“ДЖЭКПОТ” — НАВАГРУДСКАМУ ЗАМКУ

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

Напрыканцы мінулага года адзін з артыкулаў рубрыкі “Соцыум” заклікаў укласці “сваю цаглінку” ў аднаўленне Навагрудскага замка. Ужо сёння гэта магчыма зрабіць, набыўшы білет грашоварэчавай латарэі “Скарбніца”, заснавальнік якой — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

 Прычым за кошт аднаго набытага білета латарэі ваш унёсак складзе нават не адну, а, як запэўніваюць яе арганізатары, цэлыя дзве цагліны ў муры помніка сівой мінуўшчыны і ўвогуле ў дзяржаўную справу рэканструкцыі нашай спадчыны.  
/i/content/pi/cult/252/3718/22.gif
 
Сёння “Культура” на сваіх старонках распачынае інфармацыйную акцыю ў падтрымку аднаўлення Навагрудскага замка. Супрацоўнікі газеты  “Культура” і часопіса “Мастацтва” ўжо набылі першыя білеты латарэі “Скарбніца”, што адпавядае пяцідзесяці цаглінам для помніка нашай даўніны. І гэта толькі першы крок. Усе самыя свежыя звесткі аб працэсе збору сродкаў і пачатку работ на аб’екце  чытайце на нашых старонках. Ёсць і іншыя цікавыя праекты рэдакцыі, звязаныя з Навагрудкам. Якія? Вельмі хуткамы пра іх паведамім. А ў гэтым нумары прапануем вам зірнуць на “навагрудскі кантэкст” праз прызму “Скарбніцы”.   

 

Латарэйныя “цаглінкі”

 

Адны ставяцца да латарэйнага білета адно толькі як да забавы для азартных гульцоў, іншыя ж бачаць у ім “цаглінкі”, закліканыя стаць моцным падмуркам для добрых спраў. Гэткія мэты ставіць перад сабой і Рэспубліканская тыражная латарэя “Скарбніца”, заснаваная Міністэрствам культуры краіны ў 2002 годзе, усе сабраныя сродкі ад якой накіроўваюцца на мэтавыя работы па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей.  Пра латарэю “Скарбніца” гутарым з намеснікам начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Аляксандрам ЛЯНКОВЫМ

— Арганізатар “Скарбніцы” РУП “Беларускія латарэі” выпусціў ужо 18 тыражоў. Сярод аб’ектаў,  на якія пайшлі латарэйныя сродкі, можна назваць колішнія Саляныя склады ў Віцебску, былую сядзібу ў Ваўкавыску, Палацава-паркавы ансамбль у Гомелі, мемарыяльную капліцу ў в. Лясная Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці, касцёл Прасвятой Дзевы Марыі ў Мінску, палац у Гальшанах…

— У гэтым годзе ў цэнтры ўвагі “Скарбніцы” апынуўся Навагрудскі замак…

— Так, сёлета мы плануем правесці чатыры тыражы латарэі, усе сродкі ад якой пойдуць на комплекс мерапрыемстваў па рэстаўрацыі Навагрудскага замка, а гэта ўключае ў сябе і складанне праектна-каштарыснай дакументацыі, і выкананне далейшых работ згодна з ёю.Толькі па першапачатковых прыкідках,на складанне дакументацыі спатрэбіцца 70 — 100 мільёнаў рублёў. Частка гэтай сумы будзе выдаткавана з рэспубліканскага бюджэту, частка — з абласнога. Але ж мы разумеем, што сёння планаваць сваю дзейнасць, разлічваючы толькі на бюджэтнае фінансаванне, нельга. Прыкладам, Навагрудскі райвыканкам адкрыў пазабюджэтны рахунак для ўсіх ахвотных спрычыніцца да рэстаўрацыі. Мяркуем, што і латарэя “Скарбніца”дасць магчымасць прыцягнуць увагу больш шырокіх колаў грамадскасці да такога помніка нацыянальнай гісторыі, як Навагрудскі замак.  

— Вядома, што білеты 19-га тыражу ўжо з’явіліся ў продажы…

— Так, яны традыцыйна распаўсюджваюцца праз “Беларускія латарэі”, сістэму арганізацый і ўстаноў культуры, а таксама іх можна набыць ва ўсіх аддзяленнях “Беларусбанка”. І хаця да 22 красавіка — даты правядзення 19-га тыражу — яшчэ ёсць час, раю парупіцца аб набыцці білетаў загадзя. 

— Дарэчы, якую прыкладна суму  плануецца атрымаць ад сёлетніх тыражоў “Скарбніцы”?

