Да “М.@rt”а засталося...

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

21 — 27 сакавіка Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rtкантакт” пройдзе ўжо пяты раз.

Век гэты пакуль мо і не самы дарослы. Ды “дзіця-вундэркінд”, якое нарадзілася ў сценах Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, не толькі ўпэўнена стаіць на нагах, але і прамаўляе тое, чым уражвае нават сталічных крытыкаў і прымушае гледачоў задумацца. Прычым тэатральнай мовай і, зразумела, на тэму самаідэнтыфікацыі моладзі.   

— Гэта вельмі значная падзея ў культурным жыцці Магілёва і вобласці ў цэлым, гэта прадмет гонару жыхароў краю,— заўважыў карэспандэнту “К” начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец.— Галоўныя яе якасці— арыгінальны фармат, актуальнасць і запатрабаванасць публікай.  

Міжнародны статус фэсту сёлета апраўдвае ўдзел тэатраў з пяці краін: Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы і Малдовы. Многія госці прыедуць у Магілёў упершыню, але будуць і тыя, чые спектаклі ўжо запомніліся і палюбіліся тамтэйшай публіцы: гэта і кішынёўскі Муніцыпальны маладзёжны драмтэатр “З вуліцы руж”, і Арлоўскі дзяржаўны тэатр для дзяцей і моладзі “Вольная прастора”…  

Прадстаўнічае міжнароднае журы павінна не толькі вызначыць пераможцаў у трох намінацыях (“Гранпры”, “Лепшы малады акцёр” і “Лепшая маладая актрыса”), але і прапанаваць дзве свае намінацыі, якія будуць  сфармуляваны спецыяльна “пад пераможцаў”. Як запэўніваюць арганізатары, з “пустымі рукамі” ніхто з удзельнікаў “М.@rtкантакту” Магілёў не пакіне: кожны з тэатральных калектываў атрымае унікальны напамін пра сакавіцкі форум— памятны прыз “Тэатральная маска”, створаны скульптарам Сяргеем Сотнікавым.

Праграма фестывалю прадугледжвае не толькі паказ 14 спектакляў, але і нямала  дадатковых мерапрыемстваў. Сярод іх — традыцыйныя абмеркаванні і “круглы стол” “Сучасная беларуская драматургія. Праблемы сцэнічнасці. Пошукі і перспектывы”. У тэатральным фэсце здолеюць паўдзельнічаць таксама і маладыя мастакі ды фатографы: у праграме пазначаны дзве выстаўкі. Гасцінныя арганізатары ўдала выкарыстоўваюць “міжнароднасць” імпрэзы для развіцця тэатральнага мастацтва ў родных пенатах. Запрошаныя госці ахвотна пагадзіліся даць майстар-класы. Некаторыя з гэтых “экспрэскурсаў павышэння кваліфікацыі” пройдуць непасрэдна на пляцоўках народных тэатраў, у тым ліку і ў райцэнтрах.

Да фэсту застаўся яшчэ цэлы месяц, але публіка яго ўжо чакае. Пра гэта сведчыць і попыт на білеты, і меркаванні на прысвечаным падзеі інтэрнет-форуме.  Як распавёў Анатоль Сінкавец, сярод моладзі Магілёва не так даўно было праведзена апытанне, датычнае “М.@rtкантакту”. 90% рэспандэнтаў выказаліся пра фэст станоўча.

— Нас заўсёды вельмі цікавяць водгукі глядацкай аўдыторыі на гэты форум, — адзначыў Анатоль Сінкавец.— І вельмі радуе, калі сталыя людзі кажуць, што ўбачаныя спектаклі дазваляюць больш глыбока зразумець праблемы маладога пакалення. Прычым не толькі правесці іх “дыягностыку”, але таксама і знайсці шляхі вырашэння.

 Ілля СВІРЫН