“Міс Беларусь” — гэта...

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

Удзельніцы Нацыянальнага конкурсу прыгажосці “Міс Беларусь-2010”, чарговы этап якога распачаўся на гэтым тыдні, здзівілі журы сваімі талентамі: больш за дваццаць дзяўчат з трыццаці адабраных... прафесійна граюць на фартэпіяна! Яны скончылі ВНУ, мастацкія вучылішчы і музычныя школы па класе гэтага інструмента. Канкурэнцыя за званне “Міс Талент-2010” будзе сапраўды жорсткай. Пра гэта распавялі нашаму карэспандэнту ў прэс-службе тэлеканала АНТ, які праводзіць спаборніцтва.

Кастынгі на ўдзел у конкурсе выклікалі ажыятаж ва ўсіх рэгіёнах краіны: паспрабаваць сябе прыйшлі паўтары тысячы прыгажунь. А ўжо пачынаючы з 28 сакавіка гледачы АНТ змогуць даведацца, хто з трыццаці лепшых атрымае ўзнагароды. У фінальным шоу напрыканцы красавіка (а яно адбудзецца ў Палацы спорту) свае лепшыя  якасці прадэманструюць толькі дзесяць удзельніц, а пяць з іх чакаюць званні “Міс Беларусь-2010”, “Першая Віцэміс”, “Другая Віцэміс”,“Міс Сяброўства” і “Міс Дабрачыннасць”.  

Цягам месяца дзяўчаты будуць займацца са спецыялістамі па вакале, харэаграфіі, сцэнічнай мове, касметолагамі, цырульнікамі. Спартыўныя трэніроўкі будуць вельмі сур’ёзнымі, бо ацэньваць удзельніц у намінацыі “Міс Спорт-2010” прызначаны такія прафесіяналы, як  алімпійскія чэмпіёны —  фрыстайліст Аляксей Грышын і легкаатлетка Яніна Карольчык... Толькі некалькі гадзін на тыдзень у прыгажунь будзе вольны час, каб сустрэцца з роднымі, бо з  ранку да вечара яны рыхтуюцца да выступленняў.

Дарэчы,  найбольшая колькасць дзяўчат прадставіць на “Міс Беларусь2010”Міншчыну і сталіцу — па шэсць чалавек, з Гомельскай вобласці  — пяць удзельніц, з Гродзенскай — чатыры, з Магілёўскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцей — па тры канкурсанткі.   

Як і пад час “Міс Беларусь-2008” і “Міс Інтэркантыненталь”, рэжысёрам фіналу выступіць Наталля Петухова. У самім шоу будуць выкарыстаны новыя элементы, якія пакуль захоўваюцца ў сакрэце.

 Алена САБАЛЕЎСКАЯ