“Не мой” — у красавіку

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

Днямі на Малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы стартаваў праект “Лепшыя спектаклі ХХ стагоддзя”. У яго рамках можна пазнаёміцца з узорамі сцэнічнага мастацтва, якія склалі найноўшую гісторыю сусветнага тэатра. Гэтую акцыю Купалаўскі ладзіць сумесна з пасольствамі замежных краін.

Першым у галерэі тэатральных шэдэўраў ХХ стагоддзя, прадстаўленых сталічным гледачам у гэтую пятніцу, стаўся культавы “Мёртвы клас” знакамітага польскага рэжысёра Тадэвуша Кантара — філасофскі спектакль-прысвячэнне тым, хто не вярнуўся з баёў Другой сусветнай вайны. Акрамя прагляду, у рамках праекта ўсім прысутным была прапанавана лекцыя аб асобе Кантара і яго творчым унёску ў сусветную тэатральную скарбніцу. А на наступным тыдні, таксама ў пятніцу, галоўнай “гераіняй” імпрэзы стане выбітны французскі рэжысёр-эксперыментатар Арыян Мнушкін. Што да далейшых фігурантаў гэтага маштабнага паводле сваёй задумы праекта, то іх імёны арганізатары не раскрываюць: для таго, каб захаваць інтрыгу і заахвоціць усіх неабыякавых да тэатральнага мастацтва бліжэй пазнаёміцца і з яго гісторыяй.

Самі ж купалаўцы распачалі актыўную працу над новай тэатральнай пастаноўкай, прысвечанай 65-годдзю Вялікай Перамогі,  — спектаклем “Не мой” паводле аповесці “Нямко” Алеся Адамовіча. Рэжысёрам спектакля выступае Аляксандр Гарцуеў, сцэнограф — Барыс Герлаван, мастак па касцюмах — Алена Ігруша. Прэм’ера адбудзецца 29 красавіка.