— Зараз я не назаву вам канчатковую лічбу, але пры жаданні можна заняцца матэматыкай і падлічыць: у 19-м тыражы выдадзена 36 тысяч білетаў, кошт аднаго складае 2,5 тысячы рублёў. Атрымліваецца сума ў 90 мільёнаў, з якой 45— 50% мусяць, згодна з заканадаўствам, скласці прызавы фонд для ўдзельнікаў. Але, сумесна з арганізатарамі, мы плануем у будучым павялічыць тыраж латарэі. Верагодна, узрасце і кошт білетаў: да 3 тысяч.

— Але ж гэта не адзіныя змены, якія ў хуткім часе чакаюць “Скарбніцу”?

— Так, мы разам з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў правялі работу па стварэнні новага макета білета. На конкурснай аснове нам было прапанавана сем яго варыянтаў, і на адным з іх мы спыніліся. У самым хуткім часе, пасля невялікіх тэхнічных дапрацовак, ён будзе запушчаны ў работу. Так што білеты цяперашняга, 19-га, тыражу, сапраўды, выйдуць яшчэ ў звыклым афармленні, а з наступнага разу “Скарбніца” зменіць сваё аблічча. Зрэшты, у перспектыве мы плануем больш актыўна абнаўляць знешні выгляд білетаў: лічым, што гэта таксама паспрыяе прыцягненню ўвагі да латарэі.  Цяпер мы разам з “Беларускімі латарэямі” прапрацоўваем пытанне аб правядзенні тыражу адразу пасля “Славянскага базару ў Віцебску”, пад час якога мяркуем арганізаваць актыўнае распаўсюджванне латарэйных білетаў. Не сакрэт, што там, дзе ладзяцца буйныя міжнародныя форумы мастацтваў і збіраюцца людзі, неабыякавыя да нацыянальнай культуры, ёсць магчымасць, дзякуючы латарэі “Скарбніца”, прыцягнуць дадатковую ўвагу да такіх важных аб’ектаў айчыннай гісторыі і культуры, як Навагрудскі замак.

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА

 

 

Ёсць такая “Скарбніца”…

“Ці пагадзіліся б вы набыць білет у латарэі “Скарбніца”, частка сродкаў ад якой пойдзе на рэканструкцыю Навагрудскага замка?” —  карэспандэнты “К” правялі сваё невялічкае апытанне на вуліцах Мінска, звярнуўшыся  да 30 выпадковых рэспандэнтаў рознага ўзросту.    

Без ваганняў падтрымаць ініцыятыву пагадзіліся 50% апытаных. “Слушная ідэя”; “Так”; “А чаму б і не?” — большасць рэспандэнтаў з цікавасцю паставіліся да прапановы і пагадзіліся з ахвотай паўдзельнічаць у акцыі. Каля 10% апытаных не змаглі даць пэўнага адказу, патлумачыўшы стрыманую рэакцыю недаверлівым стаўленнем да азартных гульняў.  І яшчэ 40% рэспандэнтаў  адмоўна адказалі на пытанне:  “Не гуляем у азартныя гульні” — такім быў аргумент гэтай катэгорыі мінчан.

Кацярына, 22 гады:

  Я  набыла б такі латарэйны білет. Бо я  — за тое, каб   каштоўнасці кшталту  Навагрудскага замка рэканструяваліся, каб яны былі захаваны для маіх дзяцей.  Я памятаю сваю вандроўку ў гэтыя мясціны, і тое, якое ўражанне  зрабіў на мяне помнік архітэктуры.

 Сіамат, 45 гадоў:

 — Я сам родам не з Беларусі, але, безумоўна, зацікавіўся б падобнай ініцыятывай і набыў білет, калі б мне яго прапанавалі. Тым больш, што сродкі ад латарэі пойдуць на такі  значны аб’ект, як Навагрудскі замак...

Дзяніс, 25 гадоў:

— Так, я згодзен. Гэтая ініцыятыва — высакародная, аднак, мяркую, сама ідэя латарэі некаторых можа адштурхнуць. Мне здаецца, да акцыі захавання гістарычнай спадчыны ўдалося б прыцягнуць больш людзей іншым чынам. Да прыкладу, прапанаваўшы спажыўцам звычайныя прадукты харчавання  за трошкі вышэйшы кошт, але з пазнакай, што гэтыя грошы пойдуць менавіта на рэканструкцыю гістарычных аб’ектаў.  Мне здаецца, што ў такім выпадку плён акцыі быў бы  большы.  

