“Можна было б жыць кожнаму чалавеку стагоддзе…”

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

Іван Пушкоў. З франтавога дзённіка мастака

У гэтым нумары прадстаўляю чытачам “К” наступную, трэцюю, частку фрагментаў дзённіка ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, мастака Івана Васільевіча Пушкова. У ёй ахоплены перыяд франтавога жыцця мастака з пачатку да другой паловы лютага 1945-га. Месца дзеяння —  Усходняя Прусія, былы фарпост германскага мілітарызму на Усходзе.  Гэта час, калі 3-і Беларускі фронт сумесна з чатырма арміямі 2-га Беларускага і 1-га Прыбалтыйскага франтоў ажыццявілі грандыёзную Усходне-Памеранскую аперацыю, а затым — Кёнігсбергскую і Земландскую  аперацыі 1945 года. Апошнюю ж частку фрагментаў з дзённіка І.Пушкова, прысвечаную гераічным падзеям, якія звязаны з разгромам фашысцкай Германіі і падзеннем Берліна, надрукуем у спецыяльным выпуску “Культуры”, прымеркаваным да 65-годдзя Вялікай Перамогі.

Б.К

23 студзеня 1945 г.  Усходняя Прусія.

Учора нашы хадзілі у Гумбінен паглядзець на плён сваёй працы. Ва ўсім горадзе не было ніводнага мірнага жыхара. У ліку трафеяў, якія праціўнік пакінуў у час уцёкаў, мае салдаты ў адным са стандартных домікаў (на галоўнай вуліцы) знайшлі незвычайныя: савецкія алоўкі “Піянер” фабрыкі Красіна і наш жа блакнот. Аказваецца, нашым алоўкам і ў Берліне малююць! Нічога, мы,  савецкія людзі, — не ганарліўцы, і туды хутка дойдзем!

Пасля кароткага перакусу наш дывізіён у складзе палка  паходнай калонай прайшоў па яшчэ дымных вуліцах Гумбінена. Паўсюдна — груды бітай цэглы, шкла, шчэбеню, дроту з тэлеграфных  слупоў, знявечаных асколкамі... Спыніліся на паўднёва ўсходнім баку ад вузла абароны праціўніка — Інстэрбурга. Атабарыліся  ў двух дамах (сёння адзін з іх згарэў). Чакаем загаду. Неяк проста сорамна заставацца ў  тыле. Але галоўнае — мы не маем уяўлення, дзе зараз немцы!

 

25 студзеня 1945 г.  Усходняя Прусія.

Там жа.   За 20 кіламетраў ад нас вайна ў разгары: гараць фальваркі, гаспадарскія двары і маёнткі. Па лясах, па  дарогах і гарадах блукаюць бяздомныя жывёлы. У кватэрах з мяккай прускай мэблі створаны цэлыя барыкады. У агародзе стаіць фісгармонія, а побач з ёй байцы расклалі вогнішча. З падвалаў выходзяць першыя нашы людзі: арлоўскія, смаленскія, ленінградскія. Тры гады ў тузе па сваёй радзіме пакутавалі яны  ў  нямецкай няволі. Я бачу, як яны збіраюць няхітрыя пажыткі і на каровах, запрэжаных у сані, накіроўваюцца на ўсход…

 

1 лютага 1945 г.

 Калі падлічыць агульную колькасць таго, што з’еў адзін чалавек, які дажыў да 70гадовага ўзросту, то выявіцца: ён ужыў за гэты час 265 цэнтнераў хлеба, 3600 кілаграмаў мяса, 12 000 яек, 50 цэнтнераў зеляніны і 25 000 літраў рознай вадкасці. Калі ўсё гэта пагрузіць у грузавікі, атрымаецца караван у 25 запоўненых да самага верху машын…  Вечарам узяў у лейтэнанта  Смірнова падзёрты 1-ы томік майго любімага Ясеніна, маскоўска-ленінградскага выдання 1926 — 27 гг.  Вось хто лепш за ўсіх апеў прыроду!

Вот уж вечер. Роса

 Блестит на крапиве.

Я стою  у дороги,

Прислонившись к иве.

От луны свет большой

Прямо на нашу крышу.

