Багацце і культурная разнастайнасць сучаснай Беларусі

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

Напярэдадні адкрыцця Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі

Як вядома, 2010 год аб’яўлены Годам культуры Беларусі ў Расіі. Пра тое, якія мерапрыемствы пройдуць у рамках гэтай буйной міждзяржаўнай акцыі, распавёў карэспандэнту “К” першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір РЫЛАТКА.

  Па сутнасці, Год культуры Беларусі ў Расіі ўжо распачаўся бліскучым выступленнем у рамках Дзён Чэхава Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы з чэхаўскім “Вяселлем” — сумесным беларуска-расійскім праектам, прымеркаваным да 150-годдзя класіка. Мяркуючы па водгуках прэсы і тэатральнай грамадскасці, спектакль не застаўся незаўважаным. Літаральна ўсе адзначалі высокае акцёрскае майстэрства і прафесіяналізм беларускай трупы, што надзвычай прыемна. Маскву вельмі складана здзівіць акцёрскай ігрой, але ў нас гэта атрымалася. Асобныя віншаванні з вялікім поспехам Генадзю Аўсяннікаву — ён проста зрабіў фурор у расійскай сталіцы!

 — Але ж да афіцыйнага адкрыцця Года культуры Беларусі ў Расіі яшчэ прыкладна месяц…

— Так, асноўныя мерапрыемствы распачнуцца ў красавіку. У Дзяржаўным цэнтральным музеі сучаснай гісторыі Расіі мы адкрыем вялікую выстаўку нашых маладых мастакоў: у трох залах размесцяцца жывапісныя, графічныя работы, скульптура, кераміка і відэаарт. Як заўсёды, сам момант урачыстага адкрыцця Года культуры — хвалюючы і адказны. Чытачы К”, пэўна, памятаюць: у мінулы раз нашы Дні культуры ў Расіі адкрываліся спектаклем “Страсці” (“Рагнедай”) Андрэя Мдзівані ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева, і спектакль тады зрабіў вельмі моцнае ўражанне. Гэтым разам мы выбралі для адкрыцця на сцэне Вялікага тэатра Расіі балет “Ціль Уленшпігель” Яўгена Глебава. У пазамінулым годзе спектакль гэты быў адноўлены пад назвай “Легенда аб Уленшпігелі”: Валянцін Елізар’еў даў яму “другое дыханне”. І нам хацелася б прадэманстраваць у расійскай сталіцы пэўныя вяршыні беларускага мастацтва — я маю на ўвазе і музыку, і балет. Тым больш, што пастаноўка гэтая ніколі не была ў Маскве.  

Увогуле, красавік і май будуць насычаны самымі разнастайнымі мерапрыемствамі. Сярод самых заўважных — упершыню ў гісторыі Дзяржаўны сімфанічны аркестр Беларусі выступіць у Вялікай зале Маскоўскай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага. Дырыжыраваць будзе Аляксандр Анісімаў. Мяркую, гэты канцэрт не пройдзе незаўважаным. А ў Крамлёўскім палацы адбудзецца выступленне ансамбля “Сябры”: Анатоль Ярмоленка традыцыйна раз на два гады выступае ў Маскве, збіраючы аншлагі на свае канцэрты. Думаецца, і гэтым разам залы будуць поўныя. Не магу абысці ўвагай і яшчэ адну цікавую імпрэзу: у Канцэртнай зале імя П.І. Чайкоўскага адбудзецца сумесны канцэрт Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі і Краснаярскага ансамбля танца Сібіры імя М.С. Гадэнкі. Натуральна, што цягам гэтых месяцаў у Маскве пройдуць шэраг прэс-канферэнцый, майстар-класы і спецыяльныя адукацыйна-творчыя праграмы для маладых талентаў. Беларуская дэлегацыя наведае помнік Янку Купалу, ускладзе кветкі і, магчыма, у Маскве прагучаць на беларускай мове вершы нашага класіка. Акрамя таго, запланаваны рэпетыцыі і выступленне Маладзёжнага сімфанічнага аркестра Беларусі і Расіі. Прымуць нашы творцы і традыцыйны ўдзел у Дні горада.  

— Вядома, што многія нашы вобласці маюць цесныя сувязі з адміністратыўнымі акругамі Масквы… 

— Так, гэтыя сувязі склаліся і падтрымліваюцца гадамі, беларускія дэлегацыі неаднойчы прымалі ў самых розных акругах Масквы. І ў рамках Года культуры Беларусі ў Расіі таксама кожны раён Масквы прыме ў сябе з творчымі праграмамі беларускіх выканаўцаў.  Завершаць маскоўскую праграму гастролі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы, якія пазнаёмяць сталічных тэатралаў са сваімі апошнімі прэм’ерамі. Цяпер разглядаецца магчымасць паказу ў Маскве і апошніх работ нашага Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага.

— Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна і пра мерапрыемствы, якія пройдуць за межамі расійскай сталіцы.

— У верасні ў рамках Года культуры пройдуць Дні культуры Беларусі ў Санкт-Пецярбургу. Пакуль што я не магу агучыць канчатковы варыянт праграмы, але скажу, што жыхары паўночнай сталіцы Расіі абавязкова пабачаць наша кіно. У канцэртнай зале “Кастрычніцкая”  прэзентуем праграму “Беларусы ў Пецярбургу”, падрыхтаваную Віктарам Скорабагатавым: музыканты ансамбля “Класік-авангард”прадставяць музыку кампазітараў — ураджэнцаў нашай зямлі, якія зрабілі немалы ўнёсак у фарміраванне кампазітарскай школы і рускай музычнай культуры ўвогуле.  Калі гаварыць пра іншыя “маршруты” беларусаў, літаральна зараз завяршаюцца перамовы з Екацерынбургам аб правядзенні Дзяржаўным ансамблем “Песняры” гастрольнага тура па ўральскіх гарадах. Па лініі філармоніі запланаваны кантакты з Калінінградскай вобласцю. Вядзецца дыялог з Краснадарскім краем аб арганізацыі гастролей нашага Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору, у той час як з Яраслаўля да нас прывязуць іконы, і мы ў якасці абменнай выстаўкі прадставім там свае іконы. Я ўжо не кажу пра тое, што наперадзе гастрольнае лета, і нашы тэатры плануюць абменныя гастролі з такімі расійскімі гарадамі, як Бранск, Пскоў, Смаленск…

Напрыканцы хачу адзначыць, што праграма Дзён культуры Беларусі ў Расіі і шматлікія формы творчага абмену ў яе рамках у значнай ступені адлюстроўваюць стан культурных сувязей паміж нашымі краінамі. Я перакананы, што нам удасца зладзіць мерапрыемствы на такім высокім узроўні, каб паказаць багацце і культурную разнастайнасць сучаснай Беларусі.

Таццяна КОМАНАВА