Святлана Пятроўна, 72 гады:

— З кожнай пенсіі я купляю латарэйку, ды ніводнага разу яшчэ не выйграла. Але калі гляджу па тэлебачанні, дык бачу: частка грошай з тых латарэйных акцый ідзе  ў інтэрнаты, дзіцячыя дамы…  Калі  мне прапануюць і патлумачаць, што ёсць такая латарэя “Скарбніца”, якая збірае грошы на рэканструкцыю Навагрудскага замка,   я магу набыць і яе.   

Апытанне правялі  Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ,  Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

 

Дарэчы

Як паведаміў карэспандэнту “К” кансультант аднаго з аддзяленняў “Беларусбанка”,    грашова-рэчавыя латэрэі, сярод якіх — і “Скарбніца”,  карыстаюцца   невялікай папулярнасцю.  Большасць людзей, імкнучыся вырашыць “кватэрнае пытанне”, набываюць так званыя “штотыднёвыя” білеты.  Але  20 — 30%  ад агульнай колькасці  гульцоў  выбіраюць латэрэі “дабрачыннага кшталту”.  “Калі людзям патлумачыць, яны набываюць гэтыя латарэі,— кажа кансультант банка.— На маёй практыцы аднаму  мужчыну так спадабалася гуляць менавіта ў грашова-рэчавыя латэрэі, што ён увесь час толькі іх і набываў, ды і ўсім раіў.  З аднаго боку, яму ў іх шчасціла, з іншага—  падабалася тое,  што ён усё  ж такі камусьці праз іх дапамагаў”.

 

Якім стане помнік?

Як вядома, на Замкавай гары засталіся вежы Шчытоўка і Касцельная. І яшчэ гадоў з дзесяць таму аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама забіў трывогу. Чарговыя даследаванні засведчылі: магутны водны пласт пад Замкавай гарой знайшоў выйсце да Касцельнай вежы і паступова разбурае яе. — Таму рашэнне міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі аб зборы сродкаў для замацавання схілу і кансервацыі замка— больш чым своечасовае,— распавядае “К” начальнік аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Аляксандр Карачан.— Немалаважным з гэтай нагоды падаецца і той факт, што замак— брэнд раёна. І прыцягвае ён штогод па 150 тысяч турыстаў. Знікне  брэнд—  знікне слава Навагрудчыны…

Збор сродкаў  урэшце распачаты.Акцыя набыла дзяржаўны маштаб: у продаж паступілі латарэйныя білеты “Скарбніца”. Апроч таго, па словах Аляксандр Карачана, пры аддзеле культуры Навагрудскага райвыканкама дзейнічае  пазабюджэтны спецрахунак 3632000001310 АСБ “Беларусбанк”, код 698, які быў адкрыты ў свой час для збору сродкаў на ўзвядзенне помніка Міндоўгу. На гэты ж рахунак з нядаўняга часу можна пакласці грошы і “на рэканструкцыю Навагрудскага замка”. Натуральна, замкавыя руіны— лагічны “экспазіцыйны” працяг у дзейнасці Навагрудскага краязнаўчага музея і Дома-музея Адама Міцкевіча. Вось меркаванне дырэктара музейнай установы Мікалая Гайбынаконт рэспубліканскай акцыі па зборы сродкаў на ўзнаўленне замкавых вежаў:

— Людзі, якія цяпер ахвяруюць сродкі на падтрымку Навагрудскага замка, павінны візуальна ўяўляць, на што будуць выкарыстаны іхнія грошы.  Інакш кажучы, якім паўстане праз час навагрудскі гістарычна-турыстычны брэнд. На мой погляд, бракуе адпаведнай сацыяльнай тэлевізійнай рэкламы. Між тым, і ў Тракайскім замку, і ў Старым горадзе Варшавы любы ахвотны можа ўбачыць  на стэндах, якая лядашчасць панавала тут да рэканструкцыі і ў які сённяшні цуд ператварыліся намаганні і дзяржавы, і народа. 

Прафесійнае жаданне Мікалая Гайбы, як падаецца,— і своечасовае, і слушнае, і лагічнае: народ павінен ведаць, на што канкрэтна ахвяруе ўласныя  “цаглінкі”грошы. Толькі такім чынам рэспубліканская  акцыя набудзе яшчэ і ўсенародны характар.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ

 

Уласны клопат

Аднак справа рэстаўрацыі такога знакавага для нашай краіны помніка гісторыі і культуры, як Навагрудскі замак, не можа абмяжоўвацца адно толькі колькасцю цаглін, пакладзеных у падмурак яго аднаўлення, — не менш важны і такі аспект, як рэстаўрацыя нашай памяці і пашаны да яго.