 Где-то песнь соловья

Вдалеке я слышу…

 І гэта ён напісаў у 15 гадоў! Яшчэ чамусьці ўспомніў адну легенду: як у старажытнасці ўмелі цаніць мастацтва. Вядома, што Рэмбрант памёр у галечы. Таму нельга не прасякнуцца павагай да аднаго валадара сівой   старажытнасці — цара Лідыі, які за 700 гадоў да Н.Х. плаціў свайму прыдворнаму мастаку чыстым  золатам… па вазе карціны: на адну шалю кідаў партрэт, на другую золата — гэта і быў ганарар… Але ўсё гэта я пішу так, замест дрымоты, пакуль мае байцы спяць і спяць. Правільна кажуць: кухар спіць, а булён кіпіць. Альбо:  бабка спіць, а гусей пасе. Але адчуваю, што хутка нас чакаюць цяжкія баі. Канешне, не хацелася б паміраць, не пабачыўшы нашага чырвонага сцяга над Берлінам…

 

 2 лютага 1945 г.

 Да мяне прыйшлі дзве радасці да агульнай урачыстасці нашага наступлення. Першая —  гэта прарыў саюзнікамі лініі “Зігфрыда” і ўступленне на непасрэдныя землі Германіі з захаду. І другая, не меншая радасць — гэта перамога праўды: сыход з палка некаторых “службовых” асоб. Я ад усёй душы вельмі рад, што сярод іх быў і
/i/content/pi/cult/252/3719/23.gif
Іван Пушкоў стаіць у цэнтры
адзін няздарны штабіст, які ледзь не паставіў мяне на край бездані, і толькі дзякуючы таму, што я — чалавек не з слабога дзесятка і што на маім баку была праўда, якую не пабароць ніякім чынушам вышэйшага разраду, —  я выстойваў, і гэтым яшчэ раз заслужыў павагу маіх былых сяброў-таварышаў. Але не магу дараваць таму штабісту, што ён забраў усе мае дзённікавыя запісы за май — кастрычнік 1944 года — быццам бы для “прагляду” спецаддзела: а раптам я “выдаў” у гэтых запісах нейкую “ваенную тайну”? Ідыёт — што я магу яшчэ сказаць пра гэтага чалавека… 8 лютага 1945 г.  Фальварак Хіршвальдашэн.З раніцы быў добры настрой: ніхто не трывожыў па тэлефоне і радыё. У 4.00 адправіў аператыўныя і разведвальныя дакументы ў штаб палка, і пачаў пісаць аўтапартрэт (упершыню за шэсць гадоў!) алейнымі фарбамі. Спачатку ўсё ішло добра. Я ўжо зрабіў малюнак і пачаў пісаць фарбамі (дрэздэнскага вырабу, падарунак сябра). Хлопцы заводзілі патэфон, танцавалі адзін з адным. І раптам у памяшканне ўварвалася штабная камісія “анучнікаў” (мы іх так называлі). Пасыпаліся ўсялякія пытанні і павучанні: маўляў, ідзе вайна, а вы знайшлі час займацца глупствам, і г. д. І тут пачала пішчаць тэлефонная рацыя. Загад: трэба перамяшчацца на новае месца. Зноў — 1000 пытанняў, якія выраслі, нібы з зямлі, і адно важнейшае за другое. Я ўскіпеў, скамячыў і кінуў у вугал пачаты партрэт. А 17-й я быў у штабе артдывізіі. А ў 19.00 я ўжо размясціўся са сваім штабам на новым месцы ў старажытным графскім фальварку. Гэта —  трохпавярховы дом, які з трох бакоў акружаў сквер стогадовых дубоў, ліп і соснаў. Яны былі разбіты на прамавугольнікі і квадраты, з усходняга боку ўся прастора была здзіравана артылерыяй, а ўнутры дома ўсё было перавернута…

 

10 лютага 1945 г. Лашэн. Раніца.

