Вектары культурных кантактаў

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

9 сакавіка беларускую сталіцу з візітам наведаў міністр культуры Літоўскай Рэспублікі Рэмігіюс Вілкайціс. У сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў прысутнасці прадстаўнікоў СМІ была падпісана Праграма культурнага супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры нашай краіны і Міністэрствам культуры Літоўскай Рэспублікі на 2010— 2011 гады, якая закранае самыя розныя аспекты і накірункі сумеснай дзейнасці.

 

/i/content/pi/cult/254/3746/2-1.jpgЗ прыярытэтных вектараў беларуска-літоўскіх кантактаў міністр культуры нашай краіны Павел Латушка вылучыў пашырэнне і актывізацыю супрацоўніцтва ў галіне музычнага мастацтва, у прыватнасці, арганізацыю абменных гастролей дзяржаўных сімфанічных і дзяржаўных камерных аркестраў дзвюх краін; супрацоўніцтва нацыянальных драматычных тэатраў, тэатраў оперы і балета; наладжванне прамых кантактаў паміж нацыянальнымі бібліятэкамі; паглыбленне стасункаў паміж нацыянальнымі мастацкімі музеямі ў Мінску і Вільнюсе. У шэрагу важнейшых мерапрыемстваў запланавана правядзенне Дзён культуры Беларусі ў Літве і, адпаведна, Літоўскай Рэспублікі- у Беларусі, прычым існуюць дамоўленасці прапрацаваць магчымасць правядзення Дзён культуры Беларусі ў Літве ўжо ў бягучым годзе. Літоўскаму боку, у сваю чаргу, прапанавана прапрацаваць магчымасць арганізацыі Дзён літоўскага кіно ў нашай краіне.

Былі абмеркаваны і пытанні, звязаныя з развіццём супрацоўніцтва ў галіне кінематаграфіі, у тым ліку гутарка вялася аб узаемнай зацікаўленасці ў рэалізацыі сумесных кінапраектаў, аб магчымасці арганізацыі стажыровак нашых спецыялістаў - рэжысёраў тэатра, кіно,- выкладчыкаў і студэнтаў айчынных ВНУ ў Літоўскай Рэспубліцы, а таксама аб арганізацыі ў перспектыве сумеснай прэзентацыі беларускай і літоўскай культуры ў Бруселі. Павел Латушка распавёў журналістам, што пад час перамоў былі абмеркаваны вынікі дзейнасці сумеснай рабочай групы міністэрстваў культуры дзвюх краін па пытаннях аховы сумеснай гісторыка-культурнай спадчыны. У лістападзе мінулага года ў Мінску прайшла першая рабочая сустрэча, пад час якой быў акрэслены шэраг важных накірункаў супрацоўніцтва ў галіне культуры паміж дзяржавамі. З іх можна вылучыць ініцыятыву рэалізацыі сумеснага культурна-турыстычнага праекта "Замкі Вялікага княства Літоўскага" ў рамках Дзён еўрапейскай спадчыны, а таксама праекта "Вядомыя роды Вялікага княства Літоўскага".

 Акрамя таго, падтрымана рашэнне гэтай экспертнай групы аб магчымасці ініцыявання ў рамках UNESCO святкавання 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага ў 2015 годзе. Міністр культуры Літоўскай Рэспублікі Рэмігіюс Вілкайціс, у сваю чаргу, згадаў пра неабходнасць больш цесных стасункаў паміж літаратурамі і літаратарамі нашых краін, адзначыўшы, што проза, драматургія, публіцыстыка - гэта тыя сферы, у якіх нам яшчэ шмат патрэбна зрабіць. А для таго, каб дэталёва падрыхтаваць глебу для супрацоўніцтва ў галіне кінадакументалістыкі, запрасіў беларускую дэлегацыю ў верасні бягучага года на ўручэнне кінапрэміі імя Пятраса Абукявічуса. У сваю чаргу, Павел Латушка нагадаў, што беларусы чакаюць літоўскіх кінематаграфістаў на вераснёўскай "Анімаёўцы" ў Магілёве і на Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад". Яшчэ адна важная тэма, якая была абмеркавана ў час візіту,- святкаванне 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Беларускі і літоўскі бакі абмяняліся інфармацыяй аб мерапрыемствах, што плануюцца ў сувязі з гэтай датай. Павел Латушка перадаў Рэмігіюсу Вілкайцісу запрашэнне наведаць 26- 27 чэрвеня мерапрыемствы, прымеркаваныя да яе. Яны адбудуцца ў Навагрудку. "Спадзяюся, дадзенае мерапрыемства, - падкрэсліў ён, - будзе яскравым сведчаннем таго, што гэтая дата, якая аб'яднала нашы народы гістарычна, працягвае яднаць нас і сёння". Беларускі міністр падрабязна адказаў на пытанне нашага карэспандэнта аб тых міжнародных культурных кантактах, што запланаваны Міністэрствам культуры на бліжэйшую перспектыву.

 - Сапраўды, - зазначыў Павел Латушка, - апошнім часам значна актывізаваліся кантакты Міністэрства культуры на міжнародным узроўні. Сярод найбольш важных падзей трэба адзначыць тое, што ў студзені бягучага года намі падпісана міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, мастацтва і адукацыі з Францыяй. Мы маем ужо згоду Урада Рэспублікі Беларусь і згоду італьянскага боку і спадзяёмся, што ў бліжэйшы час падпішам міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне культуры з Італіяй. Атрымана згода Урада Беларусі на пачатак перамоўнага працэсу па падпісанні аналагічнага пагаднення з Грэцыяй. Візіт у беларускую сталіцу міністра культуры Літоўскай Рэспублікі- гэта таксама вельмі важная падзея ў нашым міжнародным культурным супрацоўніцтве. Мы маем згоду нашага Урада, і спадзяюся, што ў бліжэйшыя тыдні падпішам праграму супрацоўніцтва ў галіне культуры з Міністэрствам культуры Украіны. Таксама мы працуем над далучэннем да Кіеўскай ініцыятывы Савета Еўропы, якая паўстала ў 2006 годзе пад час пасяджэння міністраў культуры Савета Еўропы ў Бухарэсце. Намі накіраваны адпаведныя прапановы, хадайніцтвы да міністраў культуры Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы і Украіны аб далучэнні Беларусі да Кіеўскай ініцыятывы, а таксама - да генеральнага дырэктара Савета Еўропы. Практычна ад усіх ужо атрыманы станоўчыя адказы на гэты конт. Мяркую, што ў бліжэйшы час мы далучымся да гэтай ініцыятывы, якая стварае дадатковыя магчымасці для міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне культуры як з названымі краінамі, так і ў цэлым у рамках Савета Еўропы, рэалізацыі трансгранічных праектаў, у тым ліку з дадатковым фінансаваннем з боку Савета Еўропы. Лічу, што міжнароднае культурнае супрацоўніцтва - вельмі важны накірунак дзейнасці. Яно адкрывае дадатковыя магчымасці для нашых дзеячаў культуры, якія могуць прадстаўляць сваё мастацтва на сцэнах вядучых залаў іншых краін свету, а таксама - для прадстаўлення хараства і багацця ўсёй нашай нацыянальнай беларускай культуры.