Калі запускалі пробны шар з пасрэднікам…

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

Чаму дывідэнды аддзела культуры — “з рубля —пятнаццаць капеек”?

Аддзел у сістэме турызму: сацыякультурны зрэз

 

На гэты год запланавана завяршэнне тэрміну рэалізацыі Нацыянальнай праграмы развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь. Што ж зрабілі аддзелы культуры для таго, каб унутраныя і знешнія турысты на рэгіянальным маршруце пачувалі сябе ў шчыльным і камфортным “атачэнні” самых розных культурных платных паслуг забаўляльнавыхаваўчага кантэксту? Як пераконваюць нашы журналісцкія камандзіроўкі, практычнага станоўчага досведу турыстычнай самарэалізацыі ў рэгіёнах — кот наплакаў. Аддзелы культуры, на жаль, толькі выходзяць на стартавы рубеж. Ды і  тое, далёка не ва ўсіх раёнах… Начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская хоча займець у штаце юрыста і менеджэра. Жаданне — зразумелае: культурнае забеспячэнне турыстычных маршрутаў вымагае ўвагі грунтоўнай, планавай, заканадаўча выверанай. Маўляў, метадычнаарганізацыйных падказак збоку тут  чакаць не варта, таму ўвесь крэатыў па пашырэнні аддзелаўскагаўплыву на турыстычнае развіццё рэгіёна нараджаць на паперы і “адточваць” на практыцы трэба самім. Аналагічная і пазіцыя райвыканкамаўскага кіраўніцтва: на “турыстычнай вароўні” павінна шчыраваць адна гаспадыня, свая, дамарослая, якая дакладна ведае, дзе “мука з соллю” ляжаць, а таму і “блін” прыгатуе на мясцовым рэцэпте без пабочных парад, каб не камяком ён атрымаўся, а непаўторнай духмянай стравай. Карацей кажучы, па цвёрдым перакананні намесніка старшыні Ашмянскага райвыканкама Аляксандра Саванца і начальніка аддзела культуры Галіны Балінскай,у развіцці культурнага забеспячэння рэгіянальных маршрутаў павінны знікнуць у перспектыве пабочныя пасярэднікі кшталту іншагародніх турагенцтваў, што дбаюць збольшага пра ўласны імідж, а не пра духоўны вобраз Ашмяншчыны. А рэй на турыстычных абсягах неўзабаве стануць весці мясцовая культура, гандаль, гасцінічны бізнес і прыдарожны. Толькі тады грошы ад гэтай дзялянкі стануць “асядаць” на зямлі, слаўнай Гальшанамі, Гароднікамі, Барунамі, Мураванай Ашмянкай, Грынцамі, Жупранамі, іншымі старадаўнімі паселішчамі, якія вабілі і вабяць вандроўнікаў. Што зроблена для гэтага? Як перакананы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Лузіна, якая доўгі час працавала намеснікам старшыні Ашмянскага райвыканкама, у раёне на названым кірунку робяцца першыя крокі, і яны далёка не заўжды ўпэўненыя і мэтанакіраваныя.

Агучаныя цягам апытання праблемныя аспекты (многія з іх перагукаюцца з пунктамі рашэння сумеснага пасяджэння калегіі Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму), былі абмеркаваны на райвыканкамаўскай “лятучцы” з “К”.

У ёй узялі ўдзел намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Аляксандр САВАНЕЦ, начальнік аддзела культуры Галіна БАЛІНСКАЯ, дырэктар ЦБС Марына БЕЛАВУС, дырэктар Раённага краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча Жанна ІВАНОВА, дырэктар Раённага навукова-метадычнага цэнтра Алена КУСТ, метадыст аддзела культуры па гісторыка-культурнай спадчыне і музеях Сяргей ЖЫЛІК.

Яўген РАГІН:

— Чым жа канкрэтна займаецца рабочая група па развіцці турызму?

