Мерапрыемствы традыцыйна праходзяць раз у два — тры гады на Лагойшчыне, у філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Акопы”. Гэты маляўнічы куток стаў для паэта — як Міхайлаўскае для Пушкіна, Тарханы для Лермантава, Мікалаеўшчына для Коласа — невычэрпнай крыніцай натхнення. Тут Пясняр напісаў больш за 50 вершаў, некалькі паэм, драматычных твораў.
Сёлетні, ужо сёмы, злёт пачынаецца сёння, 26 мая, семінарскімі заняткамі. Заўтра ў “Акопах” пройдзе вялікае Свята паэзіі, прысвечанае 125-годдзю Янкі Купалы. У ім возьмуць удзел 50 лепшых маладых паэтаў Міншчыны.
З моладдзю працуюць прафесійныя літаратары Галіна Каржанеўская, Навум Гальпяровіч, Леанід Дранько-Майсюк, Людміла Рублеўская, Віктар Шніп. Яны робяць грунтоўны аналіз твораў пачаткоўцаў, дзеляцца сакрэтамі майстэрства. Такія сустрэчы прыносяць плён.
Ад першых публікацый многія прыходзяць да сваіх першых кніжак, стала друкуюцца ў такіх перыядычных выданнях, як “ЛіМ”, “Маладосць”, у мясцовым друку (Генадзь Аўласенка, Вольга Савасцюк, Таццяна Цвірка, Ірына Баравая, Генадзь Пшэннік, Віктар Трусевіч, Алена Чарнуха, Альберт Аўчыннікаў і іншыя).
Удзельнікі першых злётаў Зоя Падліпская, Янка Лайкоў, Таіса Трусевіч сталі прафесійнымі пісьменнікамі.
Дарэчы, многія з пачаткоўцаў друкуюцца ў калектыўным зборніку “Слова Купалы да творчасці кліча”, які выдае Мінскае абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна. Для многіх гэта — першае спатканне з масавым чытачом: зборнік паступае ў цэнтральныя бібліятэкі Міншчыны.
Наталля ЧУЕВА,
дырэктар абласной бібліятэкі
імя А.С. Пушкіна