Узгадваць не толькі на Дзяды

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

19 мая на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі адбылася прэм’ера спектакля “Вячэра” па п’есе Яўгена Шабана ў пастаноўцы Ніны Піскаровай. Галоўную ролю ў спектаклі выканала заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Мархель.

 /i/content/pi/cult/117/372/Dzyady.jpg
Прэм’ера “Вячэры” прымеркавана да 70-годдзя беларускага акцёра і драматурга Яўгена Шабана, які амаль чвэрць стагоддзя таму заўчасна пайшоў з жыцця.
На жаль, сёння для многіх імя Шабана не надта вядомае. А, між тым, для айчыннага тэатра Яўген Шабан — акцёр, загадчык літаратурнай часткі Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Якуба Коласа, а пазней — загадчык літчасткі Купалаўскага тэатра, рэжысёр студыі Беларускага тэлебачання — фігура знакавая. Ён адным з першых у беларускай драматургіі пачаў пісаць “смелыя” п’есы пра сацыяльныя “непрыкрасы” (напрыклад, “Шрамы” — пра падлеткавую злачыннасць — і іншыя). Працуючы на тэлебачанні, Я.Шабан за дзесяць гадоў “вывеў” на экран вельмі шмат твораў беларускай літаратуры.
Адзін з лепшых яго тэлеспектакляў — “І смех, і бяда” паводле апавяданняў Якуба Коласа (Шабан тут выступаў у якасці інсцэніроўшчыка і рэжысёра), дзе былі заняты вядомыя акцёры Тадэвуш Кокштыс, Уладзімір Куляшоў, Яўген Шыпіла, Генадзь Гарбук, Таццяна Мархель, Генадзь Аўсяннікаў і іншыя. Зрэшты, на Беларусі менавіта ён стаўся пачынальнікам жанру монадрамы, да якога і адносіцца ягоная “Вячэра”.“Вячэра” сталася апошнім тэлеспектаклем Я.Шабана. А праз чвэрць стагоддзя Таццяна Мархель, якая і тады выконвала ролю Васіліны і па сваім эмацыянальным строі надта нагадвала Я.Шабану ягоную маці, зноў выйшла на сцэну. Перад намі — адзінокая немаладая жанчына, якая гатуе вячэру ў сумнае і светлае свята Дзядоў. Яе субяседнікі— хатняя жывёла, старая бяроза ды душы тых, каго ўжо няма. Але адзінота яе выключна вонкавая: Васіліна — як масток паміж мінулым і сучаснасцю, напоўнена магутнай жыццёвай мудрасцю. І — любоўю да жыцця, нягледзячы на ўсё нялёгкія і пакручастыя нягоды лёсу. Бадай, гэтая любоў — удзячная і не “утылітарная” — галоўнае, што імкнецца данесці нам актрыса. Менавіта такога стаўлення да жыцця надзвычай не хапае нам сёння. У час, калі ці не ўвесь наш клопат круціцца вакол таго, як “аптымізаваць” наш побыт, змяніць яго на ўласны густ і ўяўленне, умець любіць тое, што дае табе Бог,— жыццё, прымаць усё з удзячнасцю — найвышэйшая мудрасць. І гэтую мудрасць продкаў нясе праз усё сваё жыццё Васіліна Таццяны Мархель.
Бо самая важная памяць для чалавека — памяць продкаў.
У фае тэатра перад спектаклем была разгорнута невялікая выстаўка, прысвечаная Яўгену Шабану. На стэндах можна было пазнаёміцца з артыкуламі пра яго, фотаздымкамі са спектакляў розных гадоў, дзе ён сыграў свае знакавыя тэатральныя ролі. А ў глядзельнай зале, у чацвёртым радзе, я “ўгледзела” яшчэ адну гераіню аналагічнага “спектакля” пад назвай “жыццё” — доктара філалагічных навук, тэатральнага крытыка і педагога Таццяну Дзмітрыеўну Арлову — удаву Яўгена Шабана...

Таццяна КОМАНАВА
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА