Знайсці Формулу

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

Адраджэнне і развіццё сяла: сацыякультурны зрэз

Інтэрактыў  брэндавых  паслуг па сталічным максімуме

Яшчэ па дарозе на Пухавіччыну разам з намеснікам начальніка ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Эдуардам Багдановічам вялі гутарку пра тое, што вобласць — узорная ў плане культуры. Апошнім часам паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў культуры тут надавалася самая пільная ўвага. За гады дзеяння Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла з гэтай мэтай на Міншчыне было выкарыстана прыкладна 42 мільярды рублёў. Сума тым больш важкая, калі ўлічыць, што названая праграма працягвае дзейнічаць, выходзячы сёлета на фінішную прамую. І шэраг сельскіх устаноў культуры Міншчыны яшчэ чакае пераўтварэння ды абнаўлення, што не можа не паўплываць на павелічэнне духоўнай і матэрыяльнай аддачы сферы рэгіянальнай культуры. Ад Пухавіцкага раёна да Мінска — крыху больш за гадзіну язды на электрычцы або сорак хвілін на маршрутцы. Гэтая блізкасць да сталіцы дазваляе кожнаму жыхару райцэнтра —  Мар’інай Горкі — ці таму, хто жыве на сяле, заўсёды паехаць у сталіцу, узяць “на ўзбраенне” ўсё новае ў культурным цэнтры нашай краіны. Таму на Пухавіччыне ацэньваюць працу мясцовага аддзела культуры па сталічным максімуме.  Да гонару культработнікаў Пухавіцкага раёна, дасягненні ў развіцці сферы раённай культуры — не з горшых у вобласці. Але ёсць, натуральна, і свае праблемы, пытанні і “гарачыя” тэмы для абмеркавання.

У “лятучцы” прынялі ўдзел намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Эдуард БАГДАНОВІЧ, начальнік аддзела культуры Пухавіцкага райвыканкама Яўген СУШКО, дырэктар Пухавіцкага раённага цэнтра культуры Алена САЛАГУБАВА, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна Ганна ЛАБАСТАВА, дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр ПРАНОВІЧ і галоўны спецыяліст аддзела культуры Пухавіцкага райвыканкама Таццяна БАРДЗІЕР.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

— Давайце пачнём з самага надзённага. Патрабаванне рэспубліканскіх, абласных улад— адназначнае: сёння раёны павінны ўмець зарабляць грошы… Ці ёсць у вас “брэндавыя” платныя паслугі?

Алена САЛАГУБАВА:

— Увялі нядаўна новыя віды, адзін з іх— навучанне маладых вясельнаму вальсу...

Эдуард БАГДАНОВІЧ:

— Калі працаваў начальнікам аддзела культуры Заводскага раёна сталіцы, дык у цэнтры раёна з’явілася “Алея маладажонаў”:  маладыя людзі распісваюцца, а пасля садзяць дрэва і ўмацоўваюць ля яго шыльдачку з інфармацыяй пра тое, калі і хто гэтае дрэва пасадзіў. Мерапрыемства — тэатралізаванае, і, натуральна, паслуга гэтая— платная. Думалі спярша, што  нічога не атрымаецца,  сума ж платы— не малая. Аднак нядаўна  заехаў у Заводскі раён, а там ужо ладная дзялянка засаджана дрэвамі, і чарга на паслугу— на паўгода наперад, трапіць у якую вельмі складана.  

Алена САЛАГУБАВА:

 — Абавязкова возьмем ідэю на ўзбраенне. Мы ў раёне прарэкламавалі,што будзем адкрываць школу па навучанні дарослых класічным вальсу, танга. У нас добра працуе фітнесклуб, адкрылі таксама падрыхтоўчы клас па паступленні ў школу харэаграфіі для дзяцей 4 — 6 гадоў.

Эдуард БАГДАНОВІЧ:

— А чаму не задзейнічаны шматлікія фальклорныя калектывы ў тых жа вясельных абрадах, у раённых мерапрыемствах? Гэта таксама прынесла б неблагую “капейчыну” ў план платных паслуг. Да таго ж, лічу, што культработнікам Пухавіччыны трэба больш цесна працаваць з усімі аддзеламі райвыканкама: ідэалагічным, спорту і турызму, па справах моладзі, з тым жа аддзелам ЗАГС…

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 — Рэзерваў для развіцця пазабюджэтнай дзейнасці, напэўна, яшчэ багата?

Эдуард БАГДАНОВІЧ:

— Безумоўна. Мы павінны ўзяць пад кантроль усю культурнамасавую работу: юбілеі прадпрыемстваў, працу з установамі адукацыі… Шмат тут робіцца, але шмат у гэтым накірунку можна зрабіць яшчэ.  Трэба не “сядзець у акопе”, а “ісці ў атаку”— тады і атрымаем запоўненыя залы ў дамах культуры, а глядач заўсёды будзе задаволены…  

Яўген СУШКО:

— Менавіта з гэтай нагоды наш аддзел распрацаваў план павелічэння пазабюджэтных даходаў. Згодна з ім мы павінны сёлета зарабіць 578 мільёнаў рублёў. З іх паслугі культуры— 377 мільёнаў. А ў мінулым годзе было 311 мільёнаў рублёў… Таму мы расклалі сёлетнюю суму па відах дзейнасці: правядзенне дыскатэк, паказ тэатральных прадстаўленняў, арганізацыя канцэртных праграм…  

Эдуард БАГДАНОВІЧ:

— Гэта так званая пакрокавая стратэгія…   

Яўген СУШКО:

— Так. Таму нічога не засталося паза ўвагай. Напрыклад, летась завершана першая чарга рамонту Мар’інагорскай школы мастацтваў, будынка былога гарнізоннага Дома афіцэраў. Там працуюць тры калектывы са званнем “узорны”. Ім таксама даведзена заданне штомесячна, штоквартальна зарабляць грошы. Летась мы выдаткавалі каля 150 мільёнаў на набыццё музычных інструментаў. З іх 102 пайшло са спецрахунку аддзела культуры. Г эта больш за ўсіх у вобласці.

Эдуард БАГДАНОВІЧ:

— Менавіта такую задачу ставіць абласное ўпраўленне культуры: набываць неабходнае абсталяванне за ўласна заробленыя грошы. Бібліятэкары зарабілі ў мінулым годзе ледзь не 14 мільёнаў рублёў, таму могуць купіць самастойна два камп’ютэры…

Ганна ЛАБАСТАВА:

— У сістэме ЦБС, канешне, малавата камп’ютэраў: усяго дзесяць. Сёлета плануем набыць яшчэ два ў бібліятэкі аграгарадкоў.

Эдуард БАГДАНОВІЧ:

— Трэба больш увагі надаваць камп’ютэрызацыі бібліятэк раёна. 10 камп’ютэраў на ўсю бібліятэчную сістэму— вельмі мала. Абавязкова выпраўце праблемную сітуацыю.

Яўген СУШКО:

— Усяго па аддзеле культуры— 38 камп’ютэраў. Чатыры прыдбалі ў мінулым годзе.  

Аляксандр ПРАНОВІЧ:

— А ў музеі — чатыры адзінкі камп’ютэрнай тэхнікі. І за кошт спонсараў набылі ксеракс. З заробленых грошай патрацілі больш за мільён, каб прывесці да ладу знешні выгляд музейнага будынка ў Блоні, які быў пабудаваны яшчэ ў 1895 годзе. Мы не чакаем, што выдаткуюць грошы з бюджэту. Нам патрэбна сёлета зарабляць штомесяц па 662 тысячы. Давайце параўнаем: план Мінскага абласнога краязнаўчага музея  — прыкладна 10 мільёнаў рублёў, у нас — каля 8 мільёнаў. Не так проста “здабыць” такую суму, бо нашы асноўныя наведвальнікі — вучні. Таму ладзім музейныя ўрокі, сустрэчы, ездзім у аддаленыя школы, — зарабляем такім чынам грошы.

Эдуард БАГДАНОВІЧ:

— На Міншчыне налічваецца каля трох з паловай тысяч аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Мы павінны іх падтрымліваць, рэстаўраваць. Але не ўсё тут гладка. У Рэспубліканскую інвестыцыйную праграму ўключаны толькі два аб’екты: Палацава-паркавы ансамбль Радзівілаў у Нясвіжы і Свята-Уваскрасенскі кафедральны сабор у Барысаве.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

— Што робіцца ў накірунку рэстаўрацыі і захавання гісторыка-культурнай спадчыны на Пухавіччыне?

Яўген СУШКО:

— У нас— 238 помнікаў, з іх у Дзяржаўным спісе гісторыкакультурных каштоўнасцей— 26. Усе яны, згодна з пастановай райвыканкама, замацаваны за мясцовымі Саветамі.    

Ганна ЛАБАСТАВА:

— У сувязі з сёлетнім святкаваннем 65-годдзя Вялікай Перамогі наша цэнтральная раённая бібліятэка запланавала стварыць электронны мультымедыйны праект “Памяць зямлі — памяць людзей”. Гэта будзе віртуальная экскурсія  з“наведваннем” усіх помнікаў, якая распавядзе пра гераічныя і трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны на Пухавіцкай зямлі.  

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

— А ці вядзецца такая праца ў раённым музеі? Бо краязнаўчая “дзялянка”— гэта, хутчэй за ўсё, прэрагатыва музейных супрацоўнікаў… Пісаў пра гэта ў артыкуле пра іншы рэгіён Міншчыны— Чэрвеньскі…

Аляксандр ПРАНОВІЧ:

— Безумоўна. Ужо створаны фільм “Дзеці вайны”, цяпер ідзе праца над стварэннем стужкі пра вязняў, якіх вывозілі ў Германію. Гэткая інтэрактыўная форма падачы матэрыялу карыстаецца вялікім поспехам у школьнікаў, бо дзеці візуальна лепш успрымаюць інфармацыю...

Эдуард БАГДАНОВІЧ:

— Праца па святкаванні 65-годдзя Перамогі ў раёне павінна быць пастаўлена на самым высокім узроўні. Мы павінны не забыць нікога, прайсці ўсюды, пачынаючы ад дзіцячага садка і заканчваючы жыхарамі ў аддаленых вёсках. Асаблівая ўвага— ветэранам вайны. Трэба звярнуцца да кожнага з іх: можа, ім дарэчы будзе наша дапамога? І абавязкова дапамагчы. Неабходна актывізаваць работу з пошукавымі групамі, прадоўжыць працу па вяртанні забытых імёнаў падпольшчыкаў, партызанаў... Варта ўжо сёння спланаваць, якія мерапрыемствы, канцэртныя праграмы будуць праведзены ў святочныя майскія дні…  

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

— Ведаю, што ў вас здадзена 16 аграгарадкоў, адрамантавана вялікая колькасць аб’ектаў культуры на сяле. Давайце закранём і вось якое пытанне: ці адбыліся змены пасля таго, як клуб ці сельскі Дом культуры палепшылі сваю матэрыяльна-тэхнічную базу, ці ёсць аддача ад іх?

Яўген СУШКО:

— У аграгарадках адрамантаваны 31 аб’ект  культуры. І адразу пасля гэтага павялічылася колькасць удзельнікаў у клубных фарміраваннях (было звыш трох тысяч, стала больш за чатыры тысячы), пабольшала, безумоўна, і гурткоў. Пасля здачы аграгарадкоў многія былыя сельскія клубы сталі сельскімі дамамі культуры, напрыклад, Бораўскі СДК. А Дубраўскі СДК зрабіўся сельскім Цэнтрам культуры, бо там адкрыліся класы ад школы мастацтваў…  

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

— Галоўнае, каб пасля змены шыльды змяніўся і змест працы… Узнімаў і гэту тэму, калі наведваў Воранаўскі раён, што на Гродзеншчыне.

Яўген СУШКО:

— Канешне. Таму там у штатны расклад дадаткова ўведзены адзінкі рэжысёра, хормайстра, дзеці займаюцца па чатырох спецыяльнасцях: гітара, баян, фартэпіяна і харэаграфія.   

Эдуард БАГДАНОВІЧ:

— Я ведаю, што ў вас — сем ДШМ і на іх базе вельмі актыўна ствараюцца філіялы ў сельскіх дамах культуры…

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

— Колькі такіх філіялаў?

Яўген СУШКО:

— У дзевяці аграгарадках з шаснаццаці.

Ганна ЛАБАСТАВА:

— Калі казаць пра новыя тыпы ўстаноў, дык у нас чатыры бібліятэкі пераўтвораны ў бібліятэкіклубы.  

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

— А як гэта ўспрымаюць самі бібліятэкары? Ці не цяжка ім, асабліва супрацоўнікам сталага веку, сумяшчаць абавязкі і бібліятэкара, і клубніка? Сутыкаўся з такой праблемай пад час камандзіроўкі у Карэліцкі раён, што на Гродзеншчыне…

Яўген СУШКО:

— Усё, натуральна, залежыць ад прафесіяналізму культасветнікаў. Слабад ская бібліятэкаклуб раней была сельскім Домам культуры. Там працуе пенсіянерка, дэпутат сельскага Савета, дык яна дасць фору нават маладым!  

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

— А як вы лічыце, ці перспектыўныя для рэгіёна бібліятэкіклубы? Ці варта працягваць стварэнне такіх тыпаў устаноў на Пухавіччыне?

Яўген СУШКО:

— Я, напэўна, не сказаў бы, перспектыўна гэта ці не. Гэта аб’ектыўны працэс, неабходнасць якога нам дыктуе час.  

Эдуард БАГДАНОВІЧ:

— Зразумела, што нават маленькая вёска на 20 — 30 двароў не павінна быць пакінута паза ўвагай аддзела культуры. Мы ж дзяржаўныя людзі! Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка пастаянна падкрэслівае: колькі б ні жыло ў той або іншай вёсцы людзей— яны нашы, і для іх мы заўсёды будзем працаваць з самай поўнай аддачай. Таму ў такіх паселішчах павінна быць прадстаўлена і клубная работа, і бібліятэчная.   

Яўген СУШКО:

— Сваю ролю адыгрывае і дэмаграфічная сітуацыя ў раёне… І яшчэ адно: калі ў іншых рэгіёнах скарачалася сетка ўстаноў культуры, дык у нас у раёне цягам гадоў пятнаццаці не закрываліся ні бібліятэкі, ні клубы. Удалося амаль цалкам захаваць тую сетку ўстаноў культуры, якая была раней.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

— Задаў сваё пытанне пра новыя тыпы ўстаноў нездарма. Бо яшчэ адзін перспектыўны накірунак работы на сяле— развіццё мабільнага абслугоўвання жыхароў. А ці ёсць у раёне аўтабібліятэка, аўтаклуб? Наколькі  ведаю, на Пухавіччыне— каля 300 населеных пунктаў, і таму перасоўныя ўстановы культуры былі б вельмі дарэчы для жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак…

Яўген СУШКО:

— На жаль, бібліобуса пакуль што не маем, хоць ён вельмі патрэбны. Плануем сёлета набыць. І нават калі не атрымаецца гэта зрабіць (гэта ж машыны замежнай вытворчасці), дык пераабсталюем адну з  “газелей”, якія ёсць у аддзеле культуры. Адна ўжо сёння працуе ў якасці аўтаклуба,  другая будзе выконваць функцыі бібліобуса, а трэцюю  мы нядаўна перадалі ў раённы краязнаўчы музей, каб вывозіць экспазіцыі на раён.  

Ганна ЛАБАСТАВА:

— Аўтабібліятэка вельмі патрэбна.  Нават у зоне абслугоўвання звычайнай сельскай бібліятэкі прыкладна 10 вёсак. У такую марозную зіму, як была сёлета, не данясеш  кнігі за 10 ды нават і за 3 кіламетры. Таму, безумоўна,  мабільная ўстанова культуры будзе надзвычай запатрабаваная. Прыезд аўтабібліятэкідля вяскоўцаў — сапраўдная падзея і доказ таго, што пра іх раённыя ўлады не забываюць.

Яўген СУШКО:

— На святы вёсак заўсёды выязджае аўтаклуб і будзе выязджаць бібліобус.  Гэта ж і дадатковая крыніца пазабюджэтных  даходаў.

Эдуард БАГДАНОВІЧ:

— Звярнуся вось да якой тэмы. Кожны рэгіён Міншчыны павінен мець свой брэнд. У Пухавічах гэта— абласны фестываль “Напеў зямлі роднай”, дзе старшынёй журы— Ігар Лучанок...  А што яшчэ брэндавага вы можаце прапанаваць жыхарам горада і раёна?

Алена САЛАГУБАВА:

— Пакуль знаходзімся ў пошуку. Пачыналі фестываль “Саламяныя дзівосы”. Вельмі добрай была ідэя, арганізацыя, і гэты форум аказаўся запатрабаваным на Міншчыне. Увогуле, у нас стартавала многа фестываляў. І яны пайшлі “гуляць” па Міншчыне. Але мы, безумоўна, не крыўдуем. Наадварот, прыемна, што нашы канцэпцыі, наш крэатыў узяты на ўзбраенне ў вобласці… Канешне, хочацца знайсці нешта яркае, адметнае, каб адразу зразумелі, што гэта— Пухавічы. У нас, да прыкладу, праводзіцца раённы фестываль “Траецкі фэст”, куды мы запрашаем гасцей і з іншых рэгіёнаў Міншчыны. Ладзім яго на Троіцу... Летась адбыўся і Фестываль авангарднай моды (першы раз мы яго ладзілі ў 2007-м). Мяркуем зрабіць яго традыцыйным і штогадовым, бо моладзь вельмі добра ўспрымае такую нестандартную для рэгіёна дзею.  

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

— Папярэдняя райвыканкамаўская “лятучка” з “К” ладзілася ў Буда-Кашалёўскім раёне. Тамтэйшы начальнік аддзела культуры скардзіўся: маўляў, кантроль за будаўнічымі работамі замінае творчай дзейнасці. На што старшыня райвыканкама Аляксандр Грыгарэнка парыраваў: у наш час трэба дбаць і пра сцены, і пра душы. Я ведаю, у Пухавіцкім аддзеле культуры ёсць гаспадарчая група, якая менавіта і клапоціцца “пра сцены”...

Яўген СУШКО:

— Гаспадарчая група пры аддзеле культуры дзейнічае ўжо гады чатыры. На нашым балансе — 56 будынкаў. Летась у 12 установах культуры мы зрабілі рамонт менавіта сіламі гаспадарчай групы. У нас тры рабочыя: два тынкоўшчыкі-маляры і адзін падсобны. Самастойна рамантуем светлавую і гукавую апаратуру.

Эдуард БАГДАНОВІЧ:

 — Тут яшчэ вось якая праблема: невялікі заробак у гэтых спецыялістаў— прыкладна пад 300 тысяч. А на будоўлі цяпер зарабляюць нашмат болей…

Яўген СУШКО:

— Мы нейкім чынам выходзім з сітуацыі: даплачваем, прэміруем, уводзім надбаўкі. Напрыклад, у Навасёлкаўскім СДК глядзельную залу адрамантавалі за два з паловай мільёны рублёў. А калі  плацілі б будаўнічай арганізацыі, дык патрацілі б мільёнаў пад 60. Таму я лічу, што было б добра, каб звярнулі ўвагу пры фарміраванні заробкаў на аклады супрацоўнікаў гаспадарчых груп. Бо такім чынам зберагаецца, калі глядзець шырока, вялікая колькасць дзяржаўных грошай.  

Ганна ЛАБАСТАВА:

— У нас чытальную залу раённай бібліятэкі гаспадарчая група адрамантавала за 600 тысяч рублёў.

Алена САЛАГУБАВА:

— Невялікія аклады і ў гаспадарчай групе, не могуць пахваліцца заробкамі і нашы маладыя спецыялісты. Да мяне, да прыкладу, прыходзіць культарганізатар з вышэйшай адукацыяй, а ў яго аклад— 234 тысячы! Усё ж неабходна нейкая дыферэнцыяцыя ў аплаце.   

Эдуард БАГДАНОВІЧ:

— Гэта аклад, а заробак, зразумела, больш высокі: існуюць надбаўкі, прэміі. З вашай прапановай дыферэнцыяцыі ў аплаце я цалкам згодны. Напрыклад, узяў чалавек самадзейны калектыў — адзін заробак атрымаў, стварыў народны калектыў — атрымаў другі, пастараўся, каб калектыў стаў заслужаным — трэці. Тады чалавек будзе імкнуцца працаваць творча, у яго будзе стымул для развіцця.   

Алена САЛАГУБАВА:

— Рэжысёры, якія праводзяць вясковыя ці раённыя святы, займаюцца вялікай працай, а зарабляюць мала: аклады і ў іх не самыя высокія.

Эдуард БАГДАНОВІЧ:

— Шмат тут залежыць ад раённага кіраўніцтва: можна стымуляваць работнікаў грашовымі прэміямі, заахвочваць...  

Алена САЛАГУБАВА:

— Гэткая ж праблема і з нязменнасцю штатных раскладаў у дамах культуры.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

— “К” не першы раз ўзнімае гэтую тэму.

Алена САЛАГУБАВА:

— У мяне ёсць гукарэжысёр, гукааператар. А ў штатным раскладзе такая адзінка адсутнічае.  

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

— А з кадрамі ў раёне, улічваючы фактар блізкасці да сталіцы, асаблівых праблем, відаць, няма?

Таццяна БАРДЗІЕР:

 — У нас працуе сістэма “вырошчвання” сваіх кадраў. У навучальных установах галіны культуры на сёння 96 нашых студэнтаў вучыцца.  

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

— Гэта мэтавікі?

Таццяна БАРДЗІЕР:

— Не, проста ўраджэнцы раёна. У 2009 годзе ў навучальныя ўстановы культуры ў нас паступілі 14 чалавек. Мы сочым за імі. Яны прыязджаюць да нас на практыку, мы ведаем кожнага цудоўна, таму і не дзіва, што маем шмат маладых спецыялістаў. Ужо цяпер думаем, у якую навучальную ўстанову раёна або клуб, бібліятэку пойдуць працаваць нашы выпускнікі.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

— А колькі чалавек да вас прыйдзе сёлета?

Таццяна БАРДЗІЕР:

— У гэтым годзе чакаем 10 чалавек, летась было 12. Больш за тое: у нас ёсць прыклады, калі з Мінска кадры прыязджаюць і працуюць. Напрыклад, у Заазерскайшколе мастацтваў ёсць педагог па класе цымбалаў Ірына Лінская. Яна прыязджае туды з Мінска. У Цітвянскім сельскім доме культуры працуе мастацкім кіраўніком Вольга Кандраценя, чалавек з вышэйшай адукацыяй. Таксама ездзіла з Мінска, а цяпер пераехала ў вёску канчаткова. Пухавіччына— зямля прыцягальная…

Эдуард БАГДАНОВІЧ:

 — Цалкам пагаджаюся. Але падкрэслю, што бягучы год абвешчаны дзяржавай Годам якасці. Менавіта яна была, ёсць і будзе галоўным крытэрыем у штодзённай ацэнцы нашай працы. Маю на ўвазе і творчасць, і абнаўленне матэрыяльнай базы, і рост пазабюджэтных даходаў. Тая ж камп’ютэрызацыя бібліятэк Пухавіцкага раёна— надзённая патрэба на сёння. Таму прад’яўляць якасна новыя патрабаванні да сябе як культработнікаў, да ўсяго, чым мы займаемся, — значыць выходзіць на якасна новы ўзровень працы.   

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ,  наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск — Пухавічы — Мінск

Фота аўтара

 

 

 Народ пытаецца і прапануе

Камп’ютэраў мала, таму і чарга

Наша традыцыйнае ўжо сацапытанне. Гэтым разам яно прысвечана праблемам культурнай сферы Пухавіччыны.

Будаўнік Андрэй, 26 гадоў:

 — Малавата камп’ютэраў у цэнтральнай бібліятэцы. Не, можна “паблукаць” у Інтэрнеце, раздрукаваць інфармацыю, але іншым разам даводзіцца доўга чакаць сваёй чаргі.

Уладзімір, старшакласнік:

— Калі ўжо канчаткова завершаць рамонт былога Дома афіцэраў? Частку зрабілі, а яшчэ палова будынка з вялікай залай будзе рамантавацца. Напэўна, з гэтым крызісам так і будзе стаяць будынак: з аднаго боку прыгожы, а з другога — аніякі.

Вольга, жыхарка аграгарадка “Шацк”:

 — У нас аграгарадок як быццам, а ў бібліятэцы дасюль няма камп’ютэрнай тэхнікі! А яна, ведаю, павінна быць. Даводзіцца ездзіць у горад, калі трэба што раздрукаваць. Прыкра…

 

Як зэканоміць мільёны?

Скарбонка вопыту

З 2006 года пры аддзеле культуры Пухавіцкага райвыканкама дзейнічае гаспадарчая група. Пра неабходнасць яе стварэння задумаліся тут у 2005-м, калі на баланс аддзела  быў перададзены шэраг аб’ектаў культуры, якія патрабавалі неадкладнага рамонту.

