дапамога школьным студыям і іх выкладчыкам. Праект атрымаў вялізны рэзананс, і не толькі ў Беларусі. Дзякуючы спадарожнікавай сувязі, тэлепраграмы глядзелі ў замежжы, а сярод “балельшчыкаў”, якія галасавалі за ўдзельнікаў, былі прадстаўнікі Расіі, Украіны, Ізраіля, Германіі, Прыбалтыкі. Чым не новае дзіцячае “Еўрабачанне”? Тым больш, што вядучымі праграм былі Паліна Ждановіч і Васіль Раінчык-малодшы, якія разам з Ксеняй Сітнік скарылі Еўропу. Далі канкурсанты і шэраг дабрачынных канцэртаў, цыкл якіх прадоўжыцца ўлетку. А яшчэ плануецца выпуск кампакта, на якім, акрамя запісаў юных талентаў, будуць і “мінусовыя” фанаграмы іх песень, каб тыя “пайшлі ў народ”.
Надзея БУНЦЭВІЧ