Аляксандр САВАНЕЦ:

 — Стварылі яе пры райвыканкаме з канкрэтнай мэтай. Паколькі Ашмяны знаходзяцца ў выгадным геаграфічным становішчы (раён мяжуе з Літвой, з Валожынскім раёнам Міншчыны), дык прыцягненнем турыстаў не займацца нельга. У нас і паказаць ёсць што наведвальніку… Таму мы дакладна павінны былі вызначыцца наконт канцэпцыі перспектыўнай дзейнасці ў гэтым кірунку, арыентуючыся на самых розных па ўзросце і плацежаздольнасці гасцей і жыхароў Ашмяншчыны. Маю на ўвазе і карпаратыўныя групы, і дзяцей, і замежнікаў. Для кожнага павінна быць свая турыстычная паслуга… Мы распрацавалі такую канцэпцыю…

Галіна БАЛІНСКАЯ:

— Крыху “сыраватая” яна…

Аляксандр САВАНЕЦ:

— Тым не менш, і мэты вызначылі, і тыя месцы, якія можна з карысцю для сябе і раёна наведаць.

 Галіна БАЛІНСКАЯ:

— Узначаліў групу старшыня райвыканкама Юрый Адамчык. Увайшлі ў яе, натуральна, дырэктар ЦБС, кіраўнік нашага музея… Словам, аддзел культуры— самы прадстаўнічы… Сярод удзельнікаў групы—  прадстаўнікі райвыканкамаўскага аддзела па спорце і турызме, турагенцтваў, а таксама гаспадары пяці тур-цэнтраў і сядзіб.

Аляксандр САВАНЕЦ:

    Ад пазіцыі прыватнікаў  пакуль шмат што залежыць…

Яўген РАГІН:

— На Віцебшчыне, дзе па аддзелах культуры планы па аказанні платных паслуг павялічыліся ўдвая, цяпер галовы ламаюць, чым новенькім спажыўца зацікавіць. Дык мо не варта веласіпед вынаходзіць? Проста планава і мэтанакіравана трэба пашыраць сферу пазабюджэтнага ўплыву на развіццё рэгіянальнага турызму…

Галіна БАЛІНСКАЯ:

— І мы ў гэтым  таксама перакананы…

Аляксандр САВАНЕЦ:

— Задзейнічаць неабходна гісторыка-культурны патэнцыял, кожную структуру, кожную галіну раёна, і гандаль, і адукацыю, і патэнцыйных інвестараў.

Яўген РАГІН:

— Але гаворка перш-наперш — пра нішу аддзела культуры.

Аляксандр САВАНЕЦ:

 — Прыярытэты тут канкрэтна вызначаны: культурна-падзейныя, забаўляльна-выхаваўчыя туры.

Галіна БАЛІНСКАЯ:

— Гэта і выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці (адных толькі ўзорных і народных ансамбляў у нас 17), вечары адпачынку, брэндавыя фестывалі, рыцарскія турніры, тэатралізацыі паводле мясцовых традыцый.

Аляксандр САВАНЕЦ:

 — Хто з маладых гараджан ведае, як на вёсцы дажынкі ладзяцца? Многія за такое відовішча плацяць грошы.

Яўген РАГІН:

— Ніхто цяпер дадзены факт не аспрэчвае. Але непазбежна ўзнікае пытанне: колькі ваш аддзел культуры зарабіў на турыстычных маршрутах?

Галіна БАЛІНСКАЯ:

— На вялікі жаль, пакуль няшмат. Хіба што народны ансамбль народнай песні “Жытніца” з Кракоўскага СДК,народныя калектывы РДК “Джана Рома” і “Імпульс” планамерна выступалі і выступаюць перад гасцямі, якія наведваюць у вёсцы Грынцы Конна-спартыўны цэнтр “Гіпіка”.

Яўген РАГІН:

— А Фэст прывідаў у Гальшанах? Няўжо гэтая бліскуча, як мне падаецца, рэалізаваная ўвосень крэатыўная ідэя не прынесла аддзелу дывідэндаў?

Галіна БАЛІНСКАЯ:

— Гэта быў пробны шар, лабараторыя, дзе мы вучыліся быць самастойнымі, але, так бы мовіць, на ролях другога плана. Мясцовая фірма прывезла гасцей, правяла экскурсію. Маштабная тэатралізацыя, дзе і Соф’я Гальшанская прысутнічала, і Чорны Манах з Белай Паннай, цалкам лягла на “плечы” аддзела. Але турфірма, вобразна кажучы, з заробленага ўласнага рубля выплаціла нам толькі 15 капеек. Мізэр!

Марына БЕЛАВУС:

 — Мы толькі назапашваем сілы для першага кроку. Патрэбна грунтоўная рэклама. Агульнымі намаганнямі аддзелаўскіх структур распрацавалі мультымедыйныя туры-прэзентацыі, якія ўжо цяпер можам прапанаваць турыстам. Каляндар важных культурных падзей 2010 года (а сёлета  спаўняецца 730 гадоў Гальшанам, 400 — Гальшанскаму замку, 170—  Францішку Багушэвічу) размешчаны на райвыканкамаўскім сайце. Тут змешчаны і пералік усіх платных паслуг, якія мы прапаноўваем турыстам. Ёсць ужо туры бібліятэчны, абрадавы, гісторыка-культурны, музейны… Лічу, што бягучы год стане стартавым у развіцці культурнага абслугоўвання нашых турмаршрутаў.

Алена КУСТ:

 — Рыхтуем банк даных па народных майстрах, рамесніках,  што ёсць у раёне. Гэтая інфармацыя таксама будзе размешчана на сайце.

Яўген РАГІН:

— Ведаю, што ЦБС выдае штогод краязнаўчыя календары, іншую даведачную літаратуру, але для шырокага кола пакупнікоў-турыстаў яна пакуль недаступная. Па якой прычыне?

Марына БЕЛАВУС:

— Сродкаў не хапае. Між тым, летась выдалі 17 рэкламных буклетаў, аднак наклад іх, па зразумелых прычынах, пакуль малы.

Аляксандр САВАНЕЦ:

— Па аддзеле 69 відаў платных паслуг. Нашы ўстановы культуры прызвычаіліся зарабляць і спажыўца  да гэтага прывучылі. Але гаворка пра турыста— і ўнутранага, і знешняга. Тут патрэбны ўзважаны эканамічны падыход.

Сяргей ЖЫЛІК:

— Так, мы пакуль узмоцнена сябе піарым. Як падаецца, непазбежны менеджэрскі падыход да рэалізацыі першапачатковай стадыі нашага турыстычнага прасоўвання. Імкнёмся рабіць гэта якасна. Буклет “Ашмяншчына турыстычная” прыемна ў руках трымаць. Прыгадаць тут можна і тэлевізійны праект “Зямля беларуская”, дзе некалькі фільмаў Першага канала было прысвечана ашмянскім турмаршрутам, нашай гісторыка-культурнай спадчыне. Максімальна выкарысталі і інфармацыйныя магчымасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прэстыжную пляцоўку якой ўжылі для агульнарэспубліканскай прэзентацыі культуры Ашмяншчыны — першай сярод раёнаў краіны…

Яўген РАГІН:

 — Усё гэта цудоўна ў плане інфармацыйнага забеспячэння вашай перспектыўнай дзейнасці па развіцці культурна-асветніцкага складніка развіцця турмаршрутаў… Я пра іншае: чаму ўсё ж справа марудна ідзе? Узяць тую ж гасцініцу ў райцэнтры. Турысты— ёсць, а прыстойнага жытла для іх— няма.

Аляксандр САВАНЕЦ:

 — Гасцініцу, несумненна, будзем рамантаваць. Але тут і гаспадары нашых агра-сядзіб павінны да агульнай справы падключыцца. Маю на ўвазе прыватнікаў яўных і патэнцыйных , якія ўжо заўтра за гэты бізнес возьмуцца.

