Ёсць фактура для супрацоўніцтва

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

Па запрашэнні міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча Багдана Здраеўскага міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка знаходзіўся з візітам у Варшаве.

 

/i/content/pi/cult/254/3747/2-2.jpgАб падрабязнасцях паездкі кіраўнік Міністэрства культуры нашай краіны распавёў карэспандэнту "К". - У час візіту адбыліся двухбаковыя перамовы міністраў з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў дзвюх краін, пад час якіх была ўзгоднена неабходнасць распрацоўкі і падпісання ў бліжэйшы час праграмы супрацоўніцтва ў галіне культуры, - адзначыў Павел Латушка. У ходзе гутаркі адзін з акцэнтаў быў засяроджаны на неабходнасці каардынацыі арганізацыі мерапрыемстваў, прымеркаваных да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы.

Названы аспект асобна абмеркаваны на сустрэчы міністра культуры Беларусі з першым намеснікам міністра культуры Польшчы Пятром Жухоўскім- старшынёй Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па святкаванні гэтай важнай гістарычнай даты. "Бакі праінфармавалі адзін аднаго аб правядзенні мерапрыемстваў згаданай тэматыкі на тэрыторыі Беларусі і Польшчы, узгаднілі неабходнасць каардынацыі намаганняў па тэрмінах іх правядзення, каб забяспечыць магчымасць удзелу ў іх дзеячаў навукі і культуры, грамадскасці дзвюх краін. Бакі дасягнулі дамоўленасці аб узаемным запрашэнні гасцей на святкаванні на ўзроўні міністэрстваў", - падкрэсліў міністр. Пад час размовы з міністрам культуры Польшчы былі дасягнуты дамоўленасці аб узаемадзеянні пры рэстаўрацыі гісторыка-культурных помнікаў, якія з'яўляюцца сумеснай спадчынай, і аб спрыянні польскага боку ў арганізацыі стажыровак для нашых спецыялістаў на сваёй тэрыторыі. У сваю чаргу, эксперты з краіны-суседкі мяркуюць наведваць Беларусь, каб перадаваць веды, ладзіць кансультацыі. У ходзе візіту таксама была дасягнута дамоўленасць аб пашырэнні супрацоўніцтва Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску і Нацыянальнага мастацкага музея ў Варшаве. Асобна абмяркоўвалася пытанне аб усталяванні помніка Янку Купалу і Якубу Коласу ў Варшаве. Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы пацвердзіла сваю прынцыповую падтрымку рэалізацыі праекта. З мэрыяй Варшавы пытанне прапрацоўваецца з мэтай акрэсліць месца для ўсталявання помніка. Таксама польскі бок ініцыяваў неабходнасць актывізацыі супрацоўніцтва паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі культуры дзвюх краін. Было падкрэслена, што ВНУ Польшчы зацікаўлены ў сумесных праектах, арганізацыі стажыровак, узаемаабменах студэнтаў і выкладчыкаў.

 Пытанні супрацоўніцтва ў галіне кінавытворчасці закраналіся ў час сустрэчы міністра культуры Беларусі з дырэктарам Польскага інстытута кінамастацтва Агнешкай Адаровіч. На ёй была выказана зацікаўленасць абодвух бакоў у рэалізацыі сумесных праектаў, адбыўся абмен праектамі сцэнарыяў. Як мяркуецца, дэлегацыя кінематаграфістаў і прадзюсераў з суседняй краіны наведае Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад". Таксама польскі бок прапанаваў зладзіць у Варшаве Дні беларускага кіно, праграму якіх склалі б і фільмы, знятыя ў савецкія часы, і стужкі гадоў незалежнай Беларусі, а Дні польскага кіно пройдуць сёлета і ў нашай краіне.

 - Дасягнута дамоўленасць і аб арганізацыі стажыровак нашых рэжысёраў, аператараў і гукааператараў у Польшчы, - адзначыў міністр культуры Беларусі. - Гэтыя стажыроўкі маглі б адбывацца непасрэдна пад час здымак стужак. Наогул, пытанні стажыровак не толькі для рэжысёраў кіно, але і рэжысёраў тэатра, масавых відовішчаў абмяркоўваліся надзвычай шырока, прычым бакі дамовіліся аб сумесным фінансаванні гэтых мерапрыемстваў. Кіраўнік нашага Міністэрства таксама паведаміў, што, паводле вынікаў снежаньскага візіту міністра культуры Польшчы Багдана Здраеўскага ў Мінск, напрыканцы лютага ў Варшаве адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай операй Польшчы і Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Беларусі. Пад час візіту Павел Латушка разам з Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Віктарам Гайсёнкам прынялі ўдзел у адкрыцці Музея Фрыдэрыка Шапэна. А таксама прысутнічалі ў Вялікім тэатры - Нацыянальнай оперы Польшчы - на галаканцэрце, прысвечаны адкрыццю Года Шапэна.