Прычым стваралі гэтую папраўдзе казачную атмасферу нязмушанага “сямейнага” свята пераважна не госці (а ў канцэрце ўдзельнічалі народныя і заслужаныя, музыканты-вайскоўцы, сувораўцы, выхаванцы школы ўсходніх адзінаборстваў), а самі гаспадары. Сярод навучэнцаў “дзесятачкі”, як ласкава называюць школу яе прыхільнікі, ёсць сапраўдныя юныя зорачкі. Той жа Андрэй Кунец днямі выпусціў свой першы магніта-альбом “Новы дзень”. Піяніст Даніла Віленскі ўразіў на канцэрце найскладаным Эцюдам Шапэна, што звычайна граюць на “дарослых” міжнародных конкурсах, скрыпач Аляксандр Кірыенка— “Венгерскім танцам” Брамса.
Але “Зімовая казка” была складзена не толькі з сольных выступленняў найбольш адораных вучняў. Школа прадэманстравала надзвычай высокі ўзровень выканальніцкіх школ ледзь не на ўсіх музычных інструментах. Бо ў іх што ні выкладчык — дык не “проста” прафесіянал, а яшчэ і яркая творчая асоба, якая літаральна фантаніруе “прыдумкамі”. Таму, мабыць, у школе так шмат разнастайных камерных ансамбляў — самых неверагодных складаў: мандаліністаў, гітарыстаў, саксафаністаў, цымбалістаў, скрыпачоў, трыо драўляных духавых “Кантраданс”,аркестр народных інструментаў, некалькі харавых калектываў (хлопчыкаў-першакласнікаў, дарэчы, узяў пад сваю апеку знакаміты Уладзімір Глушакоў — кіраўнік Капэлы хлопчыкаў Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі).
Дый рэпертуар — адметны! За ўвесь канцэрт, цудоўна зрэжысіраваны дырэктарам школы, заслужаным дзеячам мастацтваў Тамарай Куніцкай, — ніводнага “прахаднога” твора, скрозь — “дыяменты” і “перлінкі”. У школе шмат увагі надаецца нацыянальнай музычнай спадчыне, навучэнцы прымаюць удзел у канцэртах Беларускага саюза кампазітараў (дый гэтым разам прысутных вітаў яго старшыня, народны артыст СССР Ігар Лучанок). А ў красавіку, паводле яшчэ адной традыцыі, у школе пройдзе канцэрт, цалкам складзены з музыкі беларускіх творцаў.
Надзея БУНЦЭВІЧ