 Яўген РАГІН:

— Дарэчы, а што райвыканкам зрабіў для таго, каб агра-сядзіб на Ашмяншчыне паболела?

 Аляксандр САВАНЕЦ:

— Сабралі сход вясковых старастаў. Распавялі пры працэдуру крэдытавання, патлумачылі важнасць і выгаднасць прыватнага турбізнесу. У ідэале гэтыя захады вырашаць праблему турыстычнага начлегу. У тых жа Гальшанах павінна быць не дзве агра-сядзібы, а, скажам, дзесяць. І аддзел культуры тут мусіць культурную праграму прадумаць — жывую, нязмушаную і разнапланавую… Сход  старастаў, між іншым, аказаўся плённым: было дзве сядзібы ў раёне — стала пяць.

Яўген РАГІН:

— Першага сакавіка, дарэчы, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выдаў дэкрэт №4, што рэгулюе развіццё бізнесу ў нашых малых гарадах і ў вёсках. Дакумент, як вядома, скіраваны на ліквідацыю праблем, якія перашкаджалі развіццю прадпрымальніцтва…

Аляксандр САВАНЕЦ:

 — У гэтым накірунку наш райвыканкам працаваў і працаваць будзе… Гэты дэкрэт Кіраўніка дзяржавы дапаможа нам значна актывізаваць дзейнасць у названым кірунку.

Яўген РАГІН:

— Вернемся да першага восеньскага Фэсту  прывідаў. Якія сур’ёзныя эканамічныя ўрокі вынеслі з гэтай “эксперыментальнай лабараторыі па развіцці пазабюджэту”? Як аддзел культуры плануе  выйсці з роляў другарадных на першы план?

Марына БЕЛАВУС:

— Кожная бібліятэка ЦБС павінна мець сваё аблічча, свой спектр платных паслуг, разлічаных, у тым ліку, на  турыста. Увогуле, мару пра тое, каб замежныя турысты актыўна карысталіся доступам у Інтэрнет праз камп’ютэры нашых агра-гарадоцкіх бібліятэк і плацілі за паслугу грошы. Дарэчы, у Гальшанскай сельскай бібліятэцы для гэтага ёсць усе тэхнічныя і кадравыя магчымасці.

Яўген РАГІН:

— У Палянах (бачыў на ўласныя вочы) сельская бібліятэка на вышыні. Ёсць там арыгінальная двухтомная гісторыя Ашмяншчыны Чэслава Янкоўскага. Можна і ў руках патрымаць, і ксеракопіі асобных раздзелаў за грошы набыць. Ці шмат такіх платных адметнасцей у іншых бібліятэчных установах?

Марына БЕЛАВУС:

— Мы імкнёмся, каб яны былі… Буклет “Ашмяншчына турыстычная”, напрыклад, падрыхтавалі ў раёне, але выдадзены ён быў у Мінску накладам у тысячу асобнікаў. З прафесійнымі выдавецтвамі супернічаць, зразумела, не можам.

Яўген РАГІН:

— Кожнае паселішча ў вас знітавана з той ці іншай гістарычнай постаццю: Жупраны— з Багушэвічам, Гальшаны— з княгіняй Соф’яй, Бянюны— з мастаком Карчэўскім… І мясцовыя бібліятэкі гэтым краязнаўчым патэнцыялам, як падаецца, пачалі няблага карыстацца. Ці не складуць яны канкурэнцыю раённаму музею?

Жанна ІВАНОВА:

— Хутка яму споўніцца 55 гадоў. Новы будынак (былая аптэка ў цэнтры горада) нам адрамантавалі за 2 мільярды  крэдытных рублёў. Выставачную залу ўжо адкрылі. Справа — за “пабудовай” экспазіцыі астатніх памяшканняў, канцэпцыя якой распрацавана летась.