 Спачатку “будаўнічая брыгада культуры” складалася з пяці чалавек, а на сёння мае ў штаце дзесяць. Узначаліла групу Кацярына Саплюнова, якая працавала дагэтуль у перасоўнай механізаванай калоне.  Акрамя яе ў будаўнічую групу  ўваходзяць інжынер-энергетык, інжынер-будаўнік, інжынер па тэхніцы бяспекі,  чатыры рабочыя, мастак-афарміцель, юрысконсульт і сакратар-машыніст.  Пагадзіцеся,штат больш чым салідны. Ды і вынік вытворчай дзейнасці фарміравання —  гэткі ж.

— Цякучкі кадраў у нас няма, — ганарыцца Кацярына Арсенцьеўна. — Гэта наўпрост сведчыць пра тое, што рабочых задавальняюць і праца, і заробак.

Асноўны абавязак гаспадарчай групы— аддзелачныя работы на аб’ектах культуры раёна: рабочыя цягам года займаюцца тынкоўкай, шпатлёўкай, афарбоўкай,  рамантуюць падлогі, вокны. Ёсць у іх і спецыяльная, прызначаная толькі для гаспадарчай групы, грузавая “газель”, якая дастаўляе рабочых і неабходныя будматэрыялы да месца працы.

 Група зберагла для аддзела культуры нямала грошай. Напрыклад, летась давяла да ладу Турынскую сельскую бібліятэку: рамонт быў зроблены ў двух пакоях,  прыкладна на мільён рублёў. Мільёны тры пайшло на аддзелачныя работы ў Блонскім  СДК. Як лічыць начальнік аддзела культуры Пухавіцкага райвыканкама Яўген Сушко, толькі на гэтых двух аб’ектах зэканомлена прыкладна 65 мільёнаў рублёў, якія пры адсутнасці вытворчай структуры аддзела культуры давялося б выплаціць пабочным будаўнічым арганізацыям. На жаль, да такіх арганізацый звяртаюцца пакуль у шэрагу рэгіёнаў рэспублікі  (мусіць, каб мець менш клопату).  А, між тым, час эканоміі, якасці  і крэатыву літаральна падштурхоўвае да стварэння гаспадарчых груп пры кожным райаддзеле культуры. За “вызваленыя” такім чынам па ўсёй краіне мільярдныя сродкі можна будзе ўзняць матэрыяльную базу сферы на адпаведную вышыню.

 

 

Мільярд і 125 педагогаў

Пухавіцкая дзіцячая школа мастацтваў летась адзначыла 50-годдзе. Тут працуюць 125 выкладчыкаў і навучаюцца 420 вучняў, яшчэ прыкладна 60 — на падрыхтоўчым аддзяленні. З 2006-га ў былым Мар’інагорскім гарнізонным доме афіцэраў вяліся рамонтныя работы, каб з цягам часу “прапісаць” тут выкладчыкаў і вучняў школы мастацтваў. Да гэтага школа месцілася адначасова ў трох гарадскіх будынках.

На рамонт былога Дома афіцэраў з абласнога і раённага бюджэтаў было выдаткавана і асвоена больш за мільярд рублёў. Сёлета здалі першую чаргу  доўгачаканага аб’екта— сапраўдны падарунак да юбілею ад абласных і раённых улад. З гэтага навучальнага года ў звыш 20 адрамантаваных класах займаецца большасць вучняў  школы мастацтваў— 340 чалавек. А прыкладна 80 навучэнцаў яшчэ чакаюць  пераезду— ходзяць на заняткі ў адзін са старых будынкаў школы, яшчэ даваеннай пары.   

— Нам бы адрамантаваць глядзельную залу на 600 месцаў,— кажа дырэктар  школы Алена Гурская, — ды зрабіць яшчэ дзесятак вучнёўскіх кабінетаў. Тады ўся  наша школа будзе месціцца ў адным будынку, што паспрыяе, натуральна,  і выкананню плана платных паслуг.

Дарэчы, летась школа зарабіла 83 мільёны рублёў. А магла б, пры лепшай матэрыяльнай базе, зарабіць болей. Як мяркуе намеснік начальніка ўпраўлення  культуры Мінскага аблвыканкама Эдуард Багдановіч, на далейшы рамонт установы пойдзе з абласнога бюджэту не менш за мільярд рублёў. Другая чарга рамонтных работ распачнецца сёлета.