Усе плюсы “трох” і “дзвюх”

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

“Яны маладыя, шчырыя, арыгінальныя, натуральныя — і таму мы верым у поспех гэтага калектыву”, — такімі характарыстыкамі намеснік старшыні Праўлення Другога нацыянальнага канала Сяргей Хоміч вызначыў удзельнікаў “Еўрабачання-2010” ад Беларусі — гурт “Тры плюс два”.

 Права прадстаўляць краіну на Міжнародным конкурсе песні ў Осла з песняй “Far away” выпала квінтэту фіналістаў праекта тэлеканала АНТ “Новыя галасы Беларусі” — пяцёрцы ў складзе Арцёма Міхаленкі, Юліі Шышко, Егіязара Фарашана і чароўнага дуэта сёстраў-блізнятак Алёны і Нінель Карповіч.

 Як прызналіся пераможцы нацыянальнага адбору, квінтэт быў створаны наступным цікавым чынам: спачатку Арцём, Юлія і Егіязар аб’ядналіся ў трыо, а потым да іх далучыліся Алёна і Нінель.  

“Мы вельмі розныя, але ў гэтым — наш плюс, — кажа Арцём Міхаленка. — Усе мы павінны прыслухоўвацца адно да аднаго. Так, калі трэба штосьці вырашыць, слухаем меркаванне кожнага, а потым, параіўшыся, прымаем канчатковае рашэнне”.

 
 /i/content/pi/cult/253/3734/32.gif
Вядома, пытанняў да новага гурта шмат: яго ўдзельнікі — маладыя, а “Еўрабачанне” — конкурс, які патрабуе харызматычных якасцей і моцнага характару ад удзельнікаў.

— Хочам нагадаць, што ўсе мы маем прафесійную вакальную адукацыю, — зазначылі сёстры-блізняты. — Мы, напрыклад, — студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе “харавое дырыжыраванне”, за плячыма і Рэспубліканскі каледж мастацтваў імя І.Ахрэмчыка.

Арцём распавёў, што навучаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў у вядомага педагога, саліста Венскай оперы Рыгора Палішчука. Як і Егіязар Фарашан, у якога, дарэчы, дзевяць перамог на міжнародных конкурсах. — Я ж увогуле спяваю з ранняга дзяцінства, — адказала Юлія Шышко, — Сёння навучаюся ў БДУКіМ і з’яўляюся салісткай Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Наконт працы ў ім хачу адзначыць: гэта калектыў вельмі высокага прафесійнага ўзроўню, і я імкнуся яму адпавядаць. Што да публічных выступленняў — гэта мноства канцэртаў з аркестрам, удзел у “Славянскім базары ў Віцебску”… Як падкрэслілі ўдзельнікі гурта карэспандэнту “К”, “Тры плюс два” — гэта ідэальны баланс галасоў: тры сапрана, адзін барытон і адзін тэнар.

Паколькі раней Юля, Арцём і Егіязар выступалі сольна,удзельнікам квінтэта даводзіцца вучыцца слухаць адно аднаго. У гэтым плане Алёна і Нінель як прафесійныя “харавікі” ў калектыве выступаюць у ролі крытыкаў, выпраўляючы хібы шматгалоснага гучання.

— У цэлым, на маю думку, у нас ёсць дзве істотныя перавагі, — мяркуе Арцём Міхаленка, які ў калектыве “па сумяшчальніцтве” лічыцца галоўным аратарам. — Па-першае, усе мы — прыхільнікі класікі (дарэчы, мой любімы выканаўца — Лучана Павароці), гэта вызначае наш густ і прафесійную падрыхтоўку. Па-другое, упершыню на “Еўрабачанне” ад Беларусі паедзе не саліст або дуэт, а цэлы гурт. Пагадзіцеся, сольнаму выканаўцу ў псіхалагічным плане даволі цяжка аднаму трымаць увесь цяжар адказнасці. Мы ж можам падтрымаць адно аднаго.

Аўтарамі песні “Far away” сталі кампазітары Леанід Шырыні Юрый Вашчук, а тэкст належыць спявачцы Геры. Цяпер Другі нацыянальны тэлеканал, які сёлета адказвае за падрыхтоўку гурта да конкурсу, робіць новую аранжыроўку “Far away” ў Кіеве і здымае на кампазіцыю кліп.

— У відэароліку будзе шмат камп’ютэрнай графікі, — распавёў сія-тыя падрабязнасці падрыхтоўкі Сяргей Хоміч. — Што ў апошні час падабаецца еўрапейцам? “Аватар” і “Аліса ў краіне цудаў” — вось тыя фільмы, якія сталі суперпапулярнымі. Людзям хочацца абстрагавацца ад сваіх праблем і ўбачыць казку, фэнтэзі. Зыходзячы з гэтага трэнда, мы і будзем здымаць кліп і будаваць шоу выступлення. Дарэчы, вядомы рэжысёр-пастаноўшчык Андрыс Ліепа пагадзіўся прыняць удзел у пастаноўцы нумара для нашых канкурсантаў. Гэты рамантычны вобраз, які нясе ў сабе песня, сцэнічная пастаноўка, і малады гурт, перакананы, будуць мець поспех.  

Нагадаем, трансляцыю “Еўрабачання” на Беларусі па-ранейшаму ладзіць Белтэлерадыёкампанія.

 Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