Яўген РАГІН:

— Як я разумею, адзін з “гальшанскіх урокаў” у тым, што любая культурная дзея павінна быць анімацыйнай, візуалізаванай, інтэрактыўнай. Якую “рэвалюцыю” рыхтуе музей пад адкрыццё экспазіцый?

Жанна ІВАНОВА:

— У рамках супрацоўніцтва з Літвой ёсць прыкідкі надаць музею якасці інфармацыйнага турцэнтра. Калі ўсё атрымаецца, як мы запланавалі, у музейным фае наведвальнікаў будзе чакаць інфармацыйны кіёск — кшталту такога, як у Нясвіжы. Адсюль і стануць пачынацца экскурсіі па Ашмяншчыне…

Сяргей ЖЫЛІК:

 — Натуральна, максімальна прадставім гісторыю Ашмяншчыны. Але сапраўдным эксклюзівам стане калекцыя жывапісных палотнаў, скульптуры, графікі (500 работ!), сабраная кіраўніком асацыяцыі “Мастацтва народаў свету”, літаратарам Мікалаем Карнілавым з Масквы. Упадабаў ён наш край, бязвыплатна падарыў калекцыю музею. Работы ўжо сёння паступаюць.

Аляксандр САВАНЕЦ:

— Зменіцца карэнным чынам і гарадская, прылеглая да музея тэрыторыя. Прыбралі глухі плот— пашырылася прастора. Будынак колішняй сінагогі цяпер добра заўважны. Неўзабаве прыстасуем яго для чарговай гарадской галерэі мастацтваў. А за сінагогай— Стары горад. Пасля яго добраўпарадкавання мяркуем там размясціць гандлёвыя рады для рэалізацыі сувеніраў.  Як вы ведаеце, Дома рамёстваў у нас пакуль няма, але майстроў народных  шмат… Словам, турыста на гэтай прасторы пратрымаць зможам не лічаныя хвіліны, а цягам некалькіх гадзін…

Сяргей ЖЫЛІК:

— І гэта таксама адзін з “гальшанскіх эканамічных урокаў”: зацікавіць,  затрымаць, нязмушана прадаставіць  турысту магчымасць “развітацца” з грашыма з карысцю для яго і для нас. Менавіта ля Гальшанскага замка мы плануем якасныя ландшафтныя пераўтварэнні: будуць абноўлены сажалкі, старасвецкі парк, пасля кансервацыі замка  ўсе нашы анімацыйныя мерапрыемствы ля старажытных  муроў набудуць новую якасць… А ўсяго на тэрыторыі раёна — 18 помнікаў, занесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Да прыкладу, у Бянюнах метад анімацыі таксама выкарыстоўваецца не без поспеху: ёсць там шляхецкая сядзіба мастака Юльяна Карчэўскага, вакол якой і ладзяцца тэатралізаваныя дзеі, рыцарскія турніры.

Галіна БАЛІНСКАЯ:

 — Сядзібу таксама ўтрымлівае прыватнік, але аддзел з ім падтрымлівае творчыя стасункі. Ды, прызнаюся шчыра, стасункі гэтыя не надта прыбытковыя для нас.

Яўген РАГІН:

 — Галіна Іванаўна, мы сёння з вамі ў “ваяжах” па раёне пастаянна гаварылі пра тое,  што стасункі з прыватнымі турагенцтвамі, прыватнымі гаспадарамі гістарычных сядзіб— гэта добра, але— на падрыхтоўчым, так бы мовіць, этапе агульнараённых турыстычных захадаў. Што ўсё ж трэба зрабіць, каб займець  тут свае трывалыя прыярытэты? Мала пакуль што зарабляеце ў Гальшанах, яшчэ менш— у Бянюнах. Піар піарам, але ад слоў  да спраў варта пераходзіць.