Скажам, сярод жыхароў Паднябеснай лічыцца, што цягам жыцця кожны кітаец павінен хаця б аднойчы наведаць Вялікую Кітайскую сцяну. Думаецца, гэтак жа і кожны чалавек, які нарадзіўся на нашай беларускай зямлі, мусіць на ўласныя вочы пабачыць Навагрудскі замак, што нездарма з’яўляецца калыскай беларускай дзяржаўнасці. Акурат гэтак жа лічыць і заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, мастак Васіль СУМАРАЎ:

— А як жа інакш — Навагрудчына была ў свой час цэнтрам Вялікага княства Літоўскага. Асабіста я ўпершыню трапіў у гэты край 35 гадоў таму — у 1975-м, калі атрымаў заказ ад камбіната напісаць “Від на Замкавую гару”. Едучы ў аўтобусе, запытаўся: а дзе ж той самы замак? Мне паказалі невялічкую “будынінку” ўдалечыні, і я, шчыра кажучы, не ўразіўся. А вось калі падышоў бліжэй, да самых муроў, тут у мяне, як кажуць, і шапка ўпала: і не толькі ад самога Навагрудскага замка, але і ад таго надзвычайнага краявіду, што адкрываўся за ім на цэлыя кіламетры. Літаральна праз год пасля гэтага я напісаў свой “Сказ пра Навагрудак”, які цяпер знаходзіцца ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея, яшчэ праз два гады — “Зямлю маёй маці”… Прадстаўлены “мой” Навагрудак і ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі — карцінай “Зямля бацькоў”.

Перакананы, што кожны неабыякавы да гісторыі сваёй краіны чалавек мусіць праявіць уласны клопат і пра адраджэнне такіх знакавых мясцін, як Навагрудскі замак. У тым ліку і праз латарэю, сродкі ад якой пойдуць на аднаўленне помніка мінуўшчыны.

Т.К.

 

Білеты —  заўтра?

Здавалася б, што можа быць прасцей, чым купіць латарэйны білет? Нам у пошуках “Скарбніцы” давялося правесці шматходавую камбінацыю.  

Ва ўсіх найбліжэйшых ад рэдакцыі кіёсках “Белсаюздруку” (а іх наш карэспандэнт абышоў з дзесятак) білетаў не знайшлося. Не змаглі мы набыць іх і ў бліжэйшым аддзяленні “Беларусбанка”. Затое там вельмі ўзрадаваліся нашай ініцыятыве і жаданню і прапанавалі пазнаёміцца з рэкламнай лістоўкай, адзначыўшы пры гэтым, што білеты ўжо на складзе і акурат заўтра з’явяцца ў продажы...  

Інтрыга нарастала, і мы “селі” на тэлефон. У пяці сталічных магазінах “Белсаюздруку”, якія знаходзяцца ў розных раёнах Мінска, адказвалі, што менавіта “Скарбніцы” ў продажы няма. Прапаноўвалі іншыя латарэі.

Адправілі мы свайго “ганца” і па гандлёвых пунктах “Беларускіх латарэй”. У адным з пераходаў метро на рэкламе ў пераліку грашова-рэчавых латарэй віднеліся тры іншыя назвы, але “нашай” не было ні на лістоўцы, ні ў продажы. Як, зрэшты, не аказалася яе назаўтра і ў тым аддзяленні “Беларусбанка”, дзе абяцалі прывезці тыраж са склада. Аднак наша настойлівасць у рэшце рэшт прынесла плён, і жаданыя білеты ўдалося-такі набыць у адным з  пунктаў “Беларускіх латарэй”.

Натуральна, не маглі не звярнуцца па каментарыі да арганізатараў — РУП “Беларускія латарэі”. І, як паведамілі нам ва ўпраўленні маркетынгу і рэкламы, акурат на гэтым тыдні адбыліся апошнія адпраўкі білетаў, так што з панядзелка іх ужо можна будзе набыць ва ўсіх аддзяленнях “Беларусбанка”, а таксама ў кіёсках “Белсаюздруку” і ў рэалізатараў — фізічных асоб. Білеты разасланы і па ўсіх абласных аддзяленнях РУП “Беларускія латарэі”. З усяго 36-тысячнага тыражу 8 тысяч білетаў замовілі і атрымалі прадпрыемствы сістэмы Міністэрства культуры, так што пэўную колькасць білетаў можна будзе набыць проста ў сябе на працы