Хто “Ганаровыя сябры”?

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

Нацыянальны гістарычны музей уручыў першыя сертыфікаты “Ганаровы сябра музея” тым, хто паспрыяў павелічэнню колькасці каштоўных экспанатаў установы.

 На думку яе дырэктара Сяргея Вечара, паўстала неабходнасць адзначаць прыхільнікаў музея. Для гэтага было распрацавана пасведчанне, што даецца за асабісты ўнёсак у справу захавання айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны.  Першымі ім уганараваны жонка Прэм’ерміністра краіны Людміла Сідорская, якая летась перадала ў Нацыянальны гістарычны музей тры лічбавыя копіі, зробленыя з карцін са збору Смаленскага дзяржаўнага музея-запаведніка, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт, Мітрапаліт Мінскі і Магілёўскі, архібiскуп Тадэвуш Кандрусевiч, спонсары і мецэнаты музея.

На гэтым жа тыдні адкрылася выстаўка твораў пад назвай “Экспануецца ўпершыню. З паступленняў 2009 года ў збор Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь”. Усяго за названы тэрмін сховішчы гэтай скарбніцы атрымалі больш за 15 тысяч прадметаў, у экспазіцыі ж прадстаўлена 146 з іх.

Сяргей Вечар падкрэсліў, што ў сваёй працы музей абапіраецца на дзейсную падтрымку з боку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дзякуючы якому быў набыты шэраг каштоўных экспанатаў. Акрамя таго, прадметы, звязаныя з гісторыяй роднага краю, паступілі ў фонд за кошт заробленых музеем сродкаў. Папаўнялася калекцыя ўстановы і па выніках археалагічных раскопак супрацоўнікаў музея на Браслаўшчыне, а таксама выпадковых знаходак прыхільнікаў установы. Як адзначыла загадчык інфармацыйна-выставачнага аддзела музея Вераніка Сасноўская, упершыню атрыманы прадметы царкоўнага адзення і асабістыя рэчы архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і Уладыкі Філарэта. Вялікую каштоўнасць маюць і унікальныя старадрукі XVII ст. з бібліятэкі бернардзінскага кляштара ў Будславе. На выстаўцы можна пабачыць калекцыю фарфору са збору Мінскага фарфоравага завода, лічбавыя копіі партрэтаў магнатаў XVIIІ стагоддзя, спартыўную форму беларускіх спартсменаў на Алімпійскіх гульнях у Пекіне.  

Намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі на ўрачыстым адкрыцці выстаўкі выказаў спадзяванне, што ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у бліжэйшы час будзе створаны апякунскі Савет, які зоймецца прыцягненнем мецэнатаў і спонсараў.