 Галіна БАЛІНСКАЯ:

 — Згодная, грошы губляем: і на тым, што няма наладжанай сістэмы рэалізацыі сувеніраў, і  на тым, што няма сродкаў, каб прывезці ў тыя ж Гальшаны турыстаў, таму і робяць гэта турагенцтвы…

Аляксандр САВАНЕЦ:

 — Хто турыста прывозіць, той і “музыку” замаўляе. Тут— наша самае “вузкае” месца. З Мінска, скажам, едуць аўтобусы турыстаў, ёсць там і свой экскурсавод. Нашы ж, музейныя, застаюцца незадзейнічанымі…

 Яўген РАГІН:

— Як гэтае “вузкае” месца зліквідаваць?

Жанна ІВАНОВА:

— Трэба вырашаць пытанне на ўзроўні нарматыўных дакументаў аб магчымасці правядзення платных экскурсій нашымі супрацоўнікамі паза музейнымі  сценамі, у тых жа Гальшанах ці ў Барунах. А вопыт прыёму турыстаў назапашаны  музеем яшчэ за савецкім часам. Пакуль жа на выездах мы працуем бясплатна. Агульнавядома, што атрымаць ліцэнзію, каб стаць “выязным” музейным экскурсаводам, вельмі складана.

Галіна БАЛІНСКАЯ:

— “Фэст прывідаў Краіны замкаў”— так будзе сёлета называцца наша гальшанскае свята — плануем правесці пры падтрымцы абласнога ўпраўлення культуры і пры падтрымцы праграмы “Усходняга партнёрства” Еўрапейскага саюза.

Аляксандр САВАНЕЦ:

— У гэтым  — мэта  нашага трансгранічнага супрацоўніцтва з Літвой і Польшчай. Рэалізацыя  праекта “Спадчына Соф’і Гальшанскай” пры падтрымцы Еўрасаюза, як мы спадзяёмся, будзе падмацавана матэрыяльна. Гэта дапаможа і ахоўную зону замка прывесці ў належны парадак, і фестываль правесці так, каб аддзел культуры ў эканамічным пазабюджэтным  плане не застаўся на другім плане.

Яўген РАГІН:

— Я разумею, грошай раёну  хранічна не стае. І матэрыяльная база ўстаноў культуры сям-там жадае быць лепшай. Кракоўскі СДК і працуе вынікова, і ўсе мерапрыемствы тут — цікавыя ды прыбытковыя, але даўно рамонту будынак патрабуе. І музея ў райцэнтры, па сутнасці, цягам дзевяці гадоў не было, а на рамонт новага будынка мільярдныя крэдыты спатрэбіліся. Ведаю пра тое, што з-за нястачы сродкаў няма  пакуль магчымасці размясціць у музейных памяшканнях Дом рамёстваў…

 Галіна БАЛІНСКАЯ:

— Самы час пра спонсараў памарыць. Але дзе іх адшукаеш, калі спонсарства эканамічна нявыгаднае? Тым не менш, глядзім у будучыню з аптымізмам і пакрысе, як падаецца, сваю справу робім. Алена КУСТ: — І ў плане метадычным, я лічу, напрацовак у нас вельмі шмат. Нават сакрэт наш крыху прыадкрыю. На сёлетнім “Фэсце прывідаў краіны замкаў” будзе  ў нас баль: прыём “у Соф’і Гальшанскай” з удзелам гістарычных постацей з усёй Гродзеншчыны.

Аляксандр САВАНЕЦ:

— І зноў гальшанскі прыклад. Менавіта тут у свой час пачалі распрацоўваць канцэпцыю добраўпарадкавання прызамкавага ландшафту. Сам замак будзем кансерваваць, адрэстаўруем хіба што адну толькі Паўночную вежу — пад карцінную галерэю. А ля муроў праз час з’явяцца і крама па рэалізацыі сувеніраў, і Пчалярскі дамок, дзе можна будзе набыць мёд, і дадатковыя пляцоўкі для анімацыйнага “агучвання” нашай гісторыі. Так што Гальшаны — былі і застаюцца эксперыментальнай пляцоўкай для рэалізацыі самых крэатыўных ідэй.