Як і раней, працягваем стаяць у графскім фальварку. Праціўнік аказвае ўпартае супраціўленне. Зразумела, што не сёння-заўтра ён павінен адысці, бо ўначы ў напрамку горада было чуваць моцныя выбухі снарадаў: гэта пэўная прыкмета яго адыходу. У 9.00 —  сняданне. Быў Б.С. —  чалавек надзвычайнай душы. Калі хаця б чвэрць людзей былі з такімі душой і характарам, якія мае гэты чалавек, можна было б жыць кожнаму чалавеку стагоддзе —  не менш: бо галоўнае ў такіх людзях —  дабрыня, сумленнасць, любоў да радзімы, мужнасць, сціпласць, розум, адсутнасць фанабэрыі і хамства.  А я ж у параўнанні з ім—  дзіця, не зусім разумны, а ён цалкам дасканалы, да таго ж, чалавек у гадах, мае дарослых дзяцей, з якіх старэйшаму столькі гадоў, колькі і мне. Сам ён да вайны быў галоўным інжынерам на Бакінскіх нафтапромыслах, цяпер —  старшы  лейтэнант, камандзір 1-га агнявога ўзвода ў маім дывізіёне. Упершыню мы з ім прынялі бой у 1942-м на Каўказе. Вось тады, у цяжкія дні нашага адступлення, мы моцна пасябравалі, побач прайшлі франтавымі дарогамі па Беларусі, Прыбалтыцы, Прусіі і вось дайшлі амаль што да сэрца фашысцкага логава. Ніколі ў яго прысутнасці я не казаў чагосьці лішняга, не дазваляў мацюкання. А вось заўчора, калі ў раз’юшанасці скамячыў аўтапартрэт, не вытрымаў… Дык вось, сёння Б.С. падышоў да мяне ў час снядання і сказаў: “Іван Васільевіч, я  хачу, каб вы прадоўжылі работу над сваім партрэтам. Гэта вельмі важна і для вас, і для ўсіх нас…”

 

13 лютага 1945 г.

Сёння войскі 2-га і 3-га Украінскіх франтоў узялі Будапешт. А на нашым накірунку ідуць кровапралітныя баі. Праціўнік упарта супраціўляецца. Асаблівую актыўнасць выяўляе цяжкая артылерыя ворага. Снарадамі ўзрыты кожны метр зямлі. Сёння артабстрэл быў зроблены па маёй штаб-кватэры: двух кухараў параніла, забіла аднаго салдата і чатырох коней. Атрымаў загад змясціць баявы парадак. Да сыходу дня нашы пяхотныя часткі прасунуліся наперад да Грох-Лабенена.

 

14 лютага 1945 г.  Лес Штаатсфарст.  Г. Прэйсіш-Эйлау.

Жорстка шумяць устрывожаныя лютаўскім ветрам і непагаддзю, злосна насупіўшыся, цёмна-зялёныя хваіны гіганцкага лесу. Пранізлівы вецер расхрыстана гуляе між стромкімі стваламі дрэў і, быццам звар’яцелы,ірвецца і калоціцца змоклымі палотнамі палаткі, дзе стаіўся мой штаб. У цэнтры яе —  трафейная нямецкая печка, і кожны імкнецца падсесці бліжэй і працягнуць туды рукі. А вакол несупынна працуе цяжкая артылерыя з таго і іншага бакоў. Зямля, быццам у ліхаманцы, дрыжыць цэлымі суткамі. Па лесе носяцца з боку ў бок напужаныя ласі, козы, алені. Праходзяць цэлыя калоны вызваленых з нямецкага палону нашых грамадзян, палякаў і інш. Гляджу на лес, успамінаю Ясеніна: “Поёт зима, аукает, / Мохнатый лес баюкает / Стозвоном сосняка. / Кругом с тоской глубокою / Плывут в страну далёкую / Седые облака…” Так…

 

24 лютага 1945 г. М. Эккер. На паўднёвы ўсход ад г. Цынтэна.

Прыемнае паведамленне. Толькі за 40 дзён зімовага наступлення нашы войскі выгналі фашыстаў з 300 гарадоў, захапілі да 1000 ваенных заводаў, пазаймалі звыш 2400 чыгуначных станцый, авалодалі сеткай чыгуначных дарог працягласцю больш за 15 000 км. Гітлераўцы згубілі за гэты час каля 350 000 салдат і афіцэраў палоннымі і 800 000 —  забітымі.

Працяг будзе.