Яўген РАГІН,  наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Ашмянскі раён — Мінск

 

Народ пытаецца і прапануе

 “Наша гасцініца  замежніка не прывабіць”

Аб ролі аддзела культуры ў “насычэнні” рэгіянальнага турызму я размаўляў з жыхарамі раённага цэнтра і тых паселішчаў Ашмяншчыны, дзе паспеў пабываць цягам камандзіроўкі. Выснова ад гутарак — адзіная: гараджане і вяскоўцы цудоўна разумеюць будучыя выгоды ад развіцця турыстычнага бізнесу, ведаюць, што ў іншых краінах ён даўно і паспяхова стаў бюджэта-ўтваральным.

Урач з Ашмян, 45 гадоў:

— Разумею справу так: чым надалей затрымаецца ў нашым горадзе турыст, тым больш грошай пакіне ў крамах, кавярнях і музеі. Няма сумневу, што турыстаў у Ашмянах цягам года вельмі шмат: ці ў Літву едуць, ці з Літвы. Але збольшага мінаюць наш райцэнтр транзітам, бо гасцініца ў Ашмянах не надта ўтульная. Прынамсі, замежнікаў яна сваёй недагледжанасцю ніяк не прывабіць. Пераначаваць можна і ў Цэнтры дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, але патрабавальнага вандроўніка ён па сервісе таксама наўрад ці задаволіць. А які турызм без камфортнага начлегу?

Настаўніца з вёскі Гальшаны:

— Летась увосень прайшоў у нас незвычайны Фэст прывідаў. Шмат было тут і жыхароў раёна, шмат і турыстаў панаехала. Цікава, а колькі на гэтым сапраўды цікавым фэсце зарабіў аддзел культуры, які рыхтаваў тэатралізацыі і канцэртныя праграмы?

Старшакласнік з вёскі Кракоўка:

— А раптам турысты захочуць пабачыць наш СДК? Не, пабачыць у нас ёсць што. Узяць хаця б народны калектыў народнай песні “Жытніца”, які стварыла таленавіты дырэктар нашага Дома культуры Роза Яцуковіч і які з поспехам выступае, скажам, у Коннаспартыўным цэнтры “Гіпіка” (вёска Грынцы) і зарабляе пры гэтым неблагія грошы. Не, не гэтую адметнасць маем на ўвазе. Проста, у нашым СДК гадоў сорак не было капітальнага рамонту, таму і выгоды цывілізацыі, як кажуць, месцяцца на двары. Словам, не вельмі папулярныя ў нас дыскатэкі. Уся моладзь увечары ў Будзёнаўскі СДК скіроўваецца. Лічым, наш Дом культуры вымагае  капрамонту. Ведаем, што крызіс, але перад гасцямі сорамна…

Пенсіянер з вёскі Паляны:

— Любы турыст цікавіцца рамёствамі таго краю, які наведвае, і, натуральна, сувенір прыдбаць хоча. Так, у нас цудоўны Сельскі дом народнай творчасці і рамёстваў ёсць, але краму па рэалізацыі мясцовых сувеніраў пакуль не адкрылі.  Чаму? І ў райцэнтры, ведаю, гэткая ж праблема існуе: няма ні Дома рамёстваў, ні  пункта па рэалізацыі твораў народных майстроў. Упэўнены, недагляд вельмі  сур’ёзны.

 

Дэталь да агульнай карціны

На радзіме Белай Панны

“Гальшаны” — агра-гарадок 2006 года. Таму СДК тут  — узорны і па форме, і па змесце. Глядзельная зала на 300 месцаў — адна з самых вялікіх і шыкоўных у  раёне. Дый кадры тут — не абы-якія. План па платных паслугах выкананы ў мінулым годзе на 120 працэнтаў у супастаўных цэнах.

Дырэктар СДК Вольга Кузьміцкая цяпер актыўна выкарыстоўвае досвед, назапашаны на Фэсце прывідаў, дзе займалася анімацыяй вобразаў Белай Панны, Чорнага Манаха і Соф’і  Гальшанскай.  

Сярод мясцовага крэатыву (культработнікі іншых рэгіёнаў, матайце на вус!) — абменныя дыскатэкі, якія нязменна прыносяць прыбытак.

 Сярод мясцовых недахопаў (па шчырым прызнанні  самой Вольгі Кузьміцкай) —  адсутнасць мультымедыйнай камп’ютэрнай тэхнікі для інтэрактыўных клубных экскурсій у атачэнні гальшанскіх прывідаў. Але ёсць у кіраўніцы СДК зусім  нежартоўны спадзеў, што на гэтую тэхніку культасветнікі  заробяць спакваля самі. Першы крок да гэтага будзе зроблены сёлета на Балі-прыёме “ў Соф’і Гальшанскай”.

 

 Пасляслоўе  да “лятучкі”

 “У кожнага свае рэцэпты”

Гаворка  пра сферу  ўплыву рэгіянальнай культуры на развіццё турызму Ашмяншчыны была б няпоўнай без каментарыя дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціны ЛУЗІНАЙ, якая доўгі час працавала намеснікам старшыні Ашмянскага райвыканкама і стала ініцыятарам многіх культурна-турыстычных праектаў, у тым ліку і Фэсту прывідаў:

— Кожны раён, кожны аддзел культуры павінен мець свой рэцэпт уплыву на турыстычную сферу. Неаспрэчна адно: турызму без аддзела культуры быць не можа. І толькі мясцовыя культасветнікі змогуць захаваць мясцовыя  акцэнты пры наладжванні экскурсій,  забаўляючы пры гэтым турыстаў і выхоўваючы іх. Тут без крэатыву —  аніяк.  Паспешлівая, бяздушная, сухая прамова пабочнага экскурсавода-прыватніка — учарашні дзень.  Суправаджаць вандроўнікаў, скажам, на Гальшанах павінен дамарослы гід у строі шляхціча, які ведае пра гэтую мясцовасць усё да драбніц і здольны сваім расповедам закрануць самыя лепшыя пачуцці людзей.

Закон аб турызме існуе, для пэўных відаў дзейнасці цяпер нават ліцэнзій не патрэбна. Але  адпаведная  Нацыянальная праграма выконваецца кепска. Чаму? Аддзелы культуры баяцца камерцыялізацыі, і Ашмянскі раён тут — не выключэнне.  Між тым, гэта непазбежны працэс: культура павінна вучыцца жыць за кошт пазабюджэтных сродкаў. Натуральна, цяжка. Але ж якасны ўзровень культурных мерапрыемстваў на Ашмяншчыне заўжды быў дастаткова высокім. І людзі даўно прызвычаіліся плаціць  і за канцэрты, і за спектаклі. Іншая справа — як перанесці будзённую дзейнасць узорных і народных калектываў, бібліятэкараў і музейшчыкаў з клубных сцэн, чытальных і выставачных залаў на абслугоўванне турмаршрутаў? Але і гэта непазбежны працэс, і марудзіць з анімацыйным насычэннем замкавых муроў — значыць элементарна губляць пазабюджэтныя грошы. Спачатку, натуральна, яны будуць невялікімі. Гальшанскі фэст таксама няшмат прыбытку прынёс, але ён даў першы досвед,  паказаў, што не бывае  якаснага бясплатнага прадукту. І гэта неацэнны набытак.

Трэба ненавязліва прапаноўваць свой прэйскурант, піарыць сябе, узвесці культурны менеджмент на ўзровень дакладнага праліку: што трэба зрабіць сёння, каб заўтра атрымаць гарантаваны  дывідэнд ад культурных